6 траўня 2024, панядзелак, 20:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вайна ў Крыме ўдарыла па сусветных рынках

8
Вайна ў Крыме ўдарыла па сусветных рынках

Уварванне расейскіх войскаў ва Украіну пагражае глабальным эканамічным крызісам.

Хваля распродажаў пракацілася па ўсіх міжнародных рынках, мацней за ўсё ўдарыўшы па рызыковых актывах - перш за ўсё акцыях, піша РБК. Устрывожаныя інвестары сочаць за геапалітычнымі рызыкамі канфрантацыі ў Крыме, якая можа перарасці ў ваенныя дзеянні і разрыў гандлёва-эканамічных сувязяў Расеі і Захаду. Ваенны сцэнар на Украіне можа справакаваць новы глабальны эканамічны крызіс, лічаць эксперты.

Азія першай прыняла ўдар

Першымі прынялі на сябе ўдар азіяцкія рынкі, якія адкрыліся пасля выходных раней заходніх біржаў. Трэйдары ў Ганконгу, Сінгапуры, Сеуле, Токіо і іншых фінансавых цэнтрах скідалі акцыі, адыгрываяючы навіны аб адабрэнні Масквой выкарыстання расейскіх войскаў у Крыме. Заходні свет расцаніў гэта рашэнне як "відавочнае парушэнне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны". Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры прыгразіў Расеі міжнароднымі санкцыямі аж да гандлёвай блакады, а "Вялікая сямёрка" прыпыніла падрыхтоўку да ўдзелу ў чэрвеньскім саміце G8 у Сочы.

Індэкс Nikkei Такійскай фондавай біржы па выніках таргоў апусціўся на 1,27%, а японская іена як валюта - "ціхая гавань" умацавалася да даляра на 0,5% - да 101,27 за 1 дал (дадзеныя Bloomberg на 14:40 мск). Індэкс Ганконгскай біржы Hang Seng упаў на 1,5% (найбуйнейшае зніжэнне за месяц), а паўднёвакарэйскі KOSPI апусціўся на 0,8%.

Еўропа асцерагаецца вайны каля сваіх межаў

Украінскі крызіс пагражае Еўропе ваеннымі дзеяннямі і гуманітарнай катастрофай каля яе межаў: нядзіўна, што еўрапейскія фондавыя рынкі падаюць мацней іншых. Брытанскі FTSE 100 днём зніжаўся на 1,9%, французскі CAC 40 - на 2,5%, а нямецкі DAX - амаль на 3% (дадзеныя па стане на 16:30 мск). За межамі еўразоны, глыбока ў чырвонай зоне гандлююцца Варшаўская, Пражская і Будапешцкая фондавыя біржы. Польскі індэкс WIG20 абваліўся на 4%, венгерскі BUX - на 4,5%, а чэшскі PX зніжаецца на 2,2%.

У аўтсайдарах таргоў - еўрапейскія кампаніі з вялікай прысутнасцю ў Расеі і на Украіне. У прыватнасці, на 7% упалі каціроўкі нямецкай фармацэўтычнай кампаніі Stada, якая генеруе каля 20% выручкі ў Расеі і на Украіне. Яе аб'ём продажаў у Расеі ў 2012г. вырас на 23% - да 343 млн еўра (дадзеныя за 2013г. кампанія яшчэ не раскрывала). Аналітыкі Commerzbank сёння рэкамендавалі інвестарам абыходзіць паперы Stada бокам, калі расейска-украінскі канфлікт яшчэ больш абвострыцца.

Акцыі дацкага піваварнага канцэрна Carlsberg патаннелі на 6%: кампанія лідзіруе на піўных рынках Расеі і Украіны (з рынкавымі долямі 37 і 27% адпаведна). Абваліліся і каціроўкі еўрапейскіх банкаў з шырокімі аперацыямі на Украіне: акцыі італьянскага UniCredit губляюць больш за 4%, аўстрыйскага Raiffeisen Bank International - амаль 11%. Гэтыя банкі, зыходзячы з актываў і выдадзеных крэдытаў на Украіне, больш за ўсіх у Еўропе могуць пацярпець з-за ўкраінскага крызісу. Raiffeisen мае намер прадаць свой украінскі банк - "Райфайзен Банк Аваль" - і выбірае сярод некалькіх патэнцыйных пакупнікоў.

Ёсць і кампаніі, якім сітуацыя на Украіне можа згуляць на руку. Напрыклад, альтэрнатыўныя Газпраму пастаўшчыкі газу ў Еўропу. Доля расейскага газу на еўрапейскім рынку складае каля 30%, дзве траціны яго паступае ў Еўразвяз праз тэрыторыю Украіны, адзначае Wall Street Journal. Перабоі з транзітам расейскага газу праз Украіну - адна з галоўных рызык бягучага канфлікту, ад якога можа выйграць найбуйнейшы пасля Газпрама пастаўшчык газу ў Еўропу - нарвежская Statoil. Яе акцыі сёння падаражэлі на 2,8%.

Да вечара хваля распродажаў дакацілася і да Амерыкі: фондавыя біржы ЗША адкрыліся зніжэннем індэксаў амаль на 1%. Індэкс Dow на адкрыцці страціў больш за 100 пунктаў (-0,83%). Каціроўкі расейскіх кампаній з лістынгаў у Нью-Йорку падаюць значна: акцыі Yandex абваліліся на 12%, Qiwi - больш чым на 8%. Паперы распрацоўніка праграмнага забеспячэння з аддзяленнямі ў Расеі і на Украіне EPAM Systems упалі на 12%. Сёння кампанія выпусціла заяву па Украіне, у якой папярэдзіла, што "працяглыя беспарадкі, ваенныя дзеянні і міжнародныя санкцыі могуць негатыўна паўплываць на ўкраінскія аперацыі кампаніі".

Што дрэнна для акцый, добра для золата

Напружанасць вакол Украіны спарадзіла класічную рынкавую сітуацыю часоў нявызначанасці: інвестары бягуць ад рызыкоўных актываў і пераводзяць сродкі ў ахоўныя актывы, такія як самыя надзейныя дзяржаблігацыі і золата. Спотавы кошт золата ў ходзе сённяшніх таргоў дасягаў чатырохмесячнага максімуму ў $1,350 тыс. за ўнцыю, паведамляе Reuters. Вырас попыт і на іншыя актывы, традыцыйна ўспрыманыя як ціхія гавані, - нямецкія дзяржпаперы і швейцарскі франк.

У той жа час ўпалі ў кошце суверэнныя еўрааблігацыі Расеі і Украіны, а рызыка дэфолту гэтых краін, па ацэнцы рынку, узрасла. Кошт пяцігадовай страхоўкі дзяржаўнага доўгу РФ ад дэфолту (крэдытныя дэфолтныя свопы, CDS), па дадзеных Markit, вырас на 33 базісных пункта - да 225 пунктаў (максімум з сярэдзіны 2013г.). Каціроўкі CDS Украіны, і без таго залімітава высокія, падскочылі на 169 базісных пунктаў і перавышаюць 1,2 тыс. пунктаў.

Нафта і пшаніца даражэюць

Сусветныя кошты на нафту сёння дадаюць больш за $2 за барэль на фоне геапалітычных рызык, звязаных з сітуацыяй у Крыме. Красавіцкія ф'ючэрсы Brent падаражэлі на $2,94 , перавысіўшы ўзровень $112 за барэль. Амерыканская нафта WTI гандлюецца на ўзроўні $104,4 за барэль. "Нафтавыя рынкі рэагуюць на верагоднасць таго, што сітуацыя можа пагоршыцца, - адзначае аналітык OptionsXpress Бэн Ле Брун. - Калі пачнецца вайна, кошты на нафту пойдуць нашмат вышэй, амерыканская нафта можа лёгка падаражэць да $110, а магчыма, і да $120".

Украіна з'яўляецца адным з найбуйнейшых экспарцёраў кукурузы і пшаніцы на сусветны рынак, і біржавыя кошты на гэтыя культуры могуць падскочыць у сувязі з пагрозай перабояў з пастаўкамі. Ф'ючэрсы на пшаніцу на парыжскай біржы Euronext сёння падаражэлі больш чым на 4%, дасягаючы максімальнага ўзроўню з пачатку снежня - 205,50 еўра за тону.

Прадвесце новага глабальнага крызісу

Аналітыкі адзначаюць, што бягучая сітуацыя на Украіне, з пункту гледжання чыста эканамічных наступстваў, аказвае абмежаваны ўплыў на рынкі. На яе прыпадае толькі 0,2% агульнасусветнага ВУП (менш, чым на Грэцыю, Ірландыю або Партугалію). Такія краіны, як Германія, Польшча і нават Расея, перажывуць абрыў гандлёвых сувязяў з Украінай. Але пры неспрыяльным сцэнары (ваенныя дзеянні, эканамічныя санкцыі Захаду супраць Расеі) сітуацыя лёгка можа выйсці з-пад кантролю і прывесці да дэстабілізацыі ўсёй сусветнай эканомікі.

"Украінскія падзеі адбываюцца на фоне бесперапыннага патоку негатыўных навін з рынкаў - ад карупцыйных скандалаў у Турцыі да пратэстаў у Тайландзе і напружаных намаганняў Кітая па стрымліванні крэдытнага росту без шкоды для росту эканомікі", - напісаў аналітык Citigroup Мэт Кінг. На яго думку, кожная такая навіна і кожнае новае паніжэнне прагнозаў па эканамічным росце ў краінах, якія развіваюцца, "усё бліжэй падводзяць інвестараў да крытычнай кропкі, пасля якой яны будуць вымушаныя зрабіць суцэльную пераацэнку рызык па сваіх партфелях укладанняў у рынкі, якія развіваюцца". Іншымі словамі, нарастаючы негатыў можа справакаваць лавінападобны адток сродкаў з рынкаў, якi пагражае дэвальвацыяй валюты і падзеннем фондавых рынкаў.

Ваенныя канфлікты ў геапалітычна значных рэгіёнах нярэдка аказваюцца прадвеснікамі глабальных катаклізмаў. Вайна ў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі ў жніўні 2008 года адзначыла пачатак зацяжнога спаду на расейскім фондавым рынку, а ў верасні таго ж года на ўвесь свет прагрымела банкруцтва банка Lehman Brothers, якое паставіла глабальную эканоміку на мяжу новай Вялікай дэпрэсіі. "Любы маштабны крызіс мае свой каталізатар, і ў дадзеным выпадку на гэту ролю падыходзіць канфлікт паміж Расеяй і Украінай", - лічыць галоўны эканаміст Saxo Bank Стын Якабсэн. На яго думку, супрацьстаянне Расеі і Украіны пры ўдзеле Еўропы і ЗША можа стаць падзеяй, раўнасільнай узвядзенню новай Берлінскай сцяны. "Эканамічна і палітычна мы усе ад гэтага прайграем", - рэзюмуе Якабсэн.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках