4 траўня 2024, Субота, 9:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі шмат працуюць і позна выходзяць замуж

17
Беларускі шмат працуюць і позна выходзяць замуж

Беларусь дасягнула пэўных поспехаў у выраўноўванні сацыяльнага статусу мужчын і жанчын, хоць беларускі маюць цяжкасці з кар'ерным ростам.

"За 20-гадовы перыяд правядзення палітыкі гендэрнай роўнасці краіна дасягнула пэўных поспехаў у выраўноўванні сацыяльнага статусу мужчын і жанчын", - дадзенае меркаванне выказалі агенцтву "Інтэрфакс-Захад" эксперты ў галіне народанасельніцтва.

Дзяржаўнае кіраванне

"Важным крытэрыем ступені дасягнення рэальнай роўнасці палоў з'яўляецца ўзровень удзелу жанчын у дзяржаўным кіраванні", - распавялі эксперты ў галіне народанасельніцтва. Пры гэтым яны паведамілі, што Беларусь уваходзіць у лік 27 краін, якія дасягнулі паказчыка па ўдзелу жанчын у працэсе прыняцця дзяржаўнага рашэння звыш 30%. Так, у Нацыянальным сходзе колькасць жанчын складае больш за 32% ад агульнай колькасці парламентароў, а ў мясцовых Саветах дэпутатаў усіх узроўняў - 45,5%. Акрамя гэтага, за апошнія пяць гадоў павялічылася занятасць жанчын у органах выканаўчай улады, падкрэслілі суразмоўцы агенцтва.

"Сярод дзяржаўных служачых усіх узроўняў удзельная вага жанчын дасягае 55%. Значна ўзрасло прадстаўніцтва жанчын на кіруючых пасадах у органах рэспубліканскага кіравання. Таксама жанчыны складаюць больш паловы агульнай колькасці членаў грамадскіх аб'яднанняў", - адзначылі эксперты.

Адукацыя і кар'ера

Спецыялісты канстатуюць - беларускія жанчыны больш адукаваныя, чым мужчыны.

Па іх дадзеных, "сярод занятых у эканоміцы доля працуючых жанчын з вышэйшай адукацыяй складае 31%, а аналагічны паказчык у мужчын - 23%". "Аднак, гэта не гарантуе ў поўнай меры працуючым жанчынам перспектыў кар'ернага росту", - кажуць навукоўцы.

Яны падкрэсліваюць - "праблема самарэалізацыі жанчын, прымянення атрыманых імі ведаў і ўменняў у прафесійнай дзейнасці застаецца актуальнай".

Працуюць больш, але атрымліваюць менш

Эксперты таксама звяртаюць увагу на тое, што высокая працоўная занятасць беларускіх жанчын не азначае, што зарабляюць яны больш мужчын.

"У цяперашні час удзельная вага жанчын у агульнай колькасці працуючых дасягае амаль 54%, пры гэтым суадносіны намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы жанчын да заработнай платы мужчын у мінулым годзе склалі 74,5%", - паведамілі спецыялісты.

На іх думку, гэта ў першую чаргу звязана з тым, што жанчыны па-ранейшаму занятыя ў такіх сферах дзейнасці, як адукацыя, ахова здароўя, сацыяльная праца, гандаль, дзе ўзровень аплаты ніжэй, чым, напрыклад, у прамысловасці.

Шмат займаюцца спортам

Беларускія жанчыны дастаткова актыўна займаюцца спортам, адзначаюць спецыялісты.

"У параўнанні з 2000 годам у Беларусі значна павялічылася колькасць жанчын, якія займаюцца фізічнай культурай і спортам. Так, удзельная вага жанчын ва ўзросце 16 гадоў і больш, якія займаюцца фізкультурай і спортам, на пачатак 2014 года склала 24,7% і павялічылася ў параўнанні з 2000 годам у 2 разы", - распавялі суразмоўцы агенцтва са спасылкай на дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

"Сярод гарадскіх жанчын доля тых, хто займаецца фізічнай культурай і спортам, у 2 разы вышэй, чым сярод сельскіх жыхарак - 28,4% супраць 14,2%. Сярод маладых жанчын папулярнасць фізічнай культуры таксама значна вышэй, чым сярод жанчын старэйшых узроставых груп", - удакладнілі яны.

Сацдаследавання паказалі, што ва ўзросце 30-44 гадоў амаль 26% беларускіх жанчын займаюцца фізкультурай і спортам, ва ўзроставай групе 45-54 года такіх актыўных жанчын 21,8%, ва ўзросце 55 гадоў і больш працягваюць займацца фізкультурай і спортам 16,4% жанчын, паведамілі эксперты.

Аднак, адзначылі яны, нягледзячы на тое, што культ прыгожага цела і здаровы лад жыцця ўсё больш набіраюць папулярнасць у прадстаўніц жаночага полу, толькі чвэрць з іх ацэньвае сваё здароўе як добрае.

"Па дадзеных даследавання, на пачатак 2014 года доля жанчын, якія ацанілі стан свайго здароўя як "добры", склала 24,2%, "здавальняючы" - 67,3%, "дрэнны" - 8,5%", - распавялі суразмоўцы агенцтва.

Пазней выходзяць замуж, цэняць сям'ю і даўжэй жывуць

Выраўноўванне сацыяльнага статусу мужчын і жанчын прывяло да таго, што беларускія жанчыны сталі пазней выходзіць замуж, радзей нараджаць пазашлюбных дзяцей, канстатуюць эксперты.

"У цяперашні час для Беларусі, як і для многіх еўрапейскіх дзяржаў, характэрная тэндэнцыя павелічэння сярэдняга ўзросту жанчын пры ўступленні ў першы шлюб", - паведамілі яны са спасылкай на дадзеныя статыстыкі.

"Калі ў 2000 годзе ўпершыню бралі шлюб жанчыны ў сярэднім ва ўзросце 22,8 года, то ў 2013 годзе сярэдні ўзрост уступлення ў першы шлюб жанчын складаў 25 гадоў", - удакладнілі спецыялісты.

Па іх словах, "у рэспубліцы назіраецца тэндэнцыя павелічэння сярэдняга ўзросту жанчын пры нараджэнні першага дзіцяці. Сярэдні ўзрост маці пры нараджэнні першага дзіцяці павялічыўся з 23,3 гадоў у 2000 годзе да 25,4 гадоў у 2013 годзе".

Як адзначаюць эксперты, "беларускія жанчыны высока ацэньваюць інстытут шлюбу". "Сведчаннем павышэння прэстыжу сям'і і ўмацавання шлюбна-сямейных адносінаў з'яўляецца павелічэнне нараджэння дзяцей у жанчын, якія знаходзяцца ў зарэгістраваным шлюбе", - распавялі яны. "Доля народжаных дзяцей у жанчын, якія не знаходзяцца ў зарэгістраваным шлюбе, знізілася з 24,2% у 2005 годзе да 16,1% у 2013 годзе", - працягнулі суразмоўцы агенцтва.

Эксперты таксама паведамілі, што "сярэдні ўзрост беларускіх жанчын складае 42,2 года". Пры гэтым яны звярнулі ўвагу на тое, што ў рэспубліцы захоўваецца значная розніца ў працягласці жыцця мужчын і жанчын - "на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў яна перавышае больш чым у два разы "натуральную" і складае 10-12 гадоў".

У цяперашні час у Беларусі пражывае 5,1 млн жанчын, што складае 53% насельніцтва краіны, удакладнілі спецыялісты.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках