29 красавiка 2024, панядзелак, 3:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Жадан: Час не для расчаравання, а для мабілізацыі

Сяргей Жадан: Час не для расчаравання, а для мабілізацыі

Украінцы павінны мабілізавацца, каб не страціць краіну.

39-гадовы Сяргей Жадан - папулярны ўкраінскі пісьменнік. Ён жыве ў Харкаве, а месяц таму назад свет абляцелі кадры, на якіх яго да паўсмерці збіваюць расейскія штурмавікі.

Скрываўлены твар украінскага пісьменніка стаў тварам Еўропы XXI стагоддзя, якой ізноў пагражае перадзел межаў і нацызм. На гэты раз гэта ідзе з усходу. «Наша Нiва» патэлефанавала Сяргею, каб пачуць ад яго пра сітуацыю ва Усходняй Украіне і настроі насельніцтва.

- Не так даўно вы казалі, што сепаратызм на ўсходзе Украіны не пройдзе. Ці не адмаўляецеся цяпер ад сваіх слоў?

- Калі мець на ўвазе пад сепаратызмам настроі насельніцтва ў рэгіёнах, то я і цяпер прытрымліваюся свайго пункту гледжання.

Гэта не сепаратызм - гэта добра спланаваная спецаперацыя, якую ажыццяўляе суседняя дзяржава. Я памятаю, як гэтыя сепаратысцкія мітынгі пачыналіся, першапачаткова яны былі больш шматлікімі, там было больш ідэйных людзей.

Сёння ж там задаюць тон баевікі, якія невядома адкуль узяліся, многія з якіх не грамадзяне Украіны. Мэтай такіх мітынгаў з'яўляецца толькі дэстабілізацыя сітуацыі.

- Што за людзі з георгіеўскімі стужкамі выходзяць на вуліцы ўкраінскіх гарадоў?

- Мне нават цяжка ацаніць. Раней, сапраўды, выходзілі мясцовыя людзі прарасейскіх і прасавецкіх поглядаў, але яны былі настроеныя на дыялог.

Зараз жа ўсё больш такіх людзей, якія выходзяць на вуліцы як на баявую аперацыю.

Ударныя атрады антымайдана становяцца агрэсіўнымі, некантралюемымі. Хоць нехта ж іх кантралюе, і хто ж тыя лялькаводы - вось галоўная інтрыга.

- А лялькаводы ўсё ж сядзяць у Крамлі?

- Відавочна. Але я маю на ўвазе нават не Крэмль і тых, хто гэтую аперацыю прыдумаў. Я хачу ведаць канкрэтна, хто іх у Харкаве кантралюе. Не Пуцін жа ім тэлефануе па мабільным тэлефоне, правільна? Мне цікава, хто непасрэдны начальнік баевікоў, хто займаецца агентурай, каардынуе іх. Гэта пытанне да СБУ.

- Чыталі, што ў Харкаве вялікая праблема з міліцыяй, якая працягвае падтрымліваць Януковіча.

- Яны не падтрымліваюць цяперашнюю ўладу, цяперашняга міністра ўнутраных спраў, а падтрымліваюць Януковіча - гэта ўжо іншае. Я ўвесь час чую пра сабатаж міліцыі, чую, што яны падтрымліваюць сепаратыстаў. Шмат у чым гэта праўда. Але разам з тым Харкаўская міліцыя стаіць ля сцен абласной адміністрацыі і абараняе яе.

- Гледзячы з Беларусі здаецца, што падзеі ва Усходняй Украіне вельмі драматычныя, што Украіне няпроста адстаяць Данбас.

- Сапраўды, адстаяць будзе цяжка. І Данецкай і Луганскай вобласці. Ды і з Харкаўскай яснасці няма. Расея праводзіць абсалютна нахабную, цынічную палітыку.

Разам з тым мы маем справу са смутнай палітыкай Кіева. Яны абвяшчаюць ультыматум, а па сканчэнні часу забываюць пра яго. Яны заяўляюць пра пачатак антытэрарыстычных аперацый, але зноў забываюць. Такая непаслядоўнасць выклікае нямала прэтэнзій.

- Пачуўшы такое, хочацца задаць пытанне: ці не расчараваныя вы вынікамі Майдана?

- Вынікаў пакуль няма. Сітуацыя не вырашылася. Пострэвалюцыйная фаза цалкам натуральная. Шмат хто хацеў бы ўжо на наступны дзень пасля ўцёкаў Януковіча ўбачыць ва ўладзе новыя асобы, новыя прынцыпы ажыццяўлення ўлады. Плюс пагроза з боку Расеі, анэксія Крыма. Шмат каго гэта заганяе ў дэпрэсію. Але зараз час не для расчаравання, а для мабілізацыі. Мы рызыкуем страціць вельмі шмат, мы рызыкуем страціць Радзіму.

- У апошняй сваёй калонцы на сайце Tsn.ua вы пісалі, што ўсё толькі пачынаецца.

- Вядома. Гэта не 2005-ы год. Украінцы, якія ўсю зіму выходзілі на вуліцы, падстаўлялі сябе пад кулі, для іх гаворка ішла не пра змену прэзідэнта, міністраў. Гаворка ішла пра сістэмныя змены ў краіне. Пакуль яны не пачнуцца, грамадства не супакоіцца і Майдан не разыйдзецца. Майдан, вядома, не фізічны, а як нейкі сімвал барацьбы і грамадскага супраціву.

- Вы асабіста на Майдане стаялі дзеля чаго?

- Стаяў за сваю будучыню, за сваю краіну. Мне здавалася, што мы яе губляем. Тое ж самае мне здаецца і цяпер.

- Пра Майдан складалі вершы і песні. А пра сённяшнія падзеі на ўсходзе таксама напішуць?

- Усё залежыць ад таго, як гэта завершыцца. Падручнікі па гісторыі пішуць пераможцы. Мне б не хочацца, каб маіх дзяцей па такіх падручніках вучылі пра гераічнае паўстанне народа Данбаса супраць «фашысцкай акупацыі», якая прыйшла з Кіева. Я ўсё ж спадзяюся, што сітуацыя будзе ўрэгуляваная мірна. А вершы і песні будуць пра шчаслівую і мірную будучыню. Хоць сёння такія прагнозы і выглядаюць утапічна.

- Ці важны моўны фактар ва Усходняй Украіне?

- Зусім не важны. Я жыву ў Харкаве і ў паўсядзённым жыцці размаўляю толькі па-украінску. Я не памятаю, калі ў апошні раз у мяне ўзнікалі з-за гэтага праблемы. Я магу сур'ёзна ставіцца да патрабаванняў сепаратыстаў аб дэцэнтралізацыі ўлады, але калі яны пачынаюць казаць пра дыскрымінацыю рускамоўных, то гэта смешна. Пагроза існуе для ўкраінскай мовы, а не для рускай.

- Дарэчы, а сепаратысты ніколі не звяртаюцца да ўкраінскага мовы?

- Не. У іх, наадварот, агрэсіўнае стаўленне да ўкраінскай мовы, культуры, ідэалогіі, гісторыі, дзяржаўнасці.

- Адным словам, вы не выключаеце, што Ваш горад можа апынуцца ў іншай дзяржаве?

- Не выключаю. Але я веру, што такі сцэнар прывядзе да магутнага супрацьстаяння і супраціву захопнікам. Усход Украіны гэта не Крым. Мясцовыя жыхары не гараць жаданнем пераходзіць у падпарадкаванне крамлёўскім кіраўнікам. Большая частка насельніцтва ўсходу адчувае сябе ўкраінцамі. Гэта іх краіна, іх Радзіма. Я ўпэўнены, што яны будуць стаяць за Украіну. Нават калі Расеі ўдасца захоп, то гэта ўсё не скончыцца маланкавай перамогай, а можа перарасці ў крывавыя і трагічныя наступствы.

- Прабачце, калі ўсё будзе развівацца па найгоршым сцэнары і Харкаў усё ж выйдзе са складу Украіны, што асабіста вы будзеце рабіць?

- Шчыра кажучы, ніякага такога плана не маю. Праз два тыдні я збіраюся паехаць у Луганск. З замежнымі сябрамі ладзім там артпраект. Дарэчы, у ім будуць удзельнічаць беларускія музыкі. Пакуль маецца магчымасць, я рыхтуюся да гэтага праекту.

- Расейская прапаганда нярэдка выкарыстоўвае штамп, кажучы, што жыхары Усходняй Украіны адчуваюць сябе «людзьмі другога гатунку».

- Гэта сапраўды штамп. Паглядзіце на склад Вярхоўнай Рады Украіны. Там, здаецца, трэць дэпутатаў з Усходняй Украіны.

Казаць, што ўсход быў абдзелены, - абсалютнае глупства. Улада ў нас была ў поўным складзе з Усходняй Украіны.

Усё гэта дрэнна прыдуманы маніпуляцыйны механізм, накіраваны на тое, каб выклікаць закісанне сярод тых людзей, якія не хочуць думаць. Што значыць - яны былі пакрыўджаныя? Данецк і Луганск - датацыйныя рэгіёны з Кіева. Харкаўская ж вобласць датацыйнай не была. Нельга казаць, што да іх ніхто не прыслухоўваецца. Гэта своеасаблівы інфантылізм, які можа кепска скончыцца. Ахметаў кажа, што ўсе павінны прыслухоўвацца да Данбаса. Дык а хто ж крыўдзіў Данбас?

- Чым беларусы сёння могуць дапамагчы Украіне?

- Мне здаецца, што беларусам не Украіну трэба падтрымліваць, а думаць пра захаванне ўласнай дзяржаўнасці. Апетыты Крамля насцярожваюць. У іх пачынаюцца прэтэнзіі да Балтыі. Невядома, што стаіць за перамяшчэннем расейскіх войскаў ля беларускіх межаў. І ваш народ, і наш знаходзяцца пад пастаянным прэсінгам усходняга суседа. Нам варта вучыцца на памылках адзін аднаго. Трэба абараняць сваю краіну, пакуль яна ёсць.

***

Сяргей Жадан нарадзіўся ў 1974 годзе ў Луганскай вобласці (Украіна). Паэт, празаік, перакладчык. Адзін з найбольш папулярных ва Украіне прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі. Яго раманы «Дэпеш Мод» і «Anarchy in the UKR» выходзілі па-беларуску. Зусім нядаўна выйшла ў свет новая кніга Жадана «Дынама Харкаў». Пражывае ў Харкаве.

Фота: day.kiev.ua

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках