29 красавiка 2024, панядзелак, 12:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Масавыя арышты ў Кітаі: затрыманыя 200 чалавек

1
Масавыя арышты ў Кітаі: затрыманыя 200 чалавек

Паліцыя Кітая выкрыла больш за дваццаць экстрэмісцкіх груповак на паўночным захадзе краіны.

Як паведамляе Xinhua са спасылкай на абласны дэпартамент грамадскай бяспекі, на працягу траўня былі затрыманыя больш за 200 падазраваных у тэрарызме. У віну ім інкрымінуецца вывучэнне экстрэмісцкіх матэрыялаў, прапаганда гвалту і выраб выбухоўкі. Паліцыя канфіскавала ў затрыманых каля двух сотняў выбуховых прылад, піша NEWSru.com.

Шматлікія падазраваныя - маладыя людзі ва ўзросце ад 20 да 30 гадоў, якія праз інтэрнэт глядзелі відэаурокі па вытворчасці выбухоўкі, абменьваліся набытымі ведамі адзін з адным, а таксама прапаведавалі ідэалогію джыхаду на форумах і ў чатах.

Старшы афіцэр паліцыі рэгіянальнага аддзялення грамадскай бяспекі Нарыман Розі заявіў, што многія з абвінавачаных у тэрарызме, затрыманых за апошнія гады, ажыццяўлялі сваю дзейнасць таксама праз інтэрнэт. Паводле яго слоў, вялікая колькасць відэазапісаў, якія навучаюць вырабу выбухоўкі, была распаўсюджаная "Ісламскім рухам Усходні Туркестан", які ўключаны Радай Бяспекі ААН у спіс тэрарыстычных груп.

"Ісламскі рух Усходні Туркестан" змагаецца за незалежнасць уйгураў ад Пекіна. Уйгуры - гэта цюркамоўны народ, які традыцыйна вызнае іслам суніцкага толку. Яны складаюць каля 45% насельніцтва Сіньцзян-Уйгурскага раёна, асабліва пераважаюць у паўднёвых акругах гэтага раёна - як раз там, дзе праводзіліся рэйды.

Улады КНР раней абвясцілі гадавую кампанію барацьбы з тэрарызмам пасля тэракту 22 траўня ў горадзе Урумчы, калі невядомыя закідалі людзей, якія прыйшлі на рынак, выбуховымі прыладамі. Загінулі 39 чалавек, каля ста пацярпелі.

Старшыня КНР Сі Цзіньпін даручыў праваахоўным органам правесці дбайнае расследаванне і ў самыя кароткія тэрміны знайсці вінаватых. А кіраўнік Дзяржаўнай антытэрарыстычнай кіруючай групы, міністр грамадскай бяспекі Го Шэнкунь запатрабаваў неадкладна распачаць спецыяльную кампанію па барацьбе з гвалтам і тэрорам і пачаць "народную антытэрарыстычную вайну".

Улады Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна на выходных выступілі з заявай, заклікаючы правапарушальнікаў, якія ўдзельнічаюць у тэрарыстычнай дзейнасці, здацца добраахвотна, паабяцаўшы ім больш мяккае пакаранне. У заяве падкрэслівалася, што грамадзянам краіны забараняецца арганізаваць тэрарыстычныя групы або далучацца да любой з існых. Забараняецца таксама падбухторванне да тэрарызму; фінансаванне, падтрымка і ўкрывальніцтва злачынцаў; і, акрамя таго, вытворчасць, гандаль, транспарціроўка і распаўсюджванне экстрэмісцкіх агітацыйных матэрыялаў.

За апошнія месяцы на паўночным захадзе краіны адбылося адразу некалькі буйных тэрактаў. Акрамя выбухаў ва Урумчы на мінулым тыдні, буйны тэракт прагрымеў у тым жа горадзе 30 красавіка на чыгуначнай станцыі - тры чалавекі загінулі, 79 атрымалі раненні.

За два месяцы да гэтага на чыгуначным вакзале горада Куньмін на поўдні Кітая ўзброеныя нажамі невядомыя напалі на пасажыраў. Ахвярамі трагедыі сталі 29 чалавек, больш за 130 пацярпелі. Усплёск тэрарыстычнай актыўнасці звязваюць з узрослай падтрымкай, якая аказваецца мусульманам-уйгурам з-за мяжы.

На думку некаторых экспертаў, усплёск тэрарызму сведчыць пра актывізацыю салафітаў, якія прыбываюць з Сірыі і праводзяць навучанне ўйгурскіх добраахвотнікаў у Афганістане. Яны "кідаюць выклік амбіцыйным планам кітайскага кіраўніцтва... ператварыць КНР у вядучую сусветную дзяржаву".

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках