7 траўня 2024, aўторак, 2:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тэрарысты ў Славянску паказалі прэсе захопленых інспектараў АБСЕ

7

Баевікі хочуць абмяняць закладнікаў на затрыманых раней прарасейскіх экстрэмістаў.

Інспектары місіі запэўнілі, што адчуваюць сябе добра, падчас захопу не пацярпелі і не з'яўляюцца ваеннапалоннымі. Пра гэта пішуць міжнародныя журналісты, якія прысутнічалі на прэс-канферэнцыі ў Славянску, паведамляе «Украінская праўда».

«Мы - госці «мэра» Панамарова. Мы не ведаем, калі нас адпусцяць», - прыводзіць словы вайсковага нямецкага інспектара адзін з журналістаў. Таксама прадстаўнік місіі дадаў, што не ведае ніякіх умоў, пры якіх іх могуць вызваліць.

«Мы чальцы місіі АБСЕ, ажыццяўляем кантроль за ўзбраеннем, у нас не было разведвальнай тэхнікі і ў нас ёсць дыпламатычны статус», - заявілі вайсковыя інспектары. Інспектары таксама адзначылі, што калі «народны мэр» Славянска прапанаваў ім узяць удзел у прэс-канферэнцыі, яны пагадзіліся, бо хацелі, каб іх сем'і ўбачылі іх.

Раней самаабвешчаны «мэр» Славянска Вячаслаў Панамароў заявіў, што хоча абмяняць «ваеннапалонных інспектараў» на затрыманых раней сепаратыстаў і свайго зніклага намесніка Ігара Перапечаенку, сувязь з якім перапынілася падчас вяртання з Масквы з перамоў. Месцазнаходжанне Перапечаенкі да гэтага часу невядомае. Прадстаўнікі місіі АБСЕ былі затрыманыя 25 красавіка: на ўездзе ў Славянск з боку Краматорска невядомыя спынілі аўтобус з 13 пасажырамі. Сярод іх знаходзіліся 7 прадстаўнікоў АБСЕ, 5 прадстаўнікоў Узброеных Сіл Украіны і кіроўца транспартнага сродку.

МЗС Украіны звярнуўся да РФ з патрабаваннем паўплываць на тэрарыстаў, каб тыя вызвалілі прадстаўнікоў місіі, якія прыбылі ў Славянск з мэтай «азнаямлення з ходам правядзення антытэрарыстычнай аперацыі на прадмет выканання Украінай нормаў міжнароднага права ў частцы абароны грамадзянскага насельніцтва». У сваю чаргу ў АБСЕ заявілі: тыя, што знаходзіліся ў захопленым аўтобусе, не маюць дачынення да спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ ці да назіральнікаў на выбарах. Паводле звестак АБСЕ, затрыманыя - вайсковая Верыфікацыйная місія, якая «прыбыла паводле запрашэння ўладаў Украіны ў адпаведнасці з венскім дакументам 2011 года». У яе ўваходзяць восем чалавек: чацвёра грамадзян Нямеччыны і па адным прадстаўніку з Чэхіі, Даніі, Польшчы і Швецыі.

Украінскія сілавікі вядуць з тэрарыстамі перамовы аб вызваленні палонных.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках