30 красавiка 2024, aўторак, 21:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскі «падатковы манеўр» рыхтуе страты беларускім НПЗ

2
Расейскі «падатковы манеўр» рыхтуе страты беларускім НПЗ

Улады Расеі распрацавалі схему, якая прынцыпова зменіць сістэму падаткаабкладання ў нафтаздабычы і нафтаперапрацоўцы.

Дамова аб стварэнні Еўразійскай эканамічнай супольнасці (ЕАЭС) будзе падпісаная, як чакаецца, у траўні ў Астане, але з падпісаннем гэтага дакумэнта тыя выняткі і абмежаванні ва ўзаемным гандлі, што засталіся ў Мытным саюзе і АЭП, цалкам не знікнуць, піша «Інтэрфакс».

Беларуская старана намагае поўнай ліквідацыі гэтых выняткаў, маючы на ўвазе перш за ўсё адмову ад спагнання з Беларусі мытаў на экспарт выпрацаваных з расейскай нафты нафтапрадуктаў. Расея ж пакуль не гатовая пайсці на гэты крок.

У той жа час у Маскве не выключаюць магчымасці сур'ёзных зрухаў у гэтым пытанні, аднак разумеюць, што такая лаяльнасць абернецца занадта вялікімі стратамі для расейскага бюджэту. З мэтай іх кампенсаваць расейскія ўлады распрацавалі схему «вялікага падатковага манеўру», які прынцыпова зменіць сістэму падаткаабкладання ў нафтаздабычы і нафтаперапрацоўцы.

Аднак Беларусь яшчэ некалькі гадоў таму ўніфікавала з Расеяй экспартныя мыты на нафтапрадукты. Акрамя таго, летась краіна стала ўласніцай расейскага нафтавага актыву - кампаніі «Янгпур», а гэта значыць, што расейскі «падатковы манеўр» прымусіць гуляць паводле новых правілаў і беларускую нафтаперапрацоўку. Пры гэтым ужо сёння расейскія профільныя экспэрты кажуць аб фінансавых праблемах, якія чакаюць брутаўтваральную галіну краіны ў гэтым выпадку.

Колькі каштуе лаяльнасць Масквы?

На сённяшні дзень беларуская нафтаперапрацоўка далей застаецца інструмэнтам канфіскацыі часткі расейскай прыроднай рэнты на карысць беларускай эканомікі, адзначае ў сваім даследаванні дырэктар даследчага праекта расейскай групы "Петрамаркет" Іван Хамутоў.

"Дзякуючы бязмытным пастаўкам нафты беларуская эканоміка атрымала з Расеі ў 2013 годзе прыроднай рэнты на $ 8,3 млрд, з якіх $ 3,3 млрд пералічыла ў расейскі бюджэт у выглядзе вяртання мытаў. Выніковая сума перададзенай з Расеі ў Беларусь нафтавай прыроднай рэнты за мінулы год ацэньваецца, такім чынам, у $ 5 млрд, або прыкладна 8% БУП краіны", - адзначае экспэрт.

Паводле ягоных звестак, за 2011 год сума прыроднай рэнты склала $ 4,6 млрд, за 2012 - $ 4,8 млрд.

У сваю чаргу кіраўнік сэктара эканамічнага дэпартамэнта Інстытута энэргетыкі і фінансаў РФ Сяргей Агібалаў мяркуе, што кошт пытання крыху ніжэйшы - блізу $ 3-4 млрд штогод.

Паводле ягоных слоў, сёння перад Расеяй стаіць дылема: скасаваць для Беларусі пералічэнне экспартнай мыты ў расейскі бюджэт і, такім чынам, працягнуць яе субсідаванне, ці ж у рамках стваранага ЕЭС наогул адмовіцца ад экспартных мытаў.

"У 2013 годзе за кошт экспартных мытаў на нафтапрадукты расейскі бюджэт атрымаў $ 14 млрд. Калі гэтыя мыты скасаваць, ураду Расеі давядзецца звярнуцца да так званага падатковага манеўру, а менавіта - моцнага павышэння ПЗКВ пры адначасовым зніжэнні экспартнай мыты і акцызаў", - сказаў Агібалаў.

Між тым аб магчымасці "падатковага манеўру" згадваў у нядаўнім часе і намеснік міністра фінансаў РФ Сяргей Шаталаў. "Нас турбуе, што няма канчатковых дамоўленасцяў паміж Расеяй і Казахстанам і Беларуссю аб захаванні дзейных пагадненняў аб рэгуляванні рынку нафты і нафтапрадуктаў. З 1 студзеня наступнага года мы пераходзім на наступны этап інтэграцыі - Еўразійскі эканамічны саюз. Пакуль дамоўленасці не дасягнутыя, і разглядаюцца розныя сцэнары. У залежнасці ад таго, якія будуць пастановы, мы можам альбо паволі працягваць мадыфікацыю ПЗКВ і экспартнай мыты, альбо ісці на больш моцныя крокі", - сказаў ён.

Сяргей Агібалаў таксама выказаў здагадку, што ў выпадку прыняцця рынкавай стратэгіі, у якую ўваходзяць і "падатковы манеўр", расейская старана можа запатрабаваць кампенсацыі ў выглядзе набыцця беларускіх актываў.

Беларускія НПЗ пойдуць у мінус

Іван Хамутоў адзначае, што на сённяшні дзень экспэртная супольнасць разглядае тры варыянты развіцця падзей.

Паводле першага, інэрцыйнага сцэнара, існыя выняткі і абмежаванні стораны захаваюць, як мінімум, да 2020 года. У гэтым выпадку для беларускай нафтаперапрацоўкі нічога не зменіцца, краіна па-ранейшаму будзе пералічваць у расейскі бюджэт блізу $ 3-4 млрд штогод. У той жа час гэты варыянт развіцця падзей неспрыяльны для Менска, бо золатавалютныя рэзэрвы краіны знаходзяцца ў крытычным стане, а замежныя пазыкі вельмі няпэўныя.

У выпадку скасавання нафтавых мытаў, як намагаюць беларускія ўлады, прыбытковасць нафтаперапрацоўкі істотна ўзрастае, але ўзрастуць і страты расейскага бюджэту.

"Калі ж будзе зроблены "вялікай падатковы манеўр", маржа беларускіх НПЗ становіцца адмоўнай, у 2015 годзе яна будзе складаць блізка што мінус 10%, пад 2020 год сітуацыя крыху палепшыцца, але прыбытковымі заводы не стануць", - кажа Хамутоў.

"Павышэнне ПЗКВ няўхільна адаб'ецца на кошце нафты і пацягне за сабой моцны рост кошту аўтамабільнага паліва на расейскім рынку. Але не гэта галоўнае. Можна толькі ўявіць, якім коштам давядзецца купляць расейскую нафту беларускім НПЗ. І ці змогуць яны потым прыбыткова прадаць нафтапрадукты на сусветным рынку?" - заўважыў у сваю чаргу Агібалаў.

Такі прывабны "Янгпур"...

Магчымае моцнае падвышэнне ў Расеі ПЗКВ можа негатыўна адбіцца на дзейнасці нафтагазаздабыўной кампаніі "Янгпур", якая ў канцы 2013 года была набытая беларускім ВА "Беларуснафта". У актыве кампаніі знаходзіцца 6 радовішчаў, агульны аб'ём выманых запасаў і рэсурсаў складае звыш 40 млн тон, гадавая здабыча нафты і газавага кандэнсату - парадку 140 тысяч тон таварнага прадукту (план здабычы на 2014 год). Пры гэтым "Беларуснафта" разлічвае, што ў кароткай перспектыве аб'ём нафтаздабычы ўзрасце да 200 тысяч тон.

"Калі сумаваць прагназаваны на 2014 год аб'ём нафтаздабычы ў Беларусі і меркаваны аб'ём здабычы на радовішчах "Янгпура", можна канстатаваць, што краіна выйшла на той аб'ём здабычы нафты, які быў 10 гадоў таму", - падкрэслілі ў "Беларуснафце".

Пры гэтым там адзначылі, што сваю прысутнасць у РФ кампанія звязвае не толькі з павелічэннем паслуг нафтавага сэрвісу, але і "з перспектывамі новых набыткаў".

Між тым, адказваючы на пытанне агенцтва, ці не прычыняць чаканыя падатковыя змены шкоды дзейнасці "Беларуснафты" ў Расеі, у кампаніі не здолелі даць адназначнага адказу.

"Пакуль такія варыянты не пралічваліся. Але, мабыць, пры прыняцці пастановы аб куплі "Янгпура" топ-мэнэджмент аб'яднання ўлічваў усе патэнцыйныя рызыкі", - сказаў прадстаўнік "Беларуснафты".

У той жа час экспэрты адзначаюць, што "вялікі падатковы манеўр" можа прычыніцца да таго, што дзейнасць "Янгпура" стане менш прыбытковай, а "Беларуснафта" будзе вымушаная перагледзець свае планы наконт далейшага расшырэння сваёй прысутнасці ў расейскай нафтаздабычы.

"Магчыма, планы набыцця новых актываў будуць часова замарожаныя, а сама "Беларуснафта" засяродзіцца на паслугах нафтавага сэрвісу на расейскім рынку і будзе разглядаць магчымасць куплі нафтаздабыўных актываў у іншых рэгіёнах свету, у тым ліку і ў Эквадоры, на рынак якога яна цяпер актыўна прасоўваецца", - сказаў прадстаўнік галіны.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках