26 красавiка 2024, Пятніца, 19:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Светлы шлях Пракаповіча

26
Светлы шлях Пракаповіча

Дваццаці гадоў яшчэ не прайшло, а ўжо вызначаны шлях да ўсенароднага шчасця.

І што характэрна, знайшлі яго не замшэлыя акадэмікі, якія даўно нікога нічым не здзіўляюць. Ёсць у нашай краіне па-сапраўднаму выдатныя мысляры. Сціплыя. Непрыкметныя. Але дзяржава без увагі іх не пакінула. Усе яны сёння пры ўладзе. Працуюць нястомна, самааддана. І грамадства ледзь паспявае асэнсоўваць ідэі свайго неўтаймаванага кіраўніцтва.

Не так даўно падчас публічнага чытання ў палатцы тутэйшага аналага знакамітага ліста Ванькі Жукава “на деревню дедушке” была агучана надзвычай крэатыўная думка наконт таго, што нанач бульбу варта есці не з салам, а з селядцом. Беларусы яшчэ не паспелі ачомацца ад гэтай неверагоднай навіны, а тут яшчэ адна, не менш сенсацыйная, бліснула маланкай.

Гэтым разам ідэю агучыў не правадыр асабіста, а ягоны надзейны паплечнік – герой Беларусі таварыш Пракаповіч. У Брэсце, на выязным пасяджэнні Савета па развіцці прадпрымальніцтва. Сабраўшы зацікаўленых журналістаў, ён рашуча акрэсліў найкарацейшы шлях у светлую будучыню. І вызначыў акалічнасці, якія замінаюць пакуль што нашаму прарыву ў тую запаветную далячынь.

Беларусы, як стала вядома, самі правакуюць эканамічныя цяжкасці ва ўласнай краіне. Дзе працоўны чалавек можа знайсці зараз найлепшыя тавары? Кожны чыноўнік, нават найдрабнейшы, адкажа імгненна і беспамылкова: тут! А наіўныя, недасведчаныя грамадзяне вывозяць свае грошы за мяжу ды купляюць усё тамтэйшае – не высокай якасці па шалёных коштах. Адсталая свядомасць. Няма патрыятызму. Таму і топчацца краіна на адным месцы. Дайшло да таго, што кіраўніцтва нават дыпламатаў прымушае гандляваць шэдэўрамі айчыннай вытворчасці ледзь не на блашыных рынках. Каб хоць нейкі цэнт вярнуць у бюджэт.

А калі б спыніць тыя фінансавыя патокі, што па волі легкадумных грамадзян сплываюць за кардон, расквітнела б краіна. Як адзначыў віцэ-прэм’ер Пракаповіч у тым жа Брэсце, “валюты засталося б столькі, што станоўчае сальда было б некалькі мільярдаў даляраў, і наш рубель не толькі не дэвальваваўся б, але паступова ўмацоўваўся б і быў бы адной з самых устойлівых валют”.

Чым не навуковае адкрыццё? Калі і гэтым разам Нобелеўскі камітэт эканамічную сенсацыю не заўважыць і аўтара ідэі не ўганаруе адпаведнай прэміяй, то хіба што ад звычайнай зайздрасці. Усё ж так проста, а ніхто таго не ведаў!

Сапраўды, таленавітыя людзі кіруюць сёння самай шчаслівай у свеце краінай. Чалавецтва выдумляе розныя рэформы, блытаецца, пачынае ўсё нанова, а вынік мізэрны. А тут падумалі крыху і імгненна здагадаліся, як з дапамогай фокуса здзейсніць эканамічны цуд. Нават мяжу перакрываць не трэба. А тым болей, рабаваць рахункі грамадзян, як тое было ў познія савецкія часы.

Варта толькі сёе-тое скарэктаваць у парадку выезду. Хто ж не разумее, чаго шукае большасць за кардонам. І вось, скажам, падыходзіць гэткі вандроўнік да запаветнай брамкі. А яму памежнік або хтосьці іншы, ветлівы надзвычай, раіць зазірнуць спачатку ў суседнюю залю. А там – неверагоднае відовішча. Тавары на любы густ. Адмысловыя, найвышэйшай якасці. З якімі замежныя буцікі і побач не стаялі. Зразумела, айчынная вытворчасць. І цэны памяркоўныя.

Усё наадварот? Дорага і кепска?

У такім разе, па старой тутэйшай завядзёнцы. З квітком у пашпарце на адпаведную суму, выдаткаваную у крамах на айчынныя тавары, – да той самай брамкі. А без квітка – нікуды. Прымус, няволя, адміністрацыйны рэсурс? Не, патрыятызм. Рэалізацыя крэатыўнай праграмы Пракаповіча па выратаванні айчыннай эканомікі. Калі не так, то якім чынам прымусіць чалавека купляць тое, што нікому не патрэбна?

А ўвогуле, высокая якасць беларускіх тавараў і іх памяркоўныя кошты маглі б сёння не выглядаць чымсьці занадта фантастычным. Дваццаць год таму ўсё было магчыма. Краіна ў той час яшчэ не змарнавала свой патэнцыял.

Але ў змаганні ідэй тады перамагла эканамічная школа саўгаса “Гарадзец”. А паводле яе асноўным вытокам працвітання дзяржавы застаецца кішэня грамадзян. Купляйце беларускае!

Грамадства цёмнае, не адгукаецца на заклік. І сядзяць драздоўскія мысляры і ламаюць галаву над невырашальнай праблемай: дзе ўзяць грошы? Як прадаць тое, што ніхто купляць не хоча? Куды яшчэ паслаць ганца – на Кубу, у Зімбабве, у Кот-д’Івуар? Ды хоць на Бераг Маклая – вынік будзе ўсё той жа, бо тавар з катэгорыі “ні богу свечка, ні чорту качарга”.

А таму ідэі, агучаныя ў Брэсце, маюць рэальную перспектыву. Падобна на тое, што да усенароднага шчасця пойдзем светлым шляхам Пракаповіча.

Вось толькі Нобелеўскую прэмію ён наўрад ці атрымае. Ідэя не надта арыгінальная. Яна ўжо даўно пануе ў Паўночнай Карэі. Імя ёй – чучхе. І выйсці на той высокі ўзровень не цяжка. Яшчэ дваццаць год не спатрэбіцца.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках