27 красавiка 2024, Субота, 17:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Le Figaro: Крокі Захаду да прымірэння Пуцін успрымае як слабасць

2
Le Figaro: Крокі Захаду да прымірэння Пуцін успрымае як слабасць

Хто на чарзе пасля Крыма?

Былы вязень ГУЛАГа і старшыня Камітэта па правах чалавека Сяргей Кавалёў прыводзіць прымаўку, якая вядомая далёка не адным толькі рускім: «Апетыт прыходзіць падчас ежы». У 2008 годзе Уладзімір Пуцін ужо адрэзаў ад Грузіі Абхазію і Паўднёвую Асецію, а нядаўна падмяў пад сябе Крым. Але ці спыніцца ён на гэтым? У выступленні перад элітай наменклатуры 18 сакавіка ён зрабіў такую заяву: не бойцеся, мы не збіраемся анэксаваць усход і поўдзень Украіны. Акрамя таго, нам гэта і не трэба, дадаў ён, даўшы зразумець, што займеў у сваё распараджэнне дастаткова рычагоў ціску на Кіеў, піша французскае выданне Le Figaro (пераклад — Inopressa.ru).

Як бы там ні было, ён паставіў абарону суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой Расеі, у самы цэнтр экспансіянісцкай дактрыны. Пасля распаду Савецкага Саюза ў 1991 годзе 25 мільёнаў рускіх апынуліся ў тым, што Барыс Ельцын яшчэ тады называў «блізкім замежжам».

У Грузіі і ў Крыме выкарыстоўваліся адны і тыя ж метады: рускае або рускамоўнае насельніцтва кажа пра пагрозу і кліча на дапамогу «радзіму-маці», Расея адгукаецца на заклік і карыстаецца ім, каб накласці руку на тэрыторыю, якая належыць суверэннай дзяржаве.

У суседзяў Расеі ёсць усе прычыны для турботы. Справа ў тым, што адразу ж пасля анэксіі Крыма сепаратысцкія ўлады Прыднястроўя завілі пра намер звярнуцца з просьбай аб уступленні ў Расейскую Федэрацыю. Прыднястроўе - гэта рэгіён з насельніцтвам у некалькі соцень тысяч жыхароў на тэрыторыі былой савецкай рэспублікі Малдова, які з 1990-х гадоў акупуюць расейскія войскі.

У Сярэдняй Азіі на рускіх прыходзіцца менш за 10% насельніцтва за выключэннем Казахстана, дзе рускія карані ёсць у 24% грамадзян. Усемагутнаму прэзідэнту гэтай багатай рэсурсамі рэспублікі Нурсултану Назарбаеву ёсць пра што задумацца. Хоць ён і з'яўляецца саюзнікам Уладзіміра Пуціна па Мытным саюзе, які той бы хацеў ператварыць у Еўразійскі, яго пазіцыя па Крыме вельмі асцярожная. Ён зусім не жадае паказаць, што ўхваляе такія паводзіны, якія ў далейшым могуць паслужыць прэцэдэнтам. Тое ж самае адносіцца і да беларускага дыктатара Лукашэнкі, які не мае нічога супраць саюзу з Масквой пры ўмове, што зможа захаваць сваю ўладу.

Акрамя таго, найбуйнейшыя рускія меншасці знаходзяцца ў двух прыбалтыйскіх рэспубліках, Эстоніі і Латвіі: прыкладна чвэрць насельніцтва ці нават палова ў Рызе (у Літве на рускіх прыходзіцца менш 6% грамадзян). У пачатку 1990-х гадоў Масква паспрабавала скарыстацца гэтымі меншасцямі, каб стварыць перашкоды для ўваходжання Эстоніі і Латвіі ў НАТА і Еўрапейскі Звяз. Беспаспяхова. Прыбалтыка моцна залежыць ад Расеі, асабліва ў плане паставак энерганосьбітаў (адтуль ідзе 100% імпарту газу). Пры ўсім гэтым яна адчувае сябе не такой уразлівай як Украіна ў сілу інтэграцыі ў заходнюю сістэму.

Як бы там ні было, абарона з боку Еўропы і НАТА ўсё роўна адносная. Яна яшчэ не прайшла праверку. Уладзімір Пуцін ужо прымаўся за былыя савецкія рэспублікі, якія будавалі планы на далучэнне да НАТА, але гэта заўсёды адбывалася да іх рэальнага сяброўства ў альянсе. Вясной 2008 года Францыя і Германія выступілі супраць прапанаванага прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам удзелу Грузіі і Украіны ў праграме падрыхтоўкі да ўступлення ў НАТА. Гэты крок Парыжа і Берліна павінен быў стаць прымірэнчым жэстам у адносінах з Масквой. Але Уладзімір Пуцін расцаніў яго як прыкмету слабасці. Праз некалькі месяцаў ён скарыстаўся памылкай Міхаіла Саакашвілі, каб пачаць вайну з Грузіяй.

З тых часоў мінула шэсць гадоў, і Захад лічыць анэксію Крыма настолькі ж непрымальнай, наколькі і падзел Грузіі. Ён цалкам справядліва адмаўляецца ад прымянення сілы, але ці ёсць у яго сродкі і магчымасці, каб неяк зменшыць апетыты прэзідэнта Расеі?

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках