30 красавiка 2024, aўторак, 15:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Багданкевіч: Беларускаму рублю пагражае абвал праз рэцэсію эканомікі РФ

7
Станіслаў Багданкевіч: Беларускаму рублю пагражае абвал праз рэцэсію эканомікі РФ

Эканамічныя праблемы Расеі балюча ўдараць і па Беларусі.

Такім чынам экс-кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч пракаментаваў сайту charter97.org рэцэсію расейскай эканомікі.

«У нас ужо таксама ідзе рэцэсія, бо ў першым квартале адбылося падзенне аб'ёмаў прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, скараціліся грузаперавозкі і гэтак далей. І рэцэсія расейскай эканомікі адаб'ецца адмоўна на стане эканомікі Беларусі, бо асноўнай збыт прадукцыі нашай апрацоўчай прамысловасці ідзе ў Расею. То бок, калі ў іх ідзе падзенне аб'ёмаў вытворчасці, то, адпаведна, яны будуць купляць у нас менш тавараў. У Беларусі і так ужо вялікія праблемы са збытам прадукцыі - яе рэшткі на складах велізарныя, і гэта яшчэ больш пагоршыцца», - сказаў эканаміст.

Эксперт дадаў, што будуць праблемы і з курсам беларускага рубля.

«Яны ўжо ёсць, і мы бачым, што ідзе паўзучая дэвальвацыя, асабліва ў дачыненні да еўра. Калі браць за год з лішнім, то гэты абвал склаў блізу 20%. Але я мяркую, што яна ўзмоцніцца. Калі Беларусь не атрымае абяцаных Пуціным 2 мільярдаў даляраў і 440 мільёнаў даляраў ад Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, то, безумоўна, будуць цяжкасці з плацежным балансам і магчымая разавая дэвальвацыя яшчэ на 20%. Але я не думаю, што яна будзе да хакейных баталій, але пасля іх яе можна будзе чакаць», - падсумаваў Станіслаў Багданкевіч.

Нагадаем, Мінфін РФ мяркуе, што расейская эканоміка паводле вынікаў II квартала сыдзе ў рэцэсію.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках