27 красавiка 2024, Субота, 20:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕЗ рыхтуе фінансавыя санкцыі супраць крымскіх банкаў

ЕЗ рыхтуе фінансавыя санкцыі супраць крымскіх банкаў

Улады Еўрапейскага Звязу пастанавілі больш дэталёва прапрацаваць сваю фінансавую палітыку ў дачыненні да Крыма.

Гаворка ідзе пра абмежаванне дзейнасці крымскіх інвестараў і банкаў.

Паводле звестак агенцтва Reuters, у распараджэнні якога маецца праект дакумэнта, распрацаваны ўладамі ЕЗ, плануецца ўвядзенне абмежаванняў на рух капіталу паміж крымскімі банкамі і крэдытнымі арганізацыямі Еўрапейскага Звязу.

Акрамя таго, у ЕЗ вывучаецца магчымасць забароны на капіталаўкладанні з боку зарэгістраваных у Крыме кампаній у еўрапейскія праекты. Аналагічныя абмежаванні плануецца ўвесці і супраць кампаній еўразоны, забараніўшы ім развіваць інвестыцыйныя праграмы ў Крыме, піша NEWSru.com.

Еўрапейскія ўлады запатрабавалі ад распрацоўнікаў дакумэнта падрыхтаваць абмежавальныя захады ў дачыненні да Крыма такім чынам, каб іх можна было ўвесці хутка. Пры гэтым пастановы аб крымскіх банках і інвестарах распрацоўваюцца асобна ад новых санкцый у дачыненні да Расеі.

У паведамленні агенцтва адзначаецца, што дакумэнт распрацоўваўся Еўракамісіяй для ўрадаў краін ЕЗ. Наступствы ад яго рэалізацыі пакуль толькі вывучаюцца ў кабінетах еўрапейскіх чыноўнікаў. Пры гэтым пастанова, пільнавацца іх ці не, як мяркуе Reuters, будзе прынятая на сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін ЕЗ, якая прызначаная на 12 траўня.

Што да расшырэння санкцый супраць Расеі, якія распрацоўваюцца асобна ад абмежавальных захадаў у дачыненні да Крыма, то іх ўвядзенне, як паведаміў кіраўнік Службы замежнага дзеяння ЕЗ П'ер Вімон, будзе залежаць ад таго, як будзе развівацца сітуацыя ва Украіне.

"Апошнім часам на ўсходзе Украіны адбыўся цэлы шэраг падзей, таму цяпер працягваецца вывучэнне пытання, якія з асоб, адказных за гэтыя падзеі, могуць падпасці пад індывідуальныя санкцыі. Мы ўбачым вынік, калі надыдзе час. І гэта шмат у чым будзе залежаць ад таго, што будзе адбывацца на Украіне", - растлумачыў Вімон.

Кіраўніцтва Еўрапейскага Звязу, як распавёў прэс-сакратар кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі Майкл Ман, мерыцца ўвесці новыя санкцыі супраць 15 афіцыйных расейскіх асоб. Іхныя імёны ён называць не стаў, але пры гэтым падкрэсліў, што ў "чорны спіс" трапяць некалькі крымскіх чыноўнікаў, якія, на думку Брусэля, нясуць адказнасць за эскалацыю ўкраінскага крызісу.

Цяпер супраць некалькіх дзясяткаў расейскіх палітыкаў ужо дзейнічаюць санкцыі Еўрапейскага Звязу і ЗША. Яны маюць на ўвазе візавыя абмежаванні і блакаванне рахункаў расейскіх чыноўнікаў у еўрапейскіх і амэрыканскіх банках, калі яны, вядома, там былі адкрытыя. Расея на дзеянні Вашынгтона і Брусэля зрабіла "сімэтрычны адказ", ужыўшы аналагічныя санкцыі ў дачыненні да некалькіх заходніх палітыкаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках