27 красавiка 2024, Субота, 20:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прафесар МДІМА: Расейскія войскі ў Крыме - тэрарысты

17
Прафесар МДІМА: Расейскія войскі ў Крыме - тэрарысты

Украіне неабходна прымусіць Пуціна прызнаць факт увядзення войскаў у Крым і прыцягнуць да расследавання канфлікту міжнародных назіральнікаў.

У эксклюзіўным каментары Gordonua.com доктар гістарычных навук і прафесар МДІМА Андрэй Зубаў заявіў, што, на яго думку, прадбачыць дзеянні прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна вельмі складана.

"Я сам не ведаю, што задумаў Пуцін. Гэта могуць быць самыя розныя дзеянні, але я адмаўляюся разумець яго мэты - настолькі нечаканымі былі ўсе яго папярэднія крокі, настолькі яны выпадалі з прынятай сістэмы міжнародных адносінаў. Я маю на ўвазе заняцце Крыма дэмаркіраванымі войскамі (ва ўсіх расейскіх салдат на паўвостраве няма адметных знакаў) і выцясненне адтуль украінскіх сілавых структур, правакацыі з захопам улады ў паўднёва-усходніх абласцях Украіны, спыненне манеўраў і адыход (4 сакавіка Уладзімір Пуцін аддаў загад войскам, якія ўзялі ўдзел у вучэннях Цэнтральнай і Заходняй акругаў, адыходзіць на месца дыслакацыі) пасля яўнага жадання ўвесці войскі. Усё гэта разам робіць палітыку Пуціна непрадказальнай, таму нашмат лягчэй агучыць, што б я рабіў на месцы ўкраінскіх уладаў", - заявіў філосаф.

Зубаў прапанаваў украінскаму боку прызнаць несанкцыянаваныя войскі Расеі ў Крыме тэрарыстычнымі групоўкамі і прыцягнуць да стабілізацыі канфлікту міжнародных экспертаў.

"Вы павінны ясна сказаць - проста сказаць, - што ўзброеныя фармаванні ў Крыме, якія сам Пуцін назваў не расейскай арміяй, а атрадамі Самаабароны, можна лічыць тэрарыстычнымі фармаваннямі, якія захапілі частку тэрыторыі Украіны. А калі гэта бандыты, то іх трэба ізаляваць. Таму што калі з Расеяй адносна яе войскаў можна весці перамовы, то з кім жа весці перамовы адносна бандытаў? Калі ва Украіны няма сваіх сіл і магчымасцяў, то ёсць міжнародныя антытэрарыстычныя сілы, якія дапамагаюць у барацьбе з тэрорам. Гэта значыць альбо Расея прызнае, што гэта яе войскі, і мы (Украіна) гатовыя весці перамовы пра іх лёс, альбо ж Расея адмаўляецца ад сваіх салдат, і тады мы прыцягваем міжнародныя сілы па барацьбе з тэрарызмам. Прэзідэнт, які адмовіцца ад свайго войска, будзе выглядаць вельмі дзіўна, паколькі гэтыя людзі пайшлі туды не па сваёй волі. Зараз у Крым едуць не натоўпы бандэраўцаў (расейскія дзяржаўныя тэлеканалы распавядаюць гледачам пра міфічных узброеных бандэраўцаў, якія рыхтуюць правакацыі на паўвостраве), а місія АБСЕ, і гэта вельмі добра. Толькі незалежныя назіральнікі могуць скласці нейкую карціну", - лічыць Зубаў.

Распавёў прафесар МДІМА і пра факт свайго звальнення з МДІМА.

"Што тычыцца майго звальнення (напярэдадні стала вядома, што Андрэй Зубаў пазбавіцца пасады прафесара кафедры філасофіі ў МДІМА за рэзкі артыкул з нагоды дзеянняў Расеі ва Украіне; вучоны параўнаў цяперашнюю палітыку расейскіх уладаў з кіраўніцтвам нацысцкай Германіі, пасля чаго ў ВНУ яму прапанавалі пакінуць сваю пасаду. - Рэд.), то сёння гэтую інфармацыю абверглі, сказалі, што нават не збіраліся звальняць. Але гэта няпраўда. Пра звальненне мне ўчора недвухсэнсоўна было сказана, больш за тое, былі прынятыя адпаведныя крокі ў інстытуце. Але масавае абурэнне, якое ўзнікла ў Расеі і свеце з гэтай нагоды, прымусіла адыграць назад. Мне вынеслі "глыбокае ганьбаванне" за артыкул і сказалі, што магу далей працягваць выкладаць. З Кіеўскага ўніверсітэта Тараса Шаўчэнкі мне тэлефанаваў прарэктар і запрашаў афіцыйна на працу, але, натуральна, з аднаго горада ў іншы так лёгка не з'едзеш. Аднак я сказаў яму, што з кароткімі курсамі я гатовы прыязджаць, таму што быць ва Украіне, асабліва цяпер, мне прыемна", - пракаментаваў гісторык.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках