4 траўня 2024, Субота, 0:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы святкуюць Дзень Волі

29
Беларусы святкуюць Дзень Волі

25 сакавіка 1918 года была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка.

У гэты дзень Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла ў Менску Трэцюю Устаўную грамату, у якой абвяшчалася поўная незалежнасць краіны. Упершыню ў гісторыі ў нашага народа з'явілася магчымасць стварыць уласную дзяржаву.

Ля вытокаў БНР стаялі маладыя беларусы - Язэп Варанко, Кастусь Езавітаў, Іван Серада - прадстаўнікі пакалення, выхаванага на ідэях нацыянальнага адраджэння, якое пачалося ў Беларусі ў першыя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя. Усе яны звязвалі надзею на здабыццё волі з Першай сусветнай вайной і Лютаўскай рэвалюцыяй у Расеі.

Магчымасць яе рэалізацыі з'явілася пасля зрыву перамоваў паміж бальшавікамі і Германіяй у Брэсце ў самым пачатку 1918 года. Тады савецкія органы ўлады, якія ўсімі сіламі перашкаджалі дзейнасці беларускіх патрыётаў, былі вымушаныя пакінуць Менск і іншыя буйныя гарады краіны і ўцячы ў Смаленск.

У гэтай сітуацыі 21 лютага выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з'езда абвясціў сябе часовай уладай на тэрыторыі краіны. У бліжэйшы час было вырашана склікаць устаноўчы сход, які павінен быў стаць першай спробай беларусаў на дэмакратычнай аснове вырашыць свой далейшы лёс. Да гэтага функцыі новай улады былі перададзеныя часоваму ўраду - Народнаму сакратарыяту, кіраўніком якога стаў адзін з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады Язэп Варанко.

Праз некалькі тыдняў Беларусь была абвешчаная народнай рэспублікай. Урад пераўтварылі ў Раду БНР, якую ўзначаліў прадстаўнік БСГ Іван Серада.

25 сакавіка Рада абвясціла поўную незалежнасць БНР. Сімваламі новай дзяржавы сталі герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг.

Урад БНР прыкладаў шмат намаганняў для арганізацыі нацыянальных інстытутаў. Была прынятая пастанова аб дзяржаўным статусе беларускай мовы, адкрываліся беларускія школы і гімназіі, культурна-асветніцкія таварыствы і тэатры, працавалі выдавецтвы, выходзілі беларускія газеты, вялася праца па адкрыцці ў Менску нацыянальнага ўніверсітэта.

Незалежнасць нашай краіны прызналі шэраг еўрапейскіх дзяржаў.

Рада БНР абапіралася на беларускія рады, якія працавалі ў Магілёве, Гродне, Ваўкавыску, Слуцку і дзесятках іншых гарадоў. Яны адразу ж прыступілі да наладжвання работы органаў новай улады на месцах.

Германія і Савецкая Расея не прызналі БНР, як не прызнавалі і права на самавызначэнне іншых народаў, якія жылі на іх тэрыторыі. Тым не менш, бальшавікі лічылі яе сапраўднай дзяржавай. У рашэнні свайго цэнтральнага камітэта яны пісалі, што «трэба дамагчыся, каб паўнамоцтвы ўрада БНР былі перададзеныя ўраду БССР».

У сілу складанага ваенна-палітычнага становішча Рада БНР не змагла рэалізаваць ідэю дзяржаўнага суверэнітэту краіны. За кароткі тэрмін не атрымалася паспець сфармаваць войска і супрацьпаставіць наступу бальшавікоў з усходу і палякаў з захаду. Але савецкія ўлады бачылі, якой папулярнасцю карысталася ідэя дзяржаўнасці ў беларусаў. Таму 1 студзеня 1919 года ў Смаленску была абвешчаная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь практычна ў тых жа межах, якія былі акрэсленыя ў статутных граматах БНР. Неўзабаве часткі Чырвонай Арміі занялі Менск і туды пераехаў урад савецкай Беларусі. Рада БНР была вымушаная эміграваць.

Абвяшчэнне БНР мела і іншыя наступствы, акрамя вымушанага абвяшчэння бальшавікамі ССРБ. Мясцовыя беларускія ўлады паспелі стварыць структуры, якія на працягу дзесяцігоддзя вялі партызанскую барацьбу з камуністамі. Часта яна прымала пагрозлівыя для савецкіх уладаў формы - прыкладам гэтаму быў і «Слуцкi збройны чын» і шырокая падтрымка беларусамі паходу генерала Булак-Балаховіча на Палессі. І самае галоўнае, упершыню за дзесяткі гадоў яна стала прыкладам таго, што беларусы маглі дамагчыся пастаўленых мэтаў, бо яшчэ за год да падзей 25 сакавіка 1918 года вельмі мала хто мог уявіць, што ў беларусаў, хай нават на кароткі час, з'явіцца свой урад і свая дзяржава.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках