29 красавiка 2024, панядзелак, 11:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вінаватыя чума і Расея

50
Вінаватыя чума і Расея

Кошты на мяса і птушку ў Беларусі ставяць новыя рэкорды.

Дэфіцыт мяса і залімітавыя кошты на яго сталі адной з самых папулярных тэм у траўні. Пакупнікі скардзяцца на рэзкае скарачэнне мяснога асартыменту ў крамах, асабліва ў рэгіёнах. У Мінгандлю праблемы з пастаўкамі мяса прызнаюць, але запэўніваюць, што нічога сур'ёзнага не адбылося, піша газета "Белорусы и рынок".

"Гэтае пытанне рэгулюецца і будзе ўладжанае ў бліжэйшы час", - заявіла намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч падчас анлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі 16 траўня.

Наведвальнікі гіпермаркетаў і вялікіх рынкаў збяднення асабліва не заўважылі, аднак цэннік кідае ў шок. Свіная мякаць у сярэднім каштуе 110 тыс. BYR, лапатка - 90 тысяч за кілаграм, шыя, па іх назіраннях, за месяц-другі падаражэла ледзь не ўдвая - да 140-175 тыс. BYR/кг.

Не менш "радуюць" кошты і ў кропках грамадскага харчавання. Напрыклад, у сетцы "Лідо" каўбаскамі "Баварскімі" можна паласавацца па кошце 350 тыс. BYR/кг, адна каўбаска цягне амаль на 60 тыс. BYR. Першае, што прыходзіць на розум: мясны крызіс справакаваны чэмпіянатам свету. Усё мяса аддалі ў кафэ і рэстараны, так што мясцовыя засталіся на галодным пайку. Аднак прычыны куды больш сур'ёзныя.

Па прылаўках нарэшце ўдарыла афрыканская чума свіней, якая бушавала ў Беларусі летам-восенню мінулага года. У выніку каранцінных мерапрыемстваў свіное пагалоўе ў сельгасарганізацыях скарацілася амаль на 20%, у асабістых падворках - напалову. Паводле звестак Белстата, колькасць свіней на 1 траўня ў гаспадарках краіны склала 2,7 млн. галоў, што на 19,5% менш, чым годам раней.

У той жа час з-за распаўсюджвання чумы на захад Беларусі давялося прыпыніць увоз недарагой свініны з ЕЗ. Гэта тут жа адбілася на самаадчуванні мясаперапрацоўчых камбінатаў - яны сталі ліхаманкава шукаць мяса па ўсёй краіне.

Рэнтабельнасць галіны яшчэ больш знізілася. Як вядома, у топ-20 самых стратных ААТ, складзены па выніках 9 месяцаў 2013 года, увайшлі 12 мясаперапрацоўчых вытворчасцяў.

Верагодна, гэты дэфіцыт разам са стратамі і прымусіў Мінэканомікі ў канцы сакавіка адпусціць кошты на свініну і ялавічыну. У міністэрстве, праўда, падкрэсліваюць, што адмянілі толькі гранічныя максімальныя адпускныя кошты, а ліміты гандлёвых надбавак пакінулі, але гэта сутнасці не змяняе. Калі зыходны кошт можа быць які заўгодна, то і раздробны кошт фактычна немагчыма кантраляваць.

"Нам здаецца, што гэта справядліва, - пракаментаваў новую схему дзяржрэгулявання коштаў на мяса міністр эканомікі Мікалай Снапкоў падчас правядзення прамой лініі ў газеце "Рэспублiка". - Мы штодня адсочваем сітуацыю з коштамі. Калі з'явіцца неабходнасць, то, каб зняць ажыятаж, мы маем права на 90 дзён уводзіць іншыя формы рэгулявання коштаў. Але пакуль такіх прапаноў не паступала".

Вынік паслаблення не прымусіў сябе доўга чакаць. У красавіку, па дадзеных Белстата, свініна падаражэла на 10%, ялавічына - на 6%. Дадзеных за травень яшчэ няма, але па адчуваннях простых пакупнікоў, рост за апошнія два месяцы вылічаецца дзесяткамі адсоткаў.

Са слоў міністра эканомікі вынікае, што, калі не хапае мяса, трэба пераходзіць на курыцу. Аднак у рэальнасці і кураціна для беларусаў становіцца маладаступнай. Пастановай Мінэканомікі № 37 ад 19 траўня 2014 года гранічныя максімальныя адпускныя кошты на мяса куранят-бройлераў павышаныя на 10%, да 24.756 BYR за кілаграм.

Адначасова пастановай №38 ад 19 траўня ведамства знізіла на 2 адсоткавыя пункты гандлёвыя надбаўкі на мяса курэй і курыныя паўфабрыкаты. Аднак у структуры рознічнага кошту гэта зніжэнне мікраскапічнае.

"Цяпер падняліся закупныя кошты на птушку ў Расеі, - патлумачыў непапулярную меру Снапкоў. - Вытворцам стала больш выгадна пастаўляць сваю прадукцыю на экспарт. Таму, каб сельгаспрадпрыемствы накіроўвалі мяса птушкі на ўнутраны рынак, Мінэканомікі вырашыла павысіць максімальны адпускны кошт на 10%".

На справе заяўленыя 10% павярнуліся і 15, і 20, і 30%. Па-першае, да выхаду пастановы кошты на куранят былі ніжэй лімітавых, а пасля - адразу ўзляцелі да верхняй дазволенай рысы. Па-другое, рассекшы кураня, пастаўшчыкі ўстанавілі кошты на паўфабрыкаты на свой густ, так што, напрыклад, крыло ў шматлікіх гандлёвых кропках падаражэла з 30 тыс. да 40 тыс. BYR, а філе - з 52 тыс. да 70 тыс. BYR.

Цікава, які рост нам пакажа статыстыка.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках