29 красавiка 2024, панядзелак, 8:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Людміла Уліцкая: Вайна паміж Расеяй і Украінай ужо ідзе

6
Людміла Уліцкая: Вайна паміж Расеяй і Украінай ужо ідзе

Пуцін не спыніцца на Данбасе, лічыць вядомая расейская пісьменніца.

Вядомая расейская пісьменніца Людміла Уліцкая - адна з тых, каго Уладзімір Пуцін мог бы смела залічыць у «нацыянал-здраднікі». У адрозненне ад большасці расейцаў і прадстаўнікоў расейскай інтэлігенцыі, яна не падтрымала агрэсію Крамля ў дачыненні да Украіны, а ідэалогію, якая стаіць за анэксіяй Крыма, параўнала з фашызмам.

У адказ на скандальны ліст у падтрымку пуцінскай палітыкі на паўвостраве, пад якім падпісаліся сотні дзеячаў расейскай культуры, Уліцкая разам з Макарэвічам, Шаўчуком, Грабеншчыковым і іншымі вядомымі людзьмі ў Расеі выступіла супраць уварвання на тэрыторыю іншай дзяржавы, вайны з Украінай і варожасці з астатнім светам.

Запэўніваючы, што праблему паміж двума некалі дружалюбнымі народамі можна вырашыць дыялогам, Людміла Уліцкая прыехала ў Кіеў - на кангрэс «Украіна - Расея: дыялог», арганізаваны двума вядомымі палітвязнямі Юрыем Луцэнкам і Міхаілам Хадаркоўскім.

Пра тое, як працуе расейская прапаганда, пра каштоўнасць размоваў на кухнях, пра мары шмат каго з расейцаў вярнуцца ў Савецкі Саюз і Пуціна, які бачыць сябе вялікім кіраўніком, Уліцкая распавяла ў інтэрв'ю «Главкому».

- Як бы не была створаная гэтая сітуацыя ва Украіне - штучна або натуральна, яна складаная для разумення. І, напэўна, толькі шляхам узаемнага кантакту паміж двума народамі, дыялогу, можна паспрабаваць высветліць, хто чаго варты, што, наогул, адбываецца, і чым мы можам быць адзін аднаму карысныя, - выказала сваё меркаванне ў пачатку размовы Людміла Уліцкая.

- Людміла Яўгенаўна, а наколькі расейцы ў цэлым гатовыя «быць карысныя» ўкраінцам? Мы ж бачым, што ўзровень падтрымкі дзеянняў Уладзіміра Пуціна ў расейскага народа зашкальвае - больш за 80%. Братэрскія народы, складваецца ўражанне, ужо зусім не братэрскія.

- Тых, хто падтрымлівае Украіну, сапраўды ўсё-такі меншасць. І мы не адказваем за тыя 82% расейскага народа, якія падтрымліваюць палітыку нашай сённяшняй дзяржавы. Усё ж такі, у пэўным сэнсе мы іншадумцы. І нас відавочна недастаткова, каб уплываць на палітыку дзяржавы.

Але падтрымка Украіны ёсць. Яна не настолькі шырокая, як нам бы хацелася. Але яна, несумненна, ёсць. Па крайняй меры, тыя людзі, з якімі ямаю зносіны, да Украіны адчуваюць самыя добрыя пачуцці.

- Але большасць расейцаў сапраўды вераць у тое, што зараз трэба не вырашаць праблемы эканамічнага ці сацыяльнага характару ўнутры краіны, а «ратаваць» Украіну. Чаму? Адкуль такі шалёны «альтруізм»?

- Мы - такія жывёлы. Але паколькі мы плюс да гэтага яшчэ і свядомыя істоты, у нас ёсць механізмы нейкія звыш тых, якія маюцца ў жывёл.

Тое, што нас ад жывёл сумным чынам адрознівае - гэта тое, што ў жывёл няма ніякай зброі. У іх ёсць кіпцюры і зубы. Калі кіпцюры і зубы ламаюцца, жывёла гіне. А ў чалавека ёсць зброя, якая нашмат пераўзыходзіць яго ўсялякія магчымасці. Сёння ў руках неразумнага чалавецтва зусім кашмарнае ўзбраенне.

- Як, па-вашаму, можна на побытавым узроўні ўплываць на меркаванне расейцаў, якія так свята вераць расейскай прапагандзе і такім медыя-персонам, як Дзмітрый Кісялёў?

- У Расеі даволі вострая сітуацыя. Гэты водападзел праходзіць не толькі паміж урадавымі чыноўнікамі, лекарамі і настаўнікамі ў школе. Гэты водападзел праходзіць у сем'ях, сярод сяброў. У нас адрадзілася атмасфера маскоўскай кухні 70-х гадоў, таму што раптам палітыка стала усіх кранаць за жывое. Але думаю, што гэта якраз той этап, які нам трэба прайсці для таго, каб вылечыцца ад хваробы, якой мы ўсе хворыя.

У 6070-я гады ў нас не было ніякіх трыбун. У нас, акрамя самвыдату, нічога не было. Асабістая размова паміж сябрамі, калегамі гуляла надзвычай вялікую ролю ў жыцці, у адукацыі, ва ўсведамленні свету. Мабыць, такі віток пайшоў зноў. Мы зноў размаўляем на кухнях - хоць, збольшага і таму, што звужаюцца пляцоўкі, але ад нас гэта ў нейкім сэнсе таксама залежыць.

Як гуманітарны чалавек, я лічу, што гэта ўсё трэба прамаўляць, вызначаць зноўку нейкія паняцці. Мы жывем у свеце, дзе адбываецца паняційны крызіс. Оруэл выдатна гэтую сітуацыю адлюстраваў. Міністэрства праўды, Міністэрства міру, Міністэрства любові... Усе гэтыя метафары сёння сталі рэальнасцю. І каб з гэтым працаваць, трэба гэта зразумець. Патрэбная праца інтэлектуалаў, прафесіяналаў, філосафаў, сацыёлагаў, збольшага творчых людзей. У «дацкай дзяржаве» адбываецца нешта не тое - і гэта цалкам відавочна.

- Акрамя размоў на кухнях, ці трэба (можна) нешта яшчэ рабіць?

- Давайце пачнем хоць бы з дыялогу. Дыялогу паміж людзьмі двух нашых народаў. Гэты этап нельга абмінуць. Культурная прастора існуе, і яна значна важней, чым палітычная. Нас выратуюць менавіта нашы культурныя сувязі, а не палітыкі, якім мы не вельмі давяраем, якіх мы не вельмі паважаем, і на месцы якіх мы разлічваем убачыць новыя асобы, - і ў Расеі, і ва Украіне.

- Многія расейскія дзеячы культуры і мастацтва, як вядома, у адкрытым лісце падтрымалі пазіцыю прэзідэнта РФ па Украіне. Але прагучала і іншае меркаванне. Уладзімір Пуцін ужо абвінаваціў шэраг вядомых расейцаў у тым, што яны занялі ў яго вайне праўкраінскую пазіцыю, назваўшы іх «нацыянал-здраднікамі». У сувязі з падтрымкай Украіны ў вас на Радзіме не ўзнікае праблем?

- Я сябе адчуваю цалкам натуральна. Але гэта, хутчэй, таму, што, на жаль, за ўсё маё дастаткова доўгае жыццё ў мяне не было ніводнай хвіліны, калі б я была салідарная з уладай. І пытанне маёй нязгоды - гэта пытанне, хутчэй, колькаснае, чым якаснае.

- Як лічаць, ц вашых колах: Пуцін усё ж такі будзе «браць» Данбас? Або паваюе і спыніцца?

- Не падобна на тое, што спыніцца. Я не ведаю, як менавіта далей будзе развівацца сітуацыя, але ствараецца такое адчуванне, што, вядома, Уладзіміру Пуціну вельмі хочацца быць кіраўніком вялікага кавалка свету.

- І некалькі абласцей Украіны ў даважку да Крыма гэта яго жаданне задаволяць?

- Разумееце, у нас у Расеі цяпер вельмі моцныя імперскія тэндэнцыі, ёсць туга па Савецкім Саюзе. Гэта сумны факт, але факт. Даволі шырокае кола людзей цяпер сумуе па савецкай уладзе, па савецкай імперыі.

Вельмі не хочацца вяртацца да часоў савецкай улады, але гэтым моцна пахне.

- Страшылка ў асобе Сцяпана Бандэры, якім палохаюць расейскіх грамадзян і прэзідэнт, і СМІ, працуе як раз у напрамку?

- Я ніколі ў жыцці пра яго нічога добрага не чула. Але мы прывыклі не давяраць афіцыйнай Расеі - таму маніторым розныя крыніцы інфармацыі.

Вайна паміж Украінай і Расеяй не проста магчымая. Я мяркую, што яна ўжо ідзе. Проста ў вайне бываюць розныя фазы і розныя ракурсы. Тое, што ва Украіне адбываецца цяпер, - гэта і ёсць ужо ціхая вайна. І трэба ўсе намаганні прыкладаць да таго, каб яе спыніць.

Вы зразумейце, нам далёка не падабаецца ўсё тое, што тут у вас адбываецца. Але ў нашага ўрада ёсць падтрымка большасці расейцаў. І ад нас вельмі няшмат што залежыць. Абставіны гістарычныя такія, што мы, людзі, якія пратэстуюць супраць гэтай вайны, у меншасці ў Расеі. А ў цэлым, становішча сёння складанае і ва Украіны, і ў Расеі. Хвароба нацыяналізму ахоплівае не толькі Расею, але і Украіну, і многія іншыя краіны. І толькі здаровы сэнс і высілак найбольш усвядомленых людзей могуць гэта неяк змяніць. Нам усім хочацца, каб сітуацыя паміж украінцамі і расейцамі зноў зрушылася ў бок нармальных чалавечых стасункаў. Таму што псаванне адносін паміж Украінай і Расеяй непрымальнае, пакутлівае і траўматычнае.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках