3 траўня 2024, Пятніца, 4:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адкрыты ліст арыштаванай анархісткі

39
Адкрыты ліст арыштаванай анархісткі

Моладзевая актывістка Анастасія Кухта напісала, як праходзіць ЧС у Менску.

Зварот актывісткі анархістычнага руху Анастасіі Кухты атрымала рэдакцыя charter97.org:

«Вось, чэмпіянат і падыходзіць да канца. Толькі яго правядзенне не прынесла нікому ніякіх пазітыўных вынікаў. Яшчэ адно псеўдасвята, прыдуманае дзяржавай, на падрыхтоўку якога сышло нямала фінансавых сродкаў з дзяржбюджэту, а заработная плата ў насельніцтва альбо падае, альбо застаецца на месцы, нягледзячы на ўздым цэнаў, падаражэнне паслуг ЖКГ, праезду і г.д.

Улада баіцца паказаць свае слабыя стораны, баіцца, што незадаволеныя элементы грамадства змогуць агаліць усю гэтую гнілату і прадэманстраваць яе ва ўсёй красе еўрапейскім краінам.

Многія сацыяльныя актывісты, анархісты, футбольныя фанаты і апазіцыйныя дзеячы падпалі пад рэпрэсіі. Таталітарызм імкнецца ўзяць усё пад абсалютны, татальны кантроль – у гэтым яго сутнасць.

Нас шукаюць і арыштоўваюць як асабліва небяспечных злачынцаў. Пры гэтым закон пераступаць неабавязкова, трэба толькі думаць інакш: так, як ім не заўгодна. Нас судзяць паводле абсалютна абсурдных справаў, суддзі направа і налева шчодра раздаюць адміністрацыйныя арышты тэрмінам ад 10 да 25 сутак.

Асуджаныя і адпраўленыя ў ЦІП таксама людзі, якія ніяк не звязаныя з палітыкай, яны проста апынуліся не ў тым месцы і не ў той час. Паводле цалкам надуманых абвінавачваннях і ілжывых паказаннях супрацоўнікаў міліцыі яны былі прысуджаныя да адміністрацыйных арыштаў.

Мяне затрымалі разам з маладым чалавекам (Аляксандрам Арловым), мы мірна шпацыравалі па галоўным праспекце горада Менска. Калі не памыляюся, затрыманне праводзілі супрацоўнікі з крымінальнага вышуку. Наша месцазнаходжанне вызначылі па мабільным тэлефоне. Перыядычна мы прымалі выклікі з невядомых нумароў, але здаралася, што, нібыта, не туды трапілі і называлі розныя імёны людзей. Пасля на мабільны тэлефон прыходзілі толькі кароткія званкі. Саша адключыў тэлефон, але было позна, так як траекторыю свайго руху мы не змянялі.

Недалёка ад Белдзяржцырка, са спіны на нас накінуліся трое людзей у цывільным, уткнулі Аляксандра тварам у зямлю і зашчапілі на запясцях кайданкі, пасля чаго заштурхалі нас у аўтамабіль без апазнавальных знакаў. Прычыну затрымання так ніхто і не патлумачыў, толькі ў РУУС перад судом даносілася фраза: «Там двое палітычных». І я, і Саша – мы абодва разумелі – дадому трапім не хутка.

Суддзя зачытала ўжо загадзя падрыхтаваны вердыкт. Нам прызначылі адміністрацыйныя арышты тэрмінам 17 і 20 сутак. Як і ўсім папярэднім актывістам, нам інкрымінавалі арт. 17.1 (грубая, нецэнзурная лаянка) і арт. 23.4 (супраціў супрацоўнікам міліцыі) КаАП. Пацешыў той факт, што мінакі і аўтамабілісты падчас нашага затрымання не засталіся абыякавымі. Людзі цікавіліся, што адбываецца. Два аўтамабілі спыніліся прама на праспекце Незалежнасці, кіроўцы смела ўступалі ў сварку з супрацоўнікамі ў цывільным, нават фатаграфавалі нумар машыны, у якую спрабавалі нас заштурхаць.

Дзяржаўная машына пераследуе за думкі, усімі сіламі спрабуючы нагнаць страх. Самаўпраўства, што чыніцца праваахоўнымі органамі, не павінна застацца беспакараным. За праўду і справядлівасць мы будзем змагацца ўсімі магчымымі сродкамі.

Рэпрэсіі не палохаюць, яны робяць нас мацнейшымі»

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках