27 красавiка 2024, Субота, 17:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Свет адзначае Міжнародны тыдзень зніклых людзей

3
Свет адзначае Міжнародны тыдзень зніклых людзей

Апошні тыдзень траўня аб'яўлены ЮНЕСКА Міжнародным тыднем зніклых людзей.

33 гады таму па ініцыятыве Лаціна-Амерыканскай Федэрацыі сваякоў зніклых людзей (FEDEFAM) свет упершыню адзначыў Тыдзень зніклых людзей. З тых часоў апошні тыдзень траўня прысвечаны ўсім зніклым.

У гэтым годзе напярэдадні тыдня зніклых людзей Міжнародная Кааліцыя супраць гвалтоўных знікненняў (ICAED), у якую ўваходзяць 52 арганізацыі, у тым ліку «Мы памятаем», выступіла з адмысловай заявай.

У заяве Кааліцыя нагадвае, што прайшло ўжо больш за сем гадоў з дня прыняцця Міжнароднай канвенцыі ААН для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў і амаль чатыры гады пасля яе ўступлення ў сілу. У агульнай колькасці Канвенцыю падпісалі 93 дзяржавы і ратыфікавалі 43. Пры гэтым толькі 16 з гэтых дзяржаў прызналі кампетэнцыю Камітэта ААН па гвалтоўных знікненнях, паведаміла сайту charter97.org прэс-служба грамадзянскай ініцыятывы «Мы памятаем».

ICAED выказвае занепакоенасць у сувязі з такім павольным працэсам глабальнай ратыфікацыі і прызнання кампетэнцыі Камітэта. ICAED нагадвае, што Рабочая група ААН па гвалтоўных і нядобраахвотных знікненнях зарэгістравала і перадала ўрадам 53.986 спраў, якія тычацца недобраахвотных знікненняў.

З нагоды Міжнароднага тыдня зніклых людзей, Міжнародная Кааліцыі супраць гвалтоўных знікненняў звяртаецца да ўрадаў свету з заклікам: падпісаць і ратыфікаваць Канвенцыю, прызнаць кампетэнцыю Камітэта па гвалтоўных знікненнях, а таксама прыняць нацыянальныя законы, якія тычацца крымінальнай адказнасці за гвалтоўныя знікненні.

Нагадаем, чатыры вядомыя беларуса падвергліся гвалтоўным знікненням у 1999-2000 гадах.

Экс-міністр унутраных спраў, генерал міліцыі Юрый Захаранка быў выкрадзены ўвечары 7 траўня 1999 года паблізу ад уласнай кватэры.

Першы віцэ-спікер Вярхоўнага савета Беларусі 13-га склікання, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар і яго сябар, прадпрымальнік і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі, былі выкрадзеныя 16 верасня 1999 года ля будынка публічнай лазні на вуліцы Фабрычнай у Менску.

Зміцер Завадскі, асабісты аператар Аляксандра Лукашэнкі, 7 ліпеня 2000 года знік пры нявысветленых абставінах па дарозе ў аэрапорт «Мінск-2».

Патрабаванне раскрыць праўду аб знікненні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Змітра Завадскага змяшчаецца ў рэзалюцыях Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, Камітэта па правах чалавека ААН, Парламенцкай Асамблеі АБСЕ. Афіцыйныя асобы Беларусі - Уладзімір Навумаў, Віктар Шэйман, Юрый Сівакоў і Зміцер Паўлічэнка - з'яўляюцца ў вачах сусветнай грамадскасці галоўнымі падазраванымі ў датычнасці да знікненняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Змітра Завадскага. Трынаццаты год беларускія ўлады цалкам ігнаруюць заклікі родных і блізкіх, а таксама міжнароднай грамадскасці правесці адкрытае расследаванне і праверыць інфармацыю аб дачыненні да знікненняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Змітра Завадскага вышэйшых службовых асоб краіны.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках