2 траўня 2024, Чацвер, 19:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Арсень Яцэнюк: Ведайце, заўтра мы абараняем Украіну

24

Прэм'ер-міністр Украіны звярнуўся да грамадзян краіны напярэдадні выбараў прэзідэнта.

Як стала вядома charter97.org, пра гэта гаворыцца ў паведамленні Дэпартамента інфармацыі і камунікацыі з грамадскасцю Кабінета міністраў.

«25 траўня мы ідзем на выбары. На выбары Кіраўніка нашай дзяржавы, за свабоду, росквіт, еўрапейскую будучыню якой украінцы плацяць самы дарагі кошт - кошт уласнага жыцця. Тым важней выбар, які мы зробім у нядзелю. Тым вышэй адказнасць кожнага з нас. Заўтра мы дакажам усяму свету, але, перш за ўсё, самім сабе, што нас не магчыма спалохаць, што мы, і толькі мы будзем вырашаць, як нам будаваць родны дом і як гаспадарыць у ім», - заявіў кіраўнік Кабінета міністраў.

Са слоў Яцэнюка, складана падрыхтаваць і правесці выбары, калі для іх зрыву задзейнічаны велізарныя фінансавыя, палітычныя і вайсковыя рэсурсы, калі на іх дыскрэдытацыю накіравана індустрыя перакручанай прапаганды.

«Мы заваявалі гэтыя выбары.Тым, што абараняем сваю зямлю, адраджаем украінскае войска, падымаем разбураную эканоміку, знішчаем схемы, якія вымывалі з краіны мільярды, вучымся кантраляваць уладу, закладваем падмурак далейшага развіцця. Мы зламалі тое, што перашкаджала сумленнаму і празрыстаму самавызначэнню выбаршчыкаў. Мы разам зрабілі ўсё, каб ачысціць гэты працэс ад подкупу, «каруселяў» і знікаючых чарнілаў. Мы не далі фундаваным з-за мяжы бандытам і замежным наймітам сарваць выбары. Поўнасцю забяспечылі іх фінансаванне і заканадаўчае падмацаванне», - адзначыў Яцэнюк.

Кіраўнік урада таксама адзначыў, што ўсё, што рабілася на працягу гэтых трох месяцаў урадам, рабілася для таго, каб зацвердзіць годнасць чалавека і ўпэўненасць у тым, што ад яго залежыць усё.

«Ваш голас больш ніхто не ўкрадзе. Вы і толькі вы распараджаецеся ім. Зрабіце свой выбар так, як загадаюць вам вашы перакананні і ваша сумленне. Гэта будзе волевыяўленне ўкраінскага захаду, усходу, поўначы і поўдня, выбар справядлівы і бесперашкодны. Тых жа нашых суайчыннікаў з Данецкай і Луганскай абласцей, якім развязаная супраць Украіны вайна пашкодзіць прыйсці на выбарчыя ўчасткі, хачу запэўніць: бандытам нядоўга засталося тэрарызаваць ваш край», - заявіў Яцэнюк.

Ён падкрэсліў, што ўкраінцы абавязкова будуць мець законна абранага прэзідэнта, які здзейсніць свой першы візіт у сталіцу аб'яднанай Еўропы і паставіць подпіс пад дакументам аб зоне свабоднага гандлю з Еўрапейскім звязам.

«Новаабраны прэзідэнт атрымае ад украінскага народа мандат на імклівы і безупынны рух ад шэрай зоны бяспраўя і цемрашальства, якое марыць нас паглынуць, да прасторы свабодных людзей, згуртаваных вакол агульных каштоўнасцяў. Туды, дзе лягчэй дыхаецца, дзе чалавек мае права таму, што ён чалавек, а не пракурор або падаткавік. Памятайце: заўтра мы абараняем Украіну, робім унёсак у яе дабрабыт, у будучыню нашых дзяцей і ўнукаў - сваім бюлетэнем. Мы выбіраем - а, значыць, перамагаем», - рэзюмаваў Яцэнюк.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках