Правакацыю ў Славянску арганізавала бандфармаванне сепаратыстаў
4- 20.04.2014, 20:19
- 14,188
Правакацыі, якія скончыліся гібеллю людзей, былі здзейснены прадстаўнікамі так званай «арміі Данецкай рэспублікі».
Пра гэта напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» кіраўнік украінскага Цэнтра вайскова-палітычных даследаванняў Дзмітрый Тымчук.
Ён паведамляе, што для арганізацыі гэтых дыверсій напярэдадні ў бліжэйшых населеных пунктах быў арганізаваны згон 4 аўтамабіляў. «Арганізаваў згон нехта грамадзянін П., мянушка «Душман», ураджэнец Канстанцінаўкі, апошнім часам пражываў у Дружкоўцы, 1963 г.н., у цяперашні час - камандзір 3-га ўзвода батальёна т.зв. «Арміі Данецкай незалежнай рэспублікі», - піша Зміцер Тымчук.
Эксперт паведаміў, што гэты грамадзянін нядаўна арганізаваў вываз дачкі на тэрыторыю Расеі, а цяпер рыхтуецца да выезду ў Маскву яго жонка.
«У аўтамабілі, пакінутым на месцы дыверсіі, прарасейскімі экстрэмістамі была падкінутая сімволіка «Правага сектара», - распавёў ён.
Акрамя таго, эксперт сцвярджае, што гэтыя дыверсіі былі здзейснены ў рамках агульнага плана вайскова-палітычнага кіраўніцтва Расеі ў стварэнні ўмоў для вайсковага ўварвання ў тры вобласці Украіны.
«Гэтая дыверсія дала магчымасць самаабвешчанаму мэру Славянска патрабаваць уводу расейскіх войскаў на тэрыторыю Данецкай вобласці», - запэўнівае Тымчук.
Як вядома, ноччу ў Славянску на блокпосце ўзніклаф перастрэлка, у выніку якой адзін чалавек загінуў і трое атрымалі агнястрэльныя раненні.