26 красавiка 2024, Пятніца, 7:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Telegraph: Расеі нядоўга засталося

116
The Telegraph: Расеі нядоўга засталося

Уладзімір Пуцін дапусціў жудасны стратэгічны пралік, пашкуматаўшы кнігу правілаў міжнародных стасункаў і не спытаўшы згоды Кітая.

Пра гэта піша ў аўтарскім матэрыяле брытанскі карэспандэнт Эмброўз Эванс Прычард у The Telegraph (пераклад econbez.ru).

Выданне нагадвае, што Уладзімір Пуцін у сваёй пераможнай прамове аб Крыме паспяшаўся падзякаваць кітайскаму палітбюро за нібыта нададзеную падтрымку, а міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў з уласцівай яму эластычнасцю паведаміў пра «супадальныя ацэнкі Расеі і Кітая сітуацыі ва Украіне».

Гэта, вядома ж, заўзятая хлусня, сцвярджае журналіст. Кітай не стаяў за Расеяй падчас галасавання аб Крыме ў Радзе Бяспекі, як гэта было ў выпадку з Сірыяй. Ён дэманстрацыйна ўстрымаўся. Яго міністэрства замежных спраў заявіла, што «Кітай заўсёды пільнуецца прынцыпаў неўмяшання ва ўнутраныя справы ўсякай дзяржавы і паважае незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны».

Выданне нагадвае, што ўсякае спадзяванне на вярбоўку Пекіна ў якасці хаўрусніка, які дапаможа суняць боль санкцый Захаду, асуджанае на крах - а разам з ёй і шанцы Крамля на бязбольную геапалітычную перамогу...

Невядома дакладна, што сказаў кітайскі лідэр Сі Цзіньпін падчас сустрэчы з прэзідэнтам Баракам Абамам у Гаазе, але тое, што ён сказаў, не мае нічога агульнага з адвольнымі ацэнкамі Крамля. Намеснік дарадца ў нацыянальнай бяспецы ЗША Бэн Родс захоплены хадой гэтых перамоў, і пасля іх сцвярджаў, што Расея больш не можа спадзявацца на «традыцыйнага хаўрусніка».

І калі гэта так, то прэзідэнта Расеі ашукалі. Ён не здолее выратаваць Расею ад фінансавага задушвання амэрыканскімі фінансавымі мускуламі - і ў выпадку калі ён пашле жаўнераў ва Усходнюю Украіну, і ў выпадку, калі ён проста абмяжуецца раздзіманнем там бязладдзя, з дапамогай расейскіх агентаў-правакатараў.

Няма ў яго надзеі і на тое, што выпадзе змяшаць усе карты Захаду, стварыўшы з Кітаем Еўразійскі блок - лігу аўтарытарных рэжымаў, што кантралюе гіганцкія запасы прыродных рэсурсаў. Гэткі скутак - абсэсія «шпэнглерытаў», саманенавіснікаў Захаду, упэўненых у тым, што з Амэрыкай скончана, і што даляр будзе заменены на еўразійскі залаты дукат.

Рэчаіснасць у тым, што Кітай рэгулярна і нястомна разбурае манаполію Расеі на кантроль над газавымі запасамі Сярэдняй Азіі. Туркменскі газ заўсёды ішоў на поўнач, і быў закладнікам коштавай палітыкі Газпрома. Цяпер ён ідзе на ўсход. Прэзідэнт Сі асабіста з'явіўся ў верасні 2013 на адкрыццё 1800-км газаправода ў Кітай з радовішча Галкініш, другога аб'ёмамі ў свеце (26 трлн кубамэтраў).

Праз газаправод будзе пастаўляцца да 62 мільярдаў кубамэтраў газу штогод. Гэта - палова таго, што Газпром пастаўляе Еўропе. Тое ж самае адбываецца ў Казахстане, дзе кітайскія кампаніі ўсталявалі кантроль над большай часткай энэргетычнай індустрыі. Падзеі з'едліва апісаныя ў сэрыі дыпламатычных тэлеграм з Сярэдняй Азіі, апублікаваных Wikileaks. Брытанскі дыпламат у 2010 паведамляе, што расейцы «з болем» назіраюць за тым, як іхнае энэргетычнае дамінаванне ў Сярэдняй Азіі выпараецца.

Яшчэ больш расплюшчвае вочы на падзеі тэлеграма, у якой цытуецца пасол КНР у Казахстане Джэнь Гуапін. Ён папярэджвае, што Кітай і Расея ідуць курсам, што вядзе да сутыкнення, і той стараной, што саступіць, будзе не Кітай. Амбасадар заявіў: «У будучыні стасункі паміж вялікімі дзяржавамі ў Сярэдняй Азіі будуць далікатныя і складаныя. Новыя нафта- і газаправоды руйнуюць расейскую манаполію на энэргетычны экспарт».

Спадар Джэнь не толькі пазітыўна ацаніў амэрыканскую ролю ў рэгіёне, але і выказаў меркаванне аб тым, што NATO павінна ўзяць удзел у якасці назіральніка на перамовах Шанхайскай Арганізацыі Супрацоўніцтва - меркаваны расейска-кітайскі адказ на вось ЕЗ/NATO - з мэтай «разбурыць расейскую манаполію ў рэгіёне».

Вось СССР/Кітай была адным з упадабаных пудзілаў у 60-х. Генры Кісінджэр, аднак, бачыў, што дзве варожыя культуры – як агонь з вадою на ўсім працягу іх мяжы. Як трапна выказаўся ў 2006 Акіхера Івасіта, «Чатыры тысячы кіламэтраў праблем».

Джордж Валдэн выставіў напаказ глыбокія карані гэтага ўзаемнага недаверу ў сваёй маленькай кнізе China: A Wolf in the World? Ён працаваў дыпламатам і ў Расеі, і ў Кітаі. Ён быў адным з вельмі нешматлікіх прадстаўнікоў Захаду, якія жылі ў Кітаі ў перыяд культурнай рэвалюцыі. Ён усутыч назіраў, як глыбока дзве галіны братоў-марксістаў ненавідзелі адзін аднаго. І сапраўды, яны дайшлі да мяжы ядзернай вайны. І ЦВА, і Дзярждэпартамэнт былі аглушаныя ягонай справаздачай. У іх не было крыніц на месцах у эпоху Мао.

Валдэн кажа, што кітайцы ніколі не даруюць расейцам захопу Усходняй Сібіры - яшчэ за царом. Для іх гэта - «страчаныя абшары». Яны жадаюць вяртання ўласнасці, і ў гэтым іх падтрымлівае этнічнае перасяленне за Амур, што вельмі нагадвае мэксіканскую міграцыйную Рэканкісту Каліфорніі і Тэксаса.

Насельніцтва Усходняй Сібіры за 20 гадоў скарацілася з 8 да 6,3 мільёнаў чалавек, і за гэтымі лічбамі стаяць гарады-прывіды ўздоўж Транссібірскай магістралі. Расея не змагла скарыстацца плёнам свайго ўсходняга прадпрыемства. З узроўнем нараджальнасці 1,4, хранічным алкагалізмам і чаканым скарачэннем насельніцтва на 30 мільёнаў - паводле прагнозаў, пад 2050 у Расеі будзе жыць не больш за 110 мільёнаў чалавек (паводле статыстыкі ААН, а не дэмографаў спадараПуціна ), нацыя няўхільна адпаўзе да еўрапейскага бастыёну старой Масквы. Пытанне ў тым, наколькі хутка, і наколькі спакойна.

Экспэрт у пытаннях Кітаю Джонатан Фэнбі кажа, што ў кітайскай Радзе Нацыянальнай Бяспекі ёсць фракцыя, якая мерылася падтрымаць Пуціна ва Украіне, спадзеючыся наўзамен выціснуць з яго больш выгадныя ўмовы паставак газу, прадуктаў харчавання і карысных выкапняў. Але гэтыя галасы былі заглушаныя Сі Цзіньпінем. Ён гуляе на больш складанай стратэгічнай сцэне.

Кітай, мабыць, пойдзе па туга напятым канаце, «хаваючы сваё хараство і купляючы час». Гэта стала цяжэй з эскалацыяй украінскага крызісу. Пекіну давядзецца выбіраць. Больш чым верагодна, што імпэрскі Цзіньпінь не выкіне вялікі прыз амэрыканска-кітайскай «Вялікі Двойкі» дзеля выратавання ўбогага і некампетэнтнага рэжыму ў Маскве - ад яго ўласнай безразважнасці.

Пуцін павінен цяпер усвядоміць, наколькі фатальная ягоная ізаляцыя, і наколькі небяспечны кожны наступны крок. Нават усёдаравальная канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркэль страціла цярплівасць і скрушна наракае на «неўнікнёную страту даверу». Дастаткова еўрапейскіх трубаправодаў, пачынаючы з 2009 года, былі пераабсталяваныя для падачы паліва ў двух кірунках з мэтай, у выпадку патрэбы, дапамагчы неабароненым прымежным дзяржавам. Восем дзяржаў ЕЗ маюць тэрміналы LNG. Яшчэ два - Польшча і Літва - далучацца да клубу сёлета.

Саміт ЕЗ на мінулым тыдні быў заклікам да зброі. Чыноўнікам загадана на працягу 90 дзён распрацаваць план пазбаўлення залежнасці ад Газпрома. Нават калі праміне гэтым разам, Еўропа зробіць радыкальныя крокі з мэтай пошуку іншых крыніц энэргіі. Імпарт з Расеі скароціцца напалову на працягу 10 гадоў.

Уцёкі капіталу з Расеі ў першым квартале дасягнулі 70 мільярдаў даляраў. Расейскі Цэнтрабанк не можа абараніць рубель без узмацнення жорсткасці манетарнай палітыкі, у працэсе пагаршаючы рэцэсію. Расейскім банкам і прадпрыемствам трэба будзе бліжэйшымі 12 месяцамі сплаціць крэдытаў на 155 мільярдаў даляраў - на варожым рынку, даплаты на якім ужо цяпер павысіліся на 200 базісных пунктаў.

Спадар Пуцін цяпер пачынае ўсведамляць, што глабальныя рынкі больш напалоханыя амерыканскай камісіяй каштоўных папер, чым расейскімі танкамі Т-90. Усякая санкцыя супраць усякага расейскага алігарха, звязанага з расейскай кампаніяй, выштурхоўвае гэтую кампанію з глабальнага рынку і патэнцыйна вядзе да дэфолту. Крэдыторы на Захадзе спякуцца. Але ніхто не возьме гэта ў разлік, калі гаворка ідзе пра інтарэсы нацыянальнай бяспекі.

Пуцін таксама выбраў не самы ўдалы момант для сваёй авантуры. У Еўропы цяпер - незвычайна вялікія запасы газу. Кошт нафты - пры іншых захаваных варунках - павінен упасці. Ірак дасягнуў максімальнага ўзроўню вытворчасці за апошнія 35 гадоў, Амэрыка штодня дадае на рынак па некалькі соцень барэляў сланцавай нафты, а Лібія аднаўляе экспарт. Паводле статыстыкі International Energy Agency, сусветная здабыча ў мінулым месяцы падскочыла на 600 тысяч барэляў на дзень. Deutsche Bank прарочыць перанасычэнне рынку.

Тое ж самае дакляруе кітайскі Sinopec. Спадару Пуціну пад ягоны бюджэт патрэбен кошт 110 даляраў за барэль. Вельмі хутка ён можа сутыкнуцца з рэчаіснасцю ў 80 даляраў за барэль. Урэшце ён асудзіў Расею на пастку сярэдняга даходу.

Нечаканыя багацці нафтавага буму змарнаваныя. Расейскія інжынерныя навыкі атрафаваліся. Прамысловасць спустошаная галандскай хваробай (дэіндустрыалізацыя краіны, якая перайшла на экспарт аднаго тыпу сыравіны): праклёнам звышацэнкі валюты і залежнасцю ад продажу сыравіны. Ён пабег наперадзе лакаматыва, да таго, як пераходны ўрад паспеў нарабіць што-небудзь сур'ёзнае або растраціць крэдыт добрай волі міжнароднай супольнасці. Гаворка ідзе пра вельмі сыры і нецярплівы путч - для чалавека КДБ.

Ён прыняў Нямеччыну за марыянетку, і ён прыняў Кітай за нешта само сабой зразумелае. Ён атрымаў Крым, але ён ператварыў Крэмль у парыю яшчэ на адно дзесяцігоддзе, калі не пакаленне, і, мусіць, назаўжды страціў Украіну. Гаворка ідзе пра надзвычай няўдалую ўгоду.

Напісаць каментар 116

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках