4 траўня 2024, Субота, 4:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крок наперад, два назад. Дробны бізнес стаміўся ад нестабільнасці

9
Крок наперад, два назад. Дробны бізнес стаміўся ад нестабільнасці

Індывідуальным прадпрымальнікам нарэшце дазволілі наймаць на працу не толькі сваякоў.

Праўда, іпэшнікі не бегаюць з кветкамі па рынку і не віншуюць адзін аднаго з гэтай нагоды. З 1 ліпеня іх абавязалі мець накладныя і сертыфікаты на ўсе тавары, пішуць «Белорусские новости».

Наймаць на працу каго-небудзь, акрамя членаў сям'і, прадпрымальнікам забаранілі ў 2008 годзе. Гэта выклікала хвалю незадаволенасці. Індывідуальныя прадпрымальнікі выходзілі на мітынгі, ладзілі забастоўкі і нават перакрывалі праспект Незалежнасці.

З-за забароны бюджэт дзяржавы нёс умоўныя страты, лічыць старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка. Паводле яго слоў, іх можна ахарактарызаваць як недаатрыманую выгаду для дзяржавы.

«У прадпрымальніцкім асяроддзі не было свежага прытоку. У выніку чаго ён старэў. Не ствараліся новыя працоўныя месцы, мы не развіваліся. Калі б былі наёмныя асобы, то сёння было б не 250 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў, а было б 300 тысяч, а можа і больш», - мяркуе Анатоль Шумчанка.

Пасля доўгіх гадоў барацьбы ІП усё ж такі дамагліся дазволу наймаць на працу не толькі сваякоў. 16 траўня адпаведны ўказ №222 падпісаў Аляксандр Лукашэнка. У той жа час, згодна з дакументам, прадпрымальнікаў абавязалі мець суправаджальныя дакументы і сертыфікаты на тавары.

Тавары, якія бізнесмены завезлі ў Беларусь да 1 ліпеня 2014 года без суправаджальных дакументаў і сертыфікатаў, дазволена распрадаць да 1 сакавіка 2015 года. Вопіс такіх тавараў прадпрымальнікі павінны прадаставіць у падатковую інспекцыю да 30 ліпеня.

Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў расцэньвае гэтае рашэнне ўладаў як кампраміс.

«Ужо даўно ставілася пытанне, як можна прадпрымальніку заключыць дамовы, весці пісьменную закупачную палітыку, атрымліваць неабходную адукацыю, калі ён абавязаны стаяць на гандлёвым месцы і гандляваць, не маючы нават тэхнічнай магчымасці адтуль сысці? Ён толькі па панядзелках, калі рынак зачынены, мае магчымасць з'ездзіць дакупіць тавар і зноў стаяць на рынку гандляваць», - адзначае Віктар Маргелаў.

А калі ўзнікла пытанне аб тым, што прадпрымальнікі абавязаныя мець накладныя і сертыфікаваны тавар, кажа Віктар Маргелаў, то стала відавочным, што без наёмных работнікаў абсалютнай большасці гэта не пад сілу.

«Тады было прынятае кампраміснае рашэнне. Індывідуальным прадпрымальнікам дазволілі наймаць трох наёмных работнікаў», - тлумачыць эксперт.

Тым не менш, кажа Анатоль Шумчанка, прадпрымальнікі не задаволеныя новым законам.

«Раней можна было станавіцца юрыдычнай асобай, вазіць тавар па дакументах і мець наёмных асоб. Гэта называлася прыватнае ўнітарнае прадпрыемства. Цяпер яны вярнулі нам наёмных работнікаў, але мы павінны працаваць на ўмовах юрыдычных асоб. Гэта проста фікцыя, якая на сённяшні дзень не нясе прадпрымальнікам, занятым у сферы рознічнага гандлю, ніякіх дывідэндаў. Што тычыцца ІП, занятых у сферы паслуг, то для іх гэта вялікі плюс», - лічыць Анатоль Шумчанка.

Тым не менш, паводле яго слоў, ніхто з кветкамі па рынку не бегае і не віншуе адзін аднаго з гэтай нагоды.

«Гэта перамога з прысмакам горычы. Нам сказалі, што мы можам мець наёмных работнікаў, але з 1 ліпеня мы павінны мець сертыфікаты і працаваць па дакументах. Гэта тое ж самае, што сказаць смяротна хвораму, якога не будзе праз некалькі дзён, што ён атрымаў у спадчыну мільён», - адзначае лідар «Перспектывы».

Віктар Маргелаў падзяляе пазіцыю калегі. Ён прагназуе, што новыя правілы адаб'юцца на прыбытках індывідуальных прадпрымальнікаў

«Па новых правілах тавар павінен быць з дакументамі. Акрамя таго, на яго неабходны сертыфікат альбо тавар трэба самому сертыфікаваць. Гэта ўсё павышае сабекошт прадукцыі. Відавочна, што асартымент прапанаванай прадпрымальнікамі прадукцыі будзе зніжацца, а кошты расці. Гэта прывядзе да зніжэння іх даходнасці», - лічыць Віктар Маргелаў.

Паводле яго слоў, многія індывідуальныя прадпрымальнікі, сутыкнуўшыся з такімі праблемамі, будуць альбо пераходзіць на іншыя групы тавараў, якія не падлягаюць сертыфікацыі, альбо згортваць сваю дзейнасць.

У цэлым, кажа Анатоль Шумчанка, бізнес стаміўся ад нестабільнасці. У тым ліку, беларускага заканадаўства.

«Усіх задаўбла нізкая пакупніцкая здольнасць, адсутнасць нармальнага гандлю, адсутнасць развіцця бізнесу», - адзначае Анатоль Шумчанка.

«Прадпрымальнікі - гэта не ракфелеры. Гэта не гандлёвыя сеткі. Дай бог сёння ўтрымаць адну - дзве кропкі. Людзі ледзь зводзяць канцы з канцамі, вельмі шмат вызваляецца гандлёвых плошчаў не толькі ў Менску», - дадае ён.

Фота: bymedia.net

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках