Украінскі бізнэс чакае падатковая амністыя
5- 20.04.2014, 21:14
- 10,473
Кабінет міністраў Украіны прапанаваў Вярхоўнай Радзе і бізнэсу прапрацаваць рашэнне аб аб'яўленні падатковага кампрамісу або падатковай амністыі.
Пра гэта заявіў ва ўрадзе прэм'ер-міністр Украіны Арсень Яцэнюк, паведамляе УНІАН.
«Мы не выключаем таго, што нам трэба будзе прыняць рашэнне аб падатковым кампрамісе паміж суб'ектамі прадпрымальніцкай дзейнасці і дзяржавай. Хтосьці гэта называе падатковай амністыяй, я гэта называю падатковым кампрамісам», - падкрэсліў прэм'ер.
Ён нагадаў, што адначасова ў краіне скасоўваецца інстытут падатковай міліцыі і ствараецца адзіная служба фінансавых расследаванняў.
«У нас падрыхтаваны праект закона аб стварэнні службы фінансавых расследаванняў. Мэта закона ў тым, каб з сямі кантралюючых органаў...зрабіць адну службу, якая атрымае права праверкі эканамічнай і фінансавай дзейнасці прадпрыемства», - сказаў Яцэнюк.
Такая структура, з ягоных слоў, будзе ажыццяўляць выключна бязвыезны нагляд і выязджаць на прадпрыемства толькі ў выпадку разыходжанняў у справаздачнасці.