4 траўня 2024, Субота, 18:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віталь Портнікаў: Ніякай Расеі для нас больш няма. Ёсць акупант

30
Віталь Портнікаў: Ніякай Расеі для нас больш няма. Ёсць акупант

У кафэ, крамах і проста на вуліцах Кіева людзі пытаюцца адно і тое ж: ці будзе вайна.

Дзіўна, што ніхто не задаецца пытаннем - ці будзе вайна з Расеяй. І як наогул гэта можа быць - вайна Украіны з Расеяй. Да гэтага простага факту ўжо прывыклі, як прыміраешся са стратай блізкага чалавека - плачаш, мучышся, а потым зжываешся і толькі на могілках у тваім сэрцы з'яўляецца непазбыўная туга, піша Віталь Портнікаў у блогу на сайце grani.ru.

Так і з Расеяй. Яе для нас ужо няма - нават тыя, у каго ў гэтай краіне блізкія сваякі, пачынаюць успрымаць іх як чужых, далёкіх людзей - зразумела, калі гэтыя блізкія сваякі падтрымліваюць вайну і апраўдваюць агрэсію.

Вядома, балюча, непрыемна, прыкра. Але ніякай Расеі для нас больш няма. Ёсць акупант, каварны і шалёны адначасова. І нам цалкам усё роўна, як ён называецца і ці ёсць шаўрон на яго форме. Для нас важна, што сёння ён здзекуецца з нашых вайскоўцаў у Крыме, палохае нападам на іншыя рэгіёны нашай краіны, запускае ў нашы гарады правакатараў, каб сарваць з флагштока наш сцяг і ўзняць на яго месца сцяг агрэсіі і помсты. І нам усё роўна, як завуць гэтага ворага, - нам важна, каб ён не забіваў нас. Вось і ўсё, што пытаюцца людзі на вуліцах: ці будзе ён забіваць, бамбіць, ці прарвецца танкамі з акупаванага Крыма на ўкраінскі мацярык. А Пуцін і рускія, якія абралі такога прэзідэнта, нас больш не цікавяць. Гэта як мерцвякі на могілках.

У яўрэйскіх сем'ях калісьці было прынята чытаць памінальную малітву па сваяках, якія перайшлі ў чужую веру. Вось і мы па вам ужо прачыталі - вы перайшлі ў веру нянавісці да тых, каго ўчора называлі братамі. Вы можаце колькі заўгодна фатаграфавацца на вуліцах з нашчадкамі тых, каго вы ж і завезлі ў Крым некалькі дзесяцігоддзяў таму, каб з цяжкасцю замазаць сляды іншага злачынства вашай радзімы - высялення карэнных народаў паўвострава. Але іх уяўная любоў, іх вера ў вашы падачкі, якія вам не з чаго будзе хутка плаціць, не заменіць вам нашай былой прыхільнасці. Вы набылі Крым, а Украіну страцілі. Страцілі назаўжды. Бывайце і не забівайце нас.

Нас, якія страцілі вас, але тым, хто здабыў наўзамен цэлы свет неабыякавых людзей, якія падтрымлівалі нас у нашай барацьбе за свабоду - не толькі нашу, але і вашу свабоду, таму свабода вам таксама патрэбная, вы пакуль пра гэта не ведаеце, але хутка здагадаецеся. Нас, якія пераконваюцца ў тым, хто ўвесь гэты час быў нам сапраўднымі братамі і сябрамі, а хто толькі прыкідваўся ў надзеі рана ці позна зноў накінуць ярмо з двухгаловым арлом на нашы шыі.

Часам мы будзем сумаваць па вас і па тым часе, калі вы здаваліся нам такімі ж. Часам будзем успамінаць, што многія з нас размаўляюць на той жа мове, што і вы. Часам будзем чытаць вашых пісьменнікаў і цяпер ужо - як і ўвесь астатні свет - дзівіцца: што ж гэта, пісьменнікі ў іх такія гуманісты, а яны як з ланцуга сарваліся. Але гэта будзе адбывацца нячаста. Прабачце - у нас цяпер шмат працы. Нам трэба будаваць новую краіну - наўзамен ранейшай, разбуранай не без вашай дапамогі. Нам трэба сачыць за нашай уладай - каб яна не стала прытулкам прайдзісветаў, якія нядаўна яшчэ кіравалі ў нас і працягваюць загадваць вамі. Нам трэба знаходзіць магчымасці для таго, каб стварыць моцную армію, якая абароніць нас ад магчымых агрэсараў: цяпер мы ведаем, што акружаныя не толькі сябрамі і што армія нам патрэбная. Словам, вельмі шмат працы. Не да Расеі.

Калі вы паўстанеце і пазбавіцеся ад таго кашмару, у якім жывяце, мы шчыра парадуемся за вас - і за тое, што зараз не трэба баяцца. Але той страх, у якім жывуць нашы жанчыны, і тую нянавісць, у якой зараз расце наша моладзь, мы не забудзем вам яшчэ доўга - і вам давядзецца шмат і ўпарта працаваць, каб зноў заваяваць наш давер і даказаць, што вы сталі нармальнымі людзьмі і больш не думаеце, што адзіная карысная рэч, якой у гэтым свеце можна ганарыцца, - аўтамат Калашнікава. Але мы будзем рады, калі ў вас гэта атрымаецца, - таму што быць свабодным лепш, чым рабом, і жыць у міры з суседзямі лепш, чым знаходзіцца ў страху і нянавісці. Але ўсё гэта будзе потым і, напэўна, не хутка.

А цяпер проста не страляйце.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках