4 траўня 2024, Субота, 6:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзень беларускай Волі ў Варшаве

Дзень беларускай Волі ў Варшаве

У Беларускім доме ў Варшаве прайшло святкаванне Дня Волі - гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

У прыёме ўзялі ўдзел актывісты беларускіх арганізацый за мяжой, былыя палітычныя зняволеныя, удзельнікі адукацыйнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага, паведамляе карэспандэнт charter97.org.

«Зараз вельмі складаная сітуацыя для Беларусі, для Украіны, іншых краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Але адначасова для ўсіх нас з'явіўся шанец змяніць сітуацыю на карысць дэмакратыі і скончыць з дыктатурамі на постсавецкай прасторы. Так, Расея сёння знаходзіцца ў шавіністычным угары і большасць расейцаў святкуюць «поспех» у Крыме. Але Пуцін дапусціў велізарную памылку, што супрацьпаставіў сябе ўсяму цывілізаванаму свету. Сёння ідзе сусветная барацьба паміж дабром і злом, і мы, беларусы, павінны быць на баку сіл Свабоды і Дэмакратыі. Толькі ў саюзе з нармальнымі краінамі Беларусь зможа абараніць сваю незалежнасць і здабыць свабоду.

Сёння на акцыі ў Менску наш таварыш Максім Вінярскі выйшаў з транспарантам «Смерць крамлёўскім акупантам!». Максім неаднаразова ўдзельнічаў у акцыях салідарнасці ў Маскве. Ён добра разумее розніцу паміж крамлёўскай клікаў і расейскім народам. Мы спадзяемся, што большасць грамадзян Расеі хутка зразумеюць, у якую небяспечную пастку іх завёў Пуцін», - сказаў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы палітвязень Зміцер Бандарэнка.

«У гэты цяжкі час мы павінны рабіць дзве важныя рэчы: верыць у сябе і быць салідарнымі. Верыць, што мы абавязкова пераможам і будзем жыць у вольнай дэмакратычнай краіне і падтрымліваць людзей, якія сёння змагаюцца ў Беларусі і Украіне», - сказала галоўная рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна.

«96 гадоў таму беларускія нацыянальныя сілы абвясцілі 3-ю Устаўную грамату Рады Усебеларускага кангрэса, з прыняццем якой была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка.

Калі б нашы продкі Язэп Варонка, Аркадзь Смоліч, Пётра Крачэўскі і іншыя прадстаўнікі беларускіх элітаў не абвясцілі аб стварэнні 25 сакавіка 1918 года БНР, трохі пазней не было б БССР і, як следства, сёння магло б не быць Рэспублікі Беларусь. У гэтыя цяжкія для нашага рэгіёну часы, ідэі БНР зноў вельмі актуальныя. Сумеснымі намаганнямі мы павінны зрабіць усё магчымае, каб 100-годдзе заснавання Беларускай Народнай Рэспублікі адзначаць у Менску на дзяржаўным узроўні. Няхай жыве Беларуская Народная Рэспубліка!Жыве Беларусь!», - Сказаў судырэктар Беларускага дома Алесь Зарэмбюк.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках