4 траўня 2024, Субота, 4:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барак Абама: Расея ўяўляе пагрозу для сваіх суседзяў

8
Барак Абама: Расея ўяўляе пагрозу для сваіх суседзяў

ЗША будуць абараняць ключавыя прынцыпы, якія гарантуюць мір і дабрабыт у Еўропе

Пра гэта заявіў прэзідэнт краіны Барак Абама, выступаючы на прэс-канферэнцыі ў Гаазе. Пры гэтым ён падкрэсліў, што не лічыць Расею апанентам для ЗША. Так Абама пракаментаваў выказванне былога кандыдата ў прэзідэнты Міта Ромні, які назваў Расею «галоўным геапалітычным апанентам Амерыкі», паведамляе «Голас Амерыкі».

«Амерыка сутыкаецца з многімі выклікамі. Расея - рэгіянальная сіла, якая пагражае некаторым сваім суседзям. Але гэта не праява сілы, а праява слабасці», - мяркуе ён.

«Ва Украіне ў Расеі быў неверагодны ўплыў. Калі мы гаворым пра нашых суседзяў, нам не трэба ўрывацца на іх тэрыторыю, каб абараніць свае інтарэсы. Дзеянні Расеі не ўяўляюць пагрозы нумар адзін бяспецы ЗША. Я нашмат больш сур'ёзна стаўлюся да таго, што ядзерная зброя апынецца на Манхэтане», - адзначыў прэзідэнт ЗША. На яго думку, гістарычныя сувязі паміж Расеяй і Украінай не апраўдваюць дзеянняў Масквы, у прыватнасці анэксіі Крыму.

Абама таксама выказаў занепакоенасць далейшымі дзеяннямі Расеі ў дачыненні да Украіны, папярэдзіўшы, што Расею могуць чакаць дадатковыя санкцыі, якія «могуць аказаць негатыўнае ўздзеянне на сусветную эканоміку, але нашмат больш сур'ёзна ўдараць па Расеі».

Ён нагадаў, што пакуль дзейнічаюць санкцыі толькі ў дачыненні да некаторых асоб і аднаго банка. Але, калі Расея «пойдзе далей», то могуць быць уведзеныя ў дзеянне больш шырокія санкцыі, мэтай якіх стануць «сектары расейскай эканомікі».

«Усе разумеюць, што мы павінны абараняць ключавыя прынцыпы (міжнароднага права), якія гарантуюць мір і дабрабыт у Еўропе», - сказаў Абама.

Прэзідэнт ЗША заклікаў Расею дзейнічаць адказна, выконваць міжнародныя правілы. Ён падкрэсліў, што збіраецца рабіць стаўку на дыпламатыю.

Кажучы пра Украіну, Абама падкрэсліў, што для дапамогі ўкраінскай эканоміцы і правядзення выбараў будуць прыкладзены ўсе намаганні.

«Мы не будзем весці вайну з Расеяй. Але гэта не значыць, што Расея не будзе ізаляваная. Расея сёння нашмат больш ізаляваная, чым пяць гадоў таму падчас вайны з Грузіяй», - адзначыў Абама.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках