16 траўня 2024, Чацвер, 15:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь купіць чатыры Як-130 для барацьбы з беспілотнікамі

Беларусь купіць чатыры Як-130 для барацьбы з беспілотнікамі

Беларускія ВПС і войскі СПА разлічваюць атрымаць у 2015 годзе з Расеі чатыры вучэбна-баявыя самалёты Як-130.

Пра гэта ў інтэрв'ю маскоўскай газеце «Чырвоная зорка» паведаміў амбасадар Беларусі ў Расеі Ігар Петрышэнка, пішуць «Беларускія навіны».

Аб неабходнасці набыць такую тэхніку прадстаўнікі Міністэрства абароны Беларусі заяўлялі неаднаразова. Аднак доўгі час далей слоў не ішло. На думку адных экспертаў, справа ўпіралася ў недахоп вытворчых магутнасцяў на расейскіх авіязаводах, іншыя наракалі на недахоп сродкаў у беларускай казне, трэція казалі, што няма адпаведнай пастановы вышэйшага кіраўніцтва краіны.

Толькі 18 снежня 2012 года ў Менску адбылося падпісанне кантракту на пастаўку Расеяй у Беларусь у 2015 годзе чатырох вучэбна-баявых самалётаў Як-130.

А 19 лістапада 2013 года Лукашэнка ў час наведвання 61-й знішчальнай авіябазы ў Баранавічах асабіста азнаёміўся з УБС Як- 130. Прадэманстраваны прэзідэнту самалёт прыбыў з часткі расейскіх ВПС, якая дыслакуецца ў Варонежскай вобласці. Яго дэманстрацыя праходзіла ў рамках паказу перспектыўных узораў узбраення і вайсковай тэхнікі, якія павінны будуць паступіць у беларускае войска.

На ўзбраенне ВПС Расеі гэты рэактыўны вучэбна-баявы самалёт новага пакалення паступае з лютага 2010 года. Паводле звестак адкрытых крыніц, Як-130 (па класіфікацыі НАТА Mitten - «рукавіца») створаны ў доследна-канструктарскім бюро (АКБ) імя Якаўлева ў супрацоўніцтве з італійскай кампаніяй Aermacchi.

Самалёт прызначаны для набыцця і падтрымання у лётчыкаў навыкаў пілатавання ў простых і складаных метэаўмовах днём і ноччу, для навучання элементам баявога прымянення па паветраных і наземных мэтах.

Паводле сваіх лётна-тэхнічных і манеўраных характарыстык Як-130 блізкі да паказчыкаў сучасных знішчальнікаў на дагукавой хуткасці палёту. Гэта дазваляе рыхтаваць на ім пілотаў для самалётаў, якія адносяцца да чацвёртага і пятага пакаленням (МіГ-29, Су-30, F-15 і F-16, Eurofighter Typhoon і Rafale, F-22, F-35, а таксама для Т-50).

Як-130 абсталяваны лічбавай электрадыстанцыйнай сістэмай кіравання КСУ-130 з чатырохразовым рэзерваваннем, якая таксама выконвае функцыі актыўнай сістэмы бяспекі палёту і аўтаматычнага кіравання. Сістэма дазваляе ў навучальных мэтах перапраграмаваць характарыстыкі кіравальнасці і ўстойлівасці самалёта ў залежнасці ад тыпу імітуемага самалёта. Гэта дае эканомію сродкаў на выкарыстанні ў навучальных задачах баявых самалётаў, лётны час якіх абыходзіцца куды даражэй.

Але, як заяўляюць распрацоўшчыкі, патэнцыйныя магчымасці гэтага самалёта нашмат шырэй. Як-130 можа прымяняцца не толькі ў якасці «лятучай парты», але і ў ролі выведніка, лёгкага штурмавіка, знішчальніка-бамбавіка і самалёта радыёэлектроннай барацьбы. Прадугледжваецца варыянт, згодна з якім Як-130 можа быць абсталяваны сістэмай дазапраўкі палівам у паветры.

У залежнасці ад тыпу задач можна абсталёўваць Як-130 розным узбраеннем і апаратурай. Для гэтага самалёт мае 8 вузлоў падвескі, размешчаных пад крылом, і адзін вузел падвескі пад фюзеляжам. Гэта дазваляе несці да 3000 кг баявой нагрузкі.

Мяркуючы па наяўнай інфармацыі, у карпарацыі «Іркут», якая з'яўляецца вытворцай самалёта, вядуцца работы па далейшаму пашырэнню сферы баявога прымянення Як-130.

Павышэнне баявых магчымасцяў апарата мяркуецца праводзіць у два этапы. Спачатку будуць павялічаныя магчымасці радыёабсталявання і ўстаноўлена новая аглядна-прыцэльная сістэма. На другім этапе самалёт атрымае радыёлакацыйную станцыю (меркавана БРЛС «Барс-130»).

Спосабы яе інтэграцыі ў склад бартавога радыёэлектроннага абсталявання пакуль выбіраюцца: ці непасрэдна ўманціруюць у насавую частку самалёта або ў кантэйнерным выкананні будуць падвешваць пад фюзеляжам.

Новае абсталяванне дазволіць Як-130 пашырыць наменклатуру бартавога ўзбраення, аж да шэрагу мадыфікацый ракет «паветра - паверхня» Х-31 і Х-38. Баявую жывучасць апарата павінна павысіць устаноўка лёгкага браніравання.

Але, нягледзячы на гэта, шэраг экспертаў да нядаўняга часу досыць скептычна ставіліся да выкарыстання Як-130 у якасці баявога самалёта. Як штурмавік ён недастаткова абаронены, як знішчальнік - недастаткова хуткасны. Аднак зусім нечакана для яго вызначыліся прыярытэтныя мэты. Гэта беспілотныя выведвальныя і ўдарныя лятальныя апараты (БПЛА), якія паступаюць на ўзбраенне войскаў шматлікіх краін.

Як мяркуюць эксперты, у хуткім часе БПЛА стануць дамінаваць над любым полем бою. І барацьба з імі выходзіць на першы план. Бо знішчыць невялікі беспілотнік значна цяжэй, чым сучасны знішчальнік і нават тактычную ракету: вышыня маленькая, хуткасць невялікая і для лакатара яны амаль не адрозныя.

Выкарыстоўваць супраць іх стандартныя зенітныя сродкі СПА дорага і не заўсёды эфектыўна. Падымаць у паветра цяжкія знішчальнікі-перахопнікі - гэта ўсё роўна, што страляць з гарматы па вераб'ях. А вось Як-130 у версіі УБС здольны выканаць падобную задачу без асаблівых праблем. Дыяпазон хуткасцяў у яго вялікі, наменклатура ўзбраення - самая разнастайная, а прыцэльны комплекс не горшы, чым у знішчальнікаў.

Трэба думаць, што менавіта магчымасць выкарыстання Як-130 для перахопу нізкахуткасных малавышынных паветраных аб'ектаў (пілатуемых і беспілотных) і паўплывала на рашэнне дыктатара Лукашэнкі. Пасля «плюшавага дэсанту» - інцыдэнту з беспакараным палётам над Беларуссю лёгкаматорнага шведскага самалёта ў ліпені 2012 года - барацьба з такога роду мэтамі з'яўляецца сур'ёзным галаўным болем беларускага кіраўніцтва.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках