7 траўня 2024, aўторак, 15:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі настаўнік: Я сказала Лукашэнку «Хопіць хлусіць!»

82
Беларускі настаўнік: Я сказала Лукашэнку «Хопіць хлусіць!»

Настаўнікі не вераць абяцанням беларускага кіраўніка.

Кіраўнік даручыў ураду, аблвыканкамам і Менгарвыканкаму адшукаць магчымасці і істотна павысіць заработную плату педагогам школ і работнікам дзіцячых садкоў, піша praca-by.info.

Ці вераць настаўнікі абяцанням Лукашэнкі?

- Настаўнікаў крыўдзіць нельга. Яны складаюць адну з самых актыўных частак грамадства, галоўную апору ўлады на месцах, - словы Лукашэнкі на нарадзе па ўдасканаленні сістэмы і працы па прыёме ў ВНУ і ССНУ цытуе яго прэс-служба.

Педагог з Менскай вобласці Ганна Аляксееўна аб павышэнні зарплаты пачула ў навінах.

- Я злавіла сябе на тым, што спрачаюся з Лукашэнкам у тэлевізары. Сказала яму: «Хопіць хлусіць!». Добра, дома нікога не было, інакш мае родныя вырашылі б, што я з'ехала з глузду...

Ведаеце, калі нам у чарговы раз абяцаюць падняць зарплату, а разам з ёй і прэстыж прафесіі, мне хочацца плакаць. У нас жа як, дададуць 200 тысяч, а забяруць 400. На «Настаўніцкую газету» добраахвотна-прымусова прапануюць падпісацца, астатняе інфляцыя з'есць.

Суразмоўніца кажа, што ў гэтым годзе павышэння зарплаты не адчула.

- З гэтага навучальнага года стаўка павысілася з 18 да 20 гадзін, - нагадвае настаўніца. - Гэта значыць працаваць мы сталі больш, але на ўзроўні жыцця педагогаў гэта не адбілася.

У Ганны Аляксееўны амаль трыццаць гадоў стажу. Яна працуе на паўтары стаўкі за 4,5 мільёна рублёў. У яе маладых калегаў пасля інстытута зарплата крыху больш 2-х мільёнаў. На думку Ганны Аляксееўны, зарплата настаўніка павінна быць не менш за 8 мільёнаў, «каб можна было купіць сабе сукенку з палучкі і на адпачынак адкласці».

- Калі б не рэпетытарства, я не змагла б летам ездзіць у Крым, - прызнаецца яна. - Праўда, на прыватныя ўрокі з маёй загрузкай ў школе часу застаецца мала. Я б з радасцю працавала на стаўку, але няма каму замяніць: маладыя настаўнікі пасля размеркавання сыходзяць - хто ў дэкрэт, а хтосьці знаходзіць больш высокааплатную працу.

Выкладчык фізкультуры ў дзіцячым садку Ксенія марыць аб зарплаце хаця б у 500 даляраў.

- На гэтыя грошы можна было б працягнуць месяц. А 2,2 мільёна, якія я зарабляю сёння, - гэта здзек, - лічыць яна. - Мне іх хапае толькі на дзіця. Калі б да нас на працу не прыходзілі «карабейнікі», якія прадаюць тавары на вексаль і ў растэрміноўку, наўрад ці многія мае калегі змаглі б набываць сабе вопратку.

У апошні раз зарплата Ксеніі павялічылася ў лютым - на 15% ад зыходнай стаўкі, або на 157 тысяч.

- Гэтая сума не перакрые павышэння аплаты за харчаванне ў дзіцячым садку і за студыю, у якой займаецца мая дачка, - дзеліцца Ксенія.

Педагог упэўненая: нават калі ў бюджэце знойдуцца сродкі на тое, каб павысіць аплату працы работнікаў дзіцячых садкоў, яе кіраўніцтва знойдзе любую магчымасць скараціць зарплату.

Ксенія працуе фактычна на паўтары стаўкі, а плацяць ёй толькі за адну:

- Кожны год у мяне павялічваецца колькасць заняткаў, але начальства тлумачыць, што пакладзеная толькі адна стаўка настаўніка фізкультуры на садок. У прафсаюзе гэтую праблему падымаць бескарысна: ён нічога не вырашае. Больш за тое, мае калегі баяцца тэлефанаваць у бухгалтэрыю і задаваць пытанне аб разліковых. Яны ведаюць, што гэта выкліча істэрыку загадчыцы, якая палічыць, што працаўнікі не давяраюць начальству.

Напісаць каментар 82

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках