27 красавiка 2024, Субота, 14:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Магілёўцы маліліся за ахвяр аварыі на ЧАЭС

Магілёўцы маліліся за ахвяр аварыі на ЧАЭС

Каля паўтары дзясятка актывістаў апазіцыі ўзялі ўдзел у акцыі, прысвечанай ахвярам Чарнобыля.

Яна прайшла ля памятнага крыжа паблізу Паўднёва-Усходніх (Лаўсанаўскіх) могілак Магілёва. Удзельнікі акцыі ўсклалі кветкі да памятнага крыжа, быў прачытаны малебен. Мерапрыемства, якое пачалося блізу 12.00 26 красавіка, працягвалася амаль паўгадзіны, паведамляе БелаПАН.

Як адзначыў старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў, пасля Чарнобыльскай катастрофы ў Беларусь прыйшла новая бяда - будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Са слоў Шанцава, новая электрастанцыя будуецца паводле расейскага праекту, які не праходзіў выпрабаванняў, з высокай аварыйнасцю, дрэннай надзейнасцю. Таксама не было праведзена ніякіх грамадскіх дыскусій адносна гэтага будаўніцтва, распавёў Шанцаў, падкрэсліўшы, што Беларусь усё больш трапляе ў залежнасць ад Расеі.

На думку прадстаўніка Свабоднага прафсаюза Беларускага Юрыя Новікава, для будаўніцтва атамнай электрастанцыі Беларусь проста не гатовая, паколькі з'яўляецца адсталай у тэхналагічным плане краінай. «Трэба развіваць альтэрнатыўную энергетыку, больш бяспечную і якая не мае патрэбы велізарных укладанняў у будаўніцтве і абслугоўванні», - сказаў Новікаў.

Таксама ён праінфармаваў, што ўладамі па-ранейшаму замоўчваюцца праблемы Чарнобыля - у забруджаных раёнах жывуць людзі, там жа ўведзены ў абарачэнне зямлі, а вырашчаная прадукцыя ідзе ў ежу.

У Магілёве ў пасёлку Любуж каля мемарыяльнага знака «Ахвярам Чарнобыля» таксама прайшоў афіцыйны жалобны мітынг.

Як адзначыў Уладзімір Шанцаў, улады не дапускаюць да ўдзелу ў акцыі ў Любуж сваіх палітычных апанентаў, баючыся іх выступаў.

«Часта нашы спробы ўзяць там удзел заканчваліся затрыманнямі, нягледзячы на тое, што, у прыватнасці, наша арганізацыя з'яўляецца зарэгістраванай. Таму мы праводзім сваю акцыю ля крыжа памяці паблізу могілак», - распавёў Шанцаў.

Нагадаем, у беларускай сталіцы вўчора прайшла акцыя, прысвечаная трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Яна была дазволена беларускімі ўладамі. Арганізатары «Чарнобыльскага шляху» атрымалі адказ з Менгарвыканкама, у адпаведнасці з якім 26 красавіка шэсце пройдзе па праспекце Незалежнасці і вуліцы Сурганава да парку Дружбы народаў.

Мерапрыемства было вырашана правесці пад лозунгам абароны Беларусі ад ядзернай небяспекі з боку Расеі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках