4 траўня 2024, Субота, 10:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брытанскі тэлеканал назваў Лаўрова геем

Брытанскі тэлеканал назваў Лаўрова геем

Брытанскі тэлеканал Channel4 выпадкова назваў міністра замежных спраў РФ Сяргея Лаўрова «геем-палюбоўнікам».

Гэта адбылося праз памылку ў субтытрах да сюжэту аб сустрэчы Лаўрова з дзяржсакратаром ЗША Джонам Кэры, на якой абмяркоўваліся падзеі ва Украіне, піша Metro.

Карэспандэнт Мэт Фрай, які працаваў у прамым эфіры, сказаў, што Кэры «наўпрост звязаўся са сваім калегам з Расеі Сяргеем Лаўровым». У субтытрах імя кіраўніка расейскага знешнепалітычнага ведамства было перададзена як «so gay lover of», гэта значыць «так што гей–палюбоўнік».

Ляп, як піша Metro, атрымаўся асабліва смешным, улічваючы спрэчную палітыку Расеі ў частцы правоў сэксуальных меншасцяў, якая абмяркоўваецца ва ўсім свеце. Памылку не прамінулі абмеркаваць карыстальнікі Twitter. Адзін з іх, да прыкладу, піша: «Герой-палюбоўнік? А-ха-ха, Пуцін сыдзе з розуму...». У афіцыйным Twitter брытанскай The Sun таксама выказваецца здагадка, што Лаўроў наўрад ці будзе рады таму, што адбылося.

The Guardian удакладняе, што караць за памылку асабліва няма каго - субтытры складала аўтаматызаваная праграма.

Нагадаем, Сяргей Лаўроў сустрэўся з Джонам Кэры ў Парыжы. Перамовы таксама адзначыліся жартам. Калі Кэры паскардзіўся, што дэлегацыя з ЗША нераўнамерна расселася, і справа ад яго занадта шмат людзей, Лаўроў заўважыў: «Правы сектар».

Як стала вядома, Кэры заклікаў Маскву да прамых перамоваў з Украінай. Перамовы дзяржсакратара ЗША і міністра замежных спраў РФ прайшлі адразу пасля таго, як абодва міністры ўзялі ўдзел у некалькіх сустрэчах - з кіраўнікамі міністэрстваў замежных спраў Вялікабрытаніі, Францыі і Нямеччыны. Раней Лаўроў ужо правёў перамовы наконт украінскага пытання з генеральным сакратаром ААН Пан Гі Мунам, вярхоўным прадстаўніком ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і кіраўніком нямецкага МЗС Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках