5 траўня 2024, Нядзеля, 20:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праз санкцыі «Роснефть» застанецца без крэдыту ў $ 4 мільярды

4
Праз санкцыі «Роснефть» застанецца без крэдыту ў $ 4 мільярды

Грошы расейская кампанія спадзявалася атрымаць у выглядзе крэдытаў у кошт будучых паставак нафты British Petroleum і нафтатрэйдэру Vitol.

Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на свае крыніцы ў банках, піша РБК.

"Сітуацыя для "Роснефти" пагаршаецца, гэтыя пагадненні аб папярэдняй аплаце сталі для кампаніі важнай крыніцай сродкаў, іх трэба ўкласці", - сказала адна з крыніц.

Са слоў іншага банкіра, пасля шматмесячнай затрымкі "Роснефть" і ВР амаль дамовіліся пра крэдыт на $ 1,5-2 млрд тэрмінам на пяць гадоў. Угода яшчэ можа адбыцца, бо, на думку юрыстаў, супраць самой "Роснефти" ніякіх санкцый няма.

Аднак іншыя экспэрты мяркуюць, што ўгода не адбудзецца праз магчымасць новых санкцый, у чаканні якіх заходнія банкі імкнуцца скараціць аперацыі з расейскімі кампаніямі. Імавернасць дамовіцца пра крэдыты была б вышэйшая, калі б Сечын пакінуў сваю пасаду, сказала адна з крыніц.

"Гэта залежыць ад фармулёўкі санкцый і таго, ці застанецца Сечын актыўным дырэктарам кампаніі", - сказаў ён.

У апублікаванай напярэдадні справаздачы Газпрома за 2013 год кіраўнікі газавага гіганта прызналі, што санкцыі могуць абцяжарыць доступ кампаніі на рынак фінансавання.

"Гэта можа прычыніцца да страты даверу міжнародных інвестараў да эканомікі рэгіёну і да інвестыцый у Расею ў цэлым. Вынікам адсутнасці даверу можа стаць зніжэнне ліквіднасці, нестабільнасць гандлёвай дзейнасці і істотнае зніжэнне кошту каціраваных каштоўных папер кампаній, якія вядуць дзейнасць у Расеі, у тым ліку АДР ААТ "Газпром", а таксама немагчымасць для Групы "Газпром" прывабліваць пазыковы або акцыянерны капітал на міжнародных рынках капіталу", - адзначаецца ў справаздачы Газпрома.

У сярэдзіне красавіка 2014 года міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings назвала скарачэнне фінансавання найбольш актуальнай пагрозай для расейскага карпарацыйнага сэктару, адзначыўшы ў той жа час, што найбуйнейшыя расейскія кампаніі ў змозе вытрымаць працяглае зніжэнне прытоку замежнага капіталу, а расейскія банкі маюць магчымасць замяніць частку замежных запазычанняў.

Раней агенцтва Moody's абвясціла аб тым, што агульная запазычанасць рэйтынгаваных расейскіх кампаній нефінансавага сэктару, намінаваная ў замежнай валюце, выглядае кіраванай.

На думку экспэртаў, значныя грашовыя рэшткі ў замежнай валюце і экспартны даход дапамагаюць знізіць рызыкі. Пры гэтым у выпадку закрыцця доступу да міжнародных фінансавых рынкаў расейскія кампаніі змогуць скарыстацца крэдытамі расейскіх банкаў.

Нафтагазавы сэктар, сэктар тэлекамунікацый, электраэнэргетыка і інфраструктурны сэктар у найменшай ступені падлеглыя рызыцы. Паводле ацэнак агенцтва, яны валодаюць дастатковымі грашовымі сродкамі для сплаты большасці альбо ўсіх сваіх пазыковых абавязанняў да канца чэрвеня 2015 года.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках