27 красавiка 2024, Субота, 1:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнікі: Страйк можа стаць толькі першым этапам пратэстаў

135
Прадпрымальнікі: Страйк можа стаць толькі першым этапам пратэстаў

ІП гатовыя да актыўных дзеянняў супраць забароны на гандаль без сертыфікатаў.

Пра гэта ў інтэрв'ю сайту charter97.org заявіў дырэктар аналітычнага цэнтра Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Анатоль Змітровіч.

- 16 траўня Лукашэнка падпісаў указ № 222, які забараняе ІП гандляваць без сертыфікатаў і суправаджальных дакументаў з 1 ліпеня. Як прадпрымальнікі адрэагавалі на яго?

- Усе прадпрымальнікі думаюць, што гэта гандлёвая вайна буйнога бізнэсу з малым. І калі ўлады заяўляюць аб роўных умовах для вядзення бізнэсу ў Беларусі, то яны хітруюць. Бо гэта тое ж самае, што казаць пра раўнапраўе расейскай і беларускай моў у нас у краіне - яго папросту няма. Таму ўмовы для малога бізнэсу павінны быць асаблівымі, як ва ўсіх нармальных краінах. Гэта аснова.

Сёння я праводзіў сход у Рэчыцы, а перад гэтым у Жлобіне, і магу ўпэўнена сказаць, што людзі не змогуць выконваць тыя ўмовы, якія закладзеныя ў пунктах указу Лукашэнкі №222.

- Разам з тым ІП вярнулі права наймаць рабочых. Ці зменіць гэта істотна сітуацыю, якая склалася.

- Ужо не. Гэта будзе проста свайго роду індыкатар, і ўлады цягам наступнага месяца ўбачаць - колькі прадпрымальнікаў узялі работнікаў, столькі і застанецца на рынку. Пры гэтым важна разумець, што гэты ўказ не дае права рэалізоўваць прадпрымальнікам рэшткі тавару без сертыфікатаў, а дае права рэалізоўваць іх пры выплаце двайной стаўкі адзінага падатку. А ўлічваючы малы кошт рэшткаў, усе грошы, якія ІП за іх утаргуюць, плаўна перададуць у бюджэт у выглядзе падаткаў. Такім чынам дзяржава практычна звальняе прадпрымальнікаў без выходнай дапамогі.

- Што ў такой сітуацыі збіраюцца рабіць ІП, ці ёсць нейкі скаардынаваны план дзеянняў.

- План дзеянняў ёсць, але трэба, каб яго падтрымалі іншыя ІП. Сёння на сходзе я заявіў, што гэты ўказ - пакаранне прадпрымальнікам за іх безыніцыятыўнасць і неактыўную грамадзянскую пазіцыю. Бо калі б яны мелі актыўную пазіцыю, уваходзілі ў буйныя прадпрымальніцкія арганізацыі і гэтак далей, такога б не было.

Калі гадоў сем таму мы пайшлі на кампраміс з уладай наконт пераходу ў ЧУПы, то мы саступілі. А калі мы пайшлі ў мінулым годзе на рэгуляваны з нашага боку канфлікт аб сертыфікацыі тавараў, мы хоць бы год, але перамаглі. Таму прадпрымальнікі гатовыя да актыўных дзеянняў і паставяць уладам такую пастку, якой яны нават не чакаюць. І калі будзе страйк, то гэта будзе толькі першы этап, які пакажа мабілізацыю прадпрымальнікаў. Але самае галоўнае будзе наперадзе. Калі прадпрымальнікі арганізуюцца і пакажуць, што яны ў вялікай колькасці гатовыя змагацца за свае інтарэсы, тады рушыць услед і другі, і трэці, і пяты крок, кожны з якіх прынясе карысць. А канчатковай мэтай будзе перамога.

Напісаць каментар 135

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках