28 красавiка 2024, Нядзеля, 7:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадаўцы: «Яшчэ да выходных мяса падаражэе двойчы»

58
Прадаўцы: «Яшчэ да выходных мяса падаражэе двойчы»

Кошты на мяса і мясныя вырабы ў Беларусі працягваюць расці.

Тым часам пакупнікі заяўляюць, што ўжо не ў стане купляць мясную прадукцыю, перадае «Радыё Свабода».

Менская «Камароўка» працуе ў звычайным рэжыме: каля вітрын з малочнай прадукцыяй - чэргі пенсіянераў, каля прылаўкаў з мясам - людзей мала. Галоўная прычына - нядаўняе павышэнне коштаў на мяса, кажа адна з прадавачак:

- Кошты падраслі, і нямала.

- Што пакупнікі вам кажуць пра гэта?

- Хтосьці выказвае сваё «фе», а хтосьці спакойна набывае. Напэўна, ад дастатку ўсё залежыць. Расейцы ў нас часцей усяго купляюць.

- А пасля чэмпіянату што будзе?

- Не ведаю, напэўна, зацішша.

Кошты на мяса на менскай «Камароўцы» вагаюцца ў межах 85-150 тысяч. Звычайнае сала каштуе ў межах 100 тысяч за кілаграм. Пры гэтым выбар невялікі, а некаторыя вітрыны ў мясных шэрага' наогул пустыя. Цікаўлюся ў пакупнікоў:

- Ці набывалі сёння на «Камароўцы» мяса?

- У апошні час - не, дорага вельмі. Па-першае, невялікі выбар, і кошты высокія. Таксама адпаведна на каўбасы кошты выраслі. Таму толькі ходзім і глядзім. Не ведаю - мы, беларусы, не можам ні без мяса, ні без сала. Таму хоць трохі, але будзем браць. Яшчэ хто працуе, то лягчэй, а вось як пенсіянерам бедным... Таму вельмі дрэнна... зарплаты ў нас не паспяваюць за ростам коштаў, - кажа менчанка.

- Сала набыў па 105 тысяч, а мяса - не, вельмі дарагое. Напэўна, так, як у нас, нідзе не даражэе, - адзначае іншы пакупнік.

- Чаму, як вы думаеце?

- Палітыка, напэўна, такая. Свіней у людзей пабілі, а што на гэтых комплексах адбываецца - невядома. Я вось са Слуцка, і памятаеце - калі Лукашэнка быў на комплексе, там мяса гнілое было. У мяне ў галаве не ўкладваецца - як так можна гаспадарыць? Вось такія гаспадары - так і атрымліваецца.

- Мяса на «Камароўцы» даўно не купляем - хіба толькі для дзіця. Сабе адмаўляем - дорага. Я ў дэкрэтным, маем дваіх маленькіх дзяцей - грошай не хапае, - распавядае іншая пакупніца.

- Ці ёсць выйсце з такой сітуацыі?

- Я думаю, ёсць - у змене кіраўніцтва. Заседзелася яно.

Падобная карціна і ў менскіх крамах: не лепшае мяса каштуе ў межах 120 тысяч рублёў. Загадчыца адной з менскіх крамаў называе кошты неапраўданымі і кажа, што нават у бліжэйшыя два дні яны будуць зноў павышацца:

- Кошты вар'яцкія: калі нядаўна яшчэ пенсіянер мог купіць сабе мяса нават два кілаграма, то зараз 300 грамаў бярэ. Лепш катлеткі возьме - сліной заходзіцца і нічога не могуць сабе купіць. Але гэта не я накручваю - гэта дзяржава накручвае. У нас толькі гандлёвая надбаўка, і ўсё. Гэта ў галаве не ўкладваецца, каб мяса 160 тысяч каштавала. Хто купіць мяса за такі кошт? Заробкі ж на месцы, пенсіі таксама на месцы.

- Як вы думаеце: на гэтым спыніцца рост коштаў або будзе працягвацца?

- У мяне на сёння ляжыць тры партыі мяса па 300 кілаграмаў - мы яго атрымлівалі два дні запар. Першы кошт - які вы бачыце на вітрыне, другая партыя ад таго ж холадакамбіната - ужо на 5 тысяч даражэй без уліку надбаўкі на дабаўленую вартасць, а наступная - яшчэ даражэй. Дык вось я гэтую партыю дапрадаю, заўтра буду пералічваць кошты на 8-9 тысяч даражэй, а трэцюю буду пералічваць на выходныя. Гэта азначае, што калі цяпер філе ў мяне 129 900 рублёў, то ў чацвер - пятніцу яно будзе 140 тысяч, а ў выходныя - 160. Хіба гэта нармальна?

Для даведкі: свіной філей у Менску каштуе ад 120 да 150 тысяч рублёў, у Расеі - 107, у Польшчы - 74, у Літве - 66, ва Украіне - 62 тысячы ў беларускіх рублях.

Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках