28 красавiка 2024, Нядзеля, 19:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Масква і Кіеў дамовіліся аб эвакуацыі ўкраінскіх вайскоўцаў з Крыма

2
Масква і Кіеў дамовіліся аб эвакуацыі ўкраінскіх вайскоўцаў з Крыма

Ідуць перамовы аб вяртанні Украіне захопленай тэхнікі і караблёў.

Намеснік начальніка Галоўнага каманднага цэнтра Узброеных сіл Украіны Аляксандр Размазнін распавёў, што ў панядзелак украінскаму і расейскаму бакам у Крыме атрымалася дамовіцца аб тым, што перашкод украінскім вайскоўцам, якія адправяцца на мацярык, не акажуць, перадае "Радыё Свабода".

Аляксандр Размазнін кажа, што Кіеў мае падставы разлічваць і на вываз з паўвострава ўзбраення і ваеннай тэхнікі.

"Асобна ў перамоўным працэсе цяпер ідзе гаворка пра вяртанне караблёў, анэксаваных Расейскай Федэрацыяй, у склад Ваенна-марскіх сіл нашай дзяржавы. Ёсць ужо пэўная інфармацыя, якая дае нам надзею на тое, што ўсё ж такі тэхніка будзе ў нас тут, на мацерыковай частцы", - распавёў ён.

Былы начальнік Генштаба Анатоль Лапата сказаў у каментары, што, магчыма, расейскі бок пагодзіцца на такія просьбы Кіева. Але гаворка, верагодна, пойдзе пра нязначную частку нейкага ўзбраення або тэхнікі, ды і то калі ва ўкраінскага боку ёсць нейкія рычагі ўплыву на гэтых перамовах.

Па словах генерала, песімізм у гэтым пытанні выклікае пазіцыя, якую ўкраінскае кіраўніцтва заняло падчас падзей у Крыме.

"Гэта ўвогуле вельмі дзіўны канфлікт, якому нават вызначэнне знайсці складана. Як такога, ваеннага канфлікту не было. Агрэсія была, але з украінскага боку не было стрэлаў. Украінскія вайскоўцы трывалі грэбаванне з боку гэтых зялёных чалавечкаў, цярпелі грэбаванне з боку маракоў Чарнаморскага флоту Расейскай федэрацыі, але не аказалі ўзброены супраціў. Гэта не ўласціва адной арміі", - кажа Анатоль Лапата.

На думку былога кіраўніка Генштаба, цяпер кіраўніцтва Мінабароны павінна забяспечыць належныя ўмовы як побыту, так і службы для вайскоўцаў, якіх выводзяць з Крыма.

Між тым прэм'ер-міністр Арсеній Яцанюк на сённяшнім пасяджэнні Кабінета міністраў павіншаваў з прызначэннем новага кіраўніка Мінабароны Міхаіла Коваля і паведаміў, што Дзяржказначэйства вылучыла на рахункі ведамства мільярд грыўняў. Гэтыя грошы выдаткуюць у прыватнасці на тыя патрэбы вайскоўцаў, якія ўзніклі з прычыны расейскай інтэрвенцыі ў Крым.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках