28 красавiка 2024, Нядзеля, 2:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дачку Карымава пасадзілі пад хатні арышт

2
Дачку Карымава пасадзілі пад хатні арышт

Гульнара Карымава знаходзіцца пад хатнім арыштам, прычым пад наглядам жорсткіх ахоўнікаў.

Гэта стала вядома з двух розных лістоў, нібыта напісаных "узбецкай прынцэсай" і таемна адпраўленых у рэдакцыі некаторых выданняў. Акрамя таго, Гульнара Карымава стала падазраванай у справе шведскай тэлекамунікацыйнай кампаніі TeliaSonera - яе вінавацяць у атрыманні хабараў.

Супрацьстаянне Гульнары Карымавай і ейнага бацькі (пра якое, вядома, можна толькі здагадвацца, грунтуючыся на імклівай страце дачкой свайго мінулага ўплыву) стала прыкметна выяўляцца ўвосень мінулага года. Як паведамляе BBC, блізу пяці месяцаў таму Карымава знікла з сацыяльных сетак. Выяўляецца, гэта тлумачыцца тым, што ва Узбекістане яе пасадзілі пад хатні арышт.

Нічога дакладна сцвярджаць нельга: усё, што тычыцца Карымавай, ахінутае флёрам таямніцы. Пра тое, што яна можа знаходзіцца пад хатнім арыштам, стала, напрыклад, вядома з яе ліста, які таемна быў перададзена ананімным асобай рэдакцыі BBC. Пры гэтым сапраўднасць ліста дакладна пацвердзіць нельга. Экспэртка кірылічнага пісьма Інэса Гольдбэрг заявіла, што параўнальны аналіз пісьмаў Гульнары Карымавай пацвердзіў толькі 75%-ую імавернасць таго, што гэты ліст напісала дачка прэзідэнта Узбекістана.

У пасланні гаворыцца: "Я знаходжуся пад жорсткім псіхалагічным ціскам. Мяне збілі, на маіх руках сінякі". Карымава апісвае жыццё пад хатнім арыштам, камеры назірання і кантроль паліцыі. Яна паведаміла, што знаходзіцца ў кватэры разам са сваёй 16-гадовай дачкой, піша NEWSru.com.

Таксама Карымава апісвае штурм ейнай кватэры ў Ташкенце: "Што страшнейшае за ўсё, немагчыма заставацца чалавекам, калі за табой назірае камера, калі навокал узброеныя людзі і калі ты прыгнечаны (знаходзішся ў дэпрэсіі, зняважаны), бачачы ўсё, што адбываецца вакол. Спецвойскі на даху, ператрус асабістых рэчаў, выбітыя вокны, і горшае за ўсё - чалавек з завязанымі вачыма, якога цягнуць па падлозе". Магчыма, гэтым чалавекам быў Рустам Мадумараў, які ўважаецца за бізнэс-партнёра Карымавай і ейнага каханка.

У лісце, атрыманым BBC, Карымава выстаўляе абвінавачванні супраць сваёй маці, сястры і некаторых набліжаных бацькі. Яна абвінавачвае іх у вымагальніцтве, шантажы і катаваннях.

Аднак таямнічасць гэтай гісторыі ў наступным: выданне Uznews.net апублікавала цалкам ліст, таксама атрыманы ад ананіма і напісаны Карымавай. Толькі ён напісаны блытана, мудрагеліста, практычна плынню свядомасці, і тых фраз, што ёсць у лісце BBC, не змяшчае, што дазваляе зрабіць выснову аб двух розных лістах. Адпаведна, давесці, што і гэта - цалкам сапраўдны ліст, таксама нельга.

Пасланне напоўненае туманнымі фразамі аб пакутах Карымавай, аб яе пачуццях, хваробах, лекарах, судовай сістэме Узбекістана і практычна пазбаўленае канкрэтыкі. Адзінае, там паказваюцца паплечнікі прэзідэнта Карымава, якія з'яўляюцца яе "турэмнікамі". Цікава, што самога бацьку яна наўпрост не абвінавачвае, хоць ускосна рэгулярна звяртаецца да яго, пытаючыся, чаму ён робіць так са сваім "дзіцем" і з "дзіцем дзіцяці".

Вось урывак з ліста: "... некалькі імёнаў з супрацоўнікаў СНБ, якія ўдзельнічаюць у допытах і пераследуюць розных людзей на асабістае даручэнне Таццяны Акбараўны, што нарэшце заняла сваё першае месца сярод карупцыйнага беззаконня ў краіне для шырокай публікі. Імёны такіх заўзятых выканаўцаў як яе "фінансавы распарадчык" Максім, Зіёд, Надзір Валіеў - пляменнік вядомага генерала Саліхбаева, няздара Абдурахім Мумінаў і, вядома ж, генерал Тахір, які праславіўся на ўсю краіну беспярэчным выкананнем усякіх "дзівацтваў, здзекаў і загадаў" ад Хаёта Шарыфхаджаева ды Інаятава, што ўжо зрыхтаваўся мякка "адплысці з мільярдамі" (арфаграфія захаваная).

Наогул, "група Інаятаў - Шарыфхаджаеў - Т.А." часта фігуруе ў няпэўных развагах Карымавай. Адзначым, што Рустам Інаятаў - гэта старшыня Службы нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Узбекістан. Хаёт Шарыфхаджаеў - былы начальнік Управы ўласнай бяспекі СНБ Узбекістана. "Т.А. або Таццяна Акбараўна" - мабыць, жонка Іслама Карымава і, уласна, маці Гульнары Карымавай.

Фота: ІТАР-ТАСС

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках