Тэрарысты ў Славянску просяць Пуціна ўвесці войскі
30- 20.04.2014, 16:40
- 18,892
Баявікам мроіцца «Правы сектар», актывісты якога іх нібыта акружылі.
Самаабвешчаны «мэр» Славянска Вячаслаў Панамароў звярнуўся да кіраўніцтва Расеі з просьбай увесці ў рэгіён «міратворчыя сілы».
Пра гэта паведамляе «Украінская праўда» са спасылкай на расейскія СМІ.
Як патлумачыў Панамароў, «сёння горад жыве ў стане аблогі з боку «Правага сектара». Абараніць ад яе, на думку кіраўніка сепаратыстаў, можа толькі Расея, таму ён наважыў звярнуцца да прэзідэнта Уладзіміра Пуціна з просьбай аб уводзе міратворчых сіл на тэрыторыю Данецкай і Луганскай абласцей.
Як вядома, у ноч на 20 красавіка на адным з блок-пастоў у Славянску адбылося ўзброенае сутыкненне. У выніку, паводле звестак МУС Украіны, адзін чалавек загінуў, трое параненыя. У РНБА заявілі, што планы расейскіх СМІ відавочныя - разгарнуць тэзіс аб «грамадзянскай вайне» ва Украіне і ажыццявіць чарговую хвалю інфармацыйнай падрыхтоўкі для абгрунтавання свайго ўварвання.
У СБУ заявілі, што ў Славянску не было ні адной арганізацыі, акрамя саміх дыверсантаў і прадстаўнікоў крыміналітэту, якіх падтрымліваюць і ўзбройваюць афіцэры ГРУ ВС РФ.