6 траўня 2024, панядзелак, 13:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Le Figaro: Сын камунізму Пуцін здзейсніў памылку

18
Le Figaro: Сын камунізму Пуцін здзейсніў памылку

Расейскі кіраўнік вывеў Расею з заходняй цывілізацыйнай прасторы.

Сёння ў гаспадара Крамля атрымліваецца, здаецца, усё, - піша Аляксандр Мельнік, выкладчык Бізнес-школы ICN Нансі-Мец, на сайце французскай газеты Le Figaro. - Ён анэксуе Крым без адзінага стрэлу, "грызе" астатнюю Украіну, навязвае Захаду сваю пазіцыю ў Жэневе і б'е рэкорды папулярнасці ў расейцаў, якія, запаўшы ў нацыяналістычны экстаз, апладзіруюць яго дасягненням, нібы гэта працяг Алімпіяды ў Сочы"

"На самой справе расейскі прэзідэнт вырашыў, што яму ўсё дазволена, ім рухае цьмянае маральнае і гісторыка-эмацыянальнае прадчуванне, нейкая новая pravda (вышэйшая, ці ледзь не боская ісціна), якая ўзводзіць Расею ў ранг святой збавіцельніцы збітага з панталыку Захаду, - гаворыцца у артыкуле (пераклад - Инопресса). - Ён з'яўляецца ўвасабленнем прававога нігілізму, які ўласцівы на працягу стагоддзяў яго краіне, у якой да закона ставяцца як да камяка паперы".

"Аднак ён таксама - і ў першую чаргу! - духоўны сын камунізму ў ланцужку Ленін-Сталін-Брэжнеў-Андропаў, - падкрэслівае аўтар. - Спараджэнне гэтай злачыннай сістэмы, якая так і не паўстала перад судом Гісторыі. Унутраны гадзіннік расейскага прэзідэнта замер у 1970-х - у той час, калі ён прайшоў падрыхтоўку агента КДБ і не мог успрымаць свет інакш, чым праз прызму халоднай вайны".

Хто можа растлумачыць яму, што з тых часоў свет змяніўся? І чаму, у рэшце рэшт, ён так пагарджае Захадам? - задае рытарычныя пытанні аўтар.

"Адважуся часткова адказаць: выкармлены малаком цынізму, якое насычала яго краіну пры Брэжневе, калі савецкія вяшчальнікі, якія павінны былі змагацца з "тлятворным уплывам капіталізму", на справе пакланяліся культу грамадства спажывання, натхнёнага Амерыкай, ён сёння і ўявіць сабе не можа, што асноватворныя каштоўнасці Захаду (індывідуальная свабода, чалавечая годнасць, вяршэнства закона, дэмакратыя, грамадзянская супольнасць, свабодная прэса і іншыя) могуць быць чымсьці, акрамя семантычнага падману, які маскіруе прынаду. Усе гэтыя каштоўнасці ў вачах Пуціна - не больш як "дымавая заслона", - піша палітолаг.

На жаль, сучаснасць адзначаная падзеямі, якія ўмацоўваюць Пуціна ў яго памылцы: былы бундэсканцлер Герхард Шродэр стаў супрацоўнікам "яго" "Газпрама"; Тоні Блэр дорага прадае свае парады аўтарытарнаму рэжыму Казахстана. Не кажучы ўжо пра Жэрара Дэпардзье, які, па глыбокім перакананні Пуціна, хавае за прызнаннямі ў любові да рускай культуры банальнае жаданне не плаціць падаткі ва ўласнай краіне, дзе ва ўладзе зараз сацыялісты, - паведамляецца ў артыкуле.

Аднак Пуцін, умелы і ашчадны тактык, усё ж здзейсніў гістарычную памылку, якая нясе ў сабе цяжкія наступствы для будучыні Расеі.

"Вывесці Расею з заходняй цывілізацыйнай прасторы за адносна кароткі час - вось гэта "дасягненне", - іранізуе аўтар. - Ні татара-мангольскаму ярму, ні самому рэтраграднаму царызму, ні аднаму з генсакаў КПСС ніколі раней гэта не ўдавалася".

"Нарэшце, гістарычная памылка Пуціна не абмяжоўваецца межамі яго краіны. Пакінем нерашучасць "рэалпалітык" і перастанем баяцца сказаць гэта ўслых: Пуцін стаў пагрозай міру ва ўсім свеце. Ён і толькі ён, у канчатковым выніку, нясе адказнасць за разбуральную эскалацыю ў глабальным маштабе", - заключае Мельнік.

Фота: AP

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках