4 траўня 2024, Субота, 14:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Санкцыі Захаду супраць Расеі ўзмоцняць пратэстныя настроі ў МС

6
Санкцыі Захаду супраць Расеі ўзмоцняць пратэстныя настроі ў МС

Меры, што прымаюцца Захадам з-за ўварвання Расеі ва Украіну, адаб'юцца на Беларусі і Казахстане.

5 сакавіка ў Маскве з удзелам кіраўнікоў Расеі, Казахстана і Беларусі адбылося пасяджэнне Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета. У ходзе пасяджэння прэзідэнты трох краін абмеркавалі падрыхтоўку праекта дамовы аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза, які ўступіць у сілу з 1 студзеня 2015 года, таксама адбылася размова аб сітуацыі ва Украіне, паведамляе «Радыё Азатык».

У сваім выступленні прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў адзначыў: «Спачатку трэба стварыць эканамічны саюз. Няма неабходнасці на гэтым этапе выносіць дадатковыя пытанні, якія выклікаюць неразуменне ўнутры нашых краін». Палітолаг генеральны дырэктар Цэнтральна-Азіяцкага фонду развіцця дэмакратыі Талганай Умбеталіева кажа, што Назарбаеў «імкнецца паменшыць незадаволенасць казахстанцаў, настроеных супраць саюзу з Расеяй».

- У ходзе пасяджэння Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета Нурсултан Назарбаеў заявіў, што «няма неабходнасці на гэтым этапе выносіць дадатковыя пытанні, якія выклікаюць неразуменне ўнутры нашых краін, спачатку варта стварыць эканамічны саюз». Як вы думаеце, што можа азначаць дадзеная заява прэзідэнта?

- Па-мойму, тут прэзідэнт меў на ўвазе пытанні, якія тычацца палітычнага боку Еўразійскага саюза. У сваёй перадвыбарнай праграме Пуцін ясна выказаўся, што саюз у першую чаргу з'яўляецца палітычным. Расея, якая імкнецца да лідарства ў рэгіёне, з краінамі постсавецкай прасторы хоча стварыць структуру накшталт Еўрапейскага звяза. Як толькі Пуцін стаў прэзідэнтам, наш прэзідэнт адразу ж падтрымаў еўразійскую ідэю, самастойна прыняўшы рашэнне, не ўзгадніўшы яго ні з парламентам, ні з народам. У краіне на пэўным узроўні гэта выклікала непаразуменне. Думаю, што «дадатковыя пытанні», пра якія казаў прэзідэнт, як раз маюць дачыненне да палітычнай часткі гэтага пытання. Таму што ў краіне да палітычнага саюзу не жадаюць далучацца не толькі палітычныя сілы, але і многія шараговыя грамадзяне.

- Спадарыня Умбеталіева, у чым сэнс правядзення пасяджэння Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета ў момант палітычнага крызісу ва Украіне?

- Гэтая сустрэча была запланаваная да гэтай сітуацыі ва Украіне. Вядома, зразумела, што фармат пасяджэння і парадак пытанняў, які павінен быў там разглядацца, трохі змяніліся. У тым ліку ёсць і пытанне аб сітуацыі ва Украіне. Украіна з'яўлялася адным з кандыдатаў, якія прэтэндавалі на ўваходжанне ў Еўразійскі эканамічны саюз. Саюз без Украіны хоць і не разваліцца, але паўплывае на ўзмацненне працэсу распаду.

Улічваючы міжнародную рэакцыю на свае дзеянні, Расея разлічвала абмеркаваць гэтыя пытанні з суседнімі партнёрамі. Падобна на тое, што ключавымі момантамі пасяджэння было высветліць адказы на наступныя пытанні. Якая пазіцыя Казахстана і Беларусі? Што думаюць Назарбаеў і Лукашэнка? Наколькі яны падтрымліваюць Расею? Ці не будзе наступны ўдар нанесены з боку гэтых партнёраў? Ці падкантрольная цяперашнім уладам сітуацыя ў гэтых рэспубліках, наколькі кіраўнікі яе кантралююць?

Да таго ж пасля правакацыйных заяваў некаторых расейскіх палітыкаў у Казахстане сапраўды ўзмацнілася негатыўнае стаўленне да Расеі. Таму гэта пасяджэнне я б назвала «зандуючым».

- Як, па-вашаму, сітуацыя ва Украіне паўплывае на планы Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета?

- Пакуль не магу сказаць, што ўплыў будзе моцна прыкметны. Таму што яшчэ маюць адбыцца выбары прэзідэнта Украіны. Як адбудуцца выбары, хто застанецца ва ўладзе - пакуль невядомыя канкрэтныя вынікі. Сітуацыя мяняецца штодня. Вядома, тэмп работы савета знізіцца, будзе не такім, як гэта было раней. Уплыў сітуацыі ва Украіне стане адчувальным пасля выбараў.

- У выпадку, калі Захад увядзе санкцыі супраць Расеі, як гэта адаб'ецца на краінах Мытнага саюза, у тым ліку на Казахстане?

- Паўплывае і з эканамічнага пункту гледжання, і з пункту гледжання палітычнага. Мы бачым, што сітуацыя ва Украіне адмоўна адбіваецца на эканоміцы Казахстана, які ўваходзіць у Мытны саюз. Абясцэньванне тэнге эксперты бачаць у абвале рубля. Таму ўсе санкцыі, якія закрануць эканоміку Расеі, адпаведна адмоўна адаб'юцца і на Казахстане. Калі санкцыі будуць абвешчаныя, эканамічнае становішча пагоршыцца.

Гаворачы аб палітычных наступствах, варта адзначыць, што санкцыі ў першую чаргу будуць спрыяць узмацненню пазіцыі апанентаў казахстанскіх уладаў. Рост эканомікі краіны быў апорай цяперашняй улады. За кошт гэтага яна ўзмацняла сваю пазіцыю. Народ, у якога палепшылася матэрыяльнае становішча за кошт росту эканомікі, падтрымліваў уладу. Аднак пасля эканамічнага крызісу 2008 года стаў прыкметны рост сацыяльнай уразлівасці, пасля апошняй дэвальвацыі ўбачылі, што незадаволенасць народа ўзрасла. Таму гэтыя санкцыі прывядуць да росту пратэстных настрояў у краіне, прэзідэнта і цяперашнюю эліту будуць падтрымліваць менш.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках