7 траўня 2024, aўторак, 19:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аўтааматары: Няхай Лукашэнка сам ездзіць на Geely

87
Аўтааматары: Няхай Лукашэнка сам ездзіць на Geely

У аўтамабіляў «БелДжы» няма будучыні.

Пракаціўшыся ў суботу, 3 траўня, у Барысаве на новенькіх Geely Лукашэнка даручыў ураду прадумаць сістэму стымулявання продажаў аўтамабіляў на ўнутраным рынку, піша «Салідарнасць».

- Стымуляваць продаж аўтамабіляў мы будзем разам. Дзяржава будзе ствараць умовы і дапамагаць, падштурхоўваць насельніцтва, каб яно купляла, - заявіў ён. Паводле слоў Лукашэнкі, падтрымка можа быць аказаная ў выглядзе крэдытаў на працяглы час.

Пра неабходнасць стварэння прывабных фінансавых умоў продажу аўтамабіляў Geely кажуць і эксперты. У адной з апошніх публікацый аб прадукцыі «БелДжы» газета «Автобизнес Weekly» піша, што без нізкага кошту, магчымасці растэрміноўкі або крэдыту па разумнай стаўцы шанцы ў беларуска-кітайскай навінкі на аўтамабільным рынку невысокія.

Планы і рэальнасць

На сайце прадпрыемства гаворыцца, што мэтай праекта з'яўляецца арганізацыя вытворчасці 120 000 легкавых аўтамабіляў за год у перыяд з 2012 па 2020 год. На першым этапе з 2012 па 2015 год плануецца развіць вытворчасць ад 10 000 да 60 000 аўтамабіляў за год. Мяркуецца, што на ўнутраным рынку будзе прадавацца каля 50 000 аўтамабіляў за год.

Гэта планы, у рэальнасці паказчыкі некалькі сціплей. Так, па дадзеных вытворцы ў 2013 годзе было выпушчана каля 2500 аўтамабіляў маркі Geely. З іх у Беларусі была прададзеная 461 машына, у Казахстан адправілі 1015 аўто, у Расею - 235.

Галоўная праблема - рэнтабельнасць

- Вырашыць пытанне з крэдытамі на аўтамабілі Geely не галоўная праблема, - патлумачыў доктар эканамічных навук, прафесар Барыс Жэліба. - Тым больш, што ў нас распаўсюджаныя льготныя крэдыты на набыццё тавараў беларускіх вытворцаў, а прадукцыя «БелДжы» ў пэўнай ступені такой з'яўляецца.

На думку эканаміста, галоўнае пытанне тут - ці будзе беларуска-кітайскі аўтамабільны праект рэнтабельным:

- Для гэтага павінна быць дасягнутая пэўная планка ў аб'ёме вытворчасці, якая дазваляе працаваць без страт.

І тут, па словах эканаміста, тоіцца галоўная небяспека. Беларускі рынак досыць вузкі, беларусы не спяшаюцца купляць кітайскія аўтамабілі, аддаючы перавагу хоць і патрыманым, але еўрапейскім маркам. Згодна з планамі па экспарту, асноўныя адгрузкі запланаваныя ў Расею. Але там ужо наладжаны свой рынак: зборачныя цэхі заходніх аўтаканцэрнаў і свае ўласныя.

Эканаміст нагадаў, што Расеі ў цэлым без захаплення глядзяць на беларуска-кітайскую кааперацыю. Акрамя таго, шараговыя пакупнікі могуць засумнявацца ў якасці кітайскіх аўто, сабраных у Беларусі.

Як у народзе называюць Geely

«Хай спачатку прэзідэнцкі картэж на Geely пасадзяць, тады і беларусы падумаюць», - гэта адно з самых распаўсюджаных меркаванняў на аўтафоруме пра «падштурхоўванні насельніцтва» да куплі прадукцыі «БелДжы».

Акрамя таго, ва ўсіх перад вачыма прыклад беларускага МУС, які зрабіў стаўку на імпартную тэхніку.

Аднак ёсць і аптымісты, якія сцвярджаюць, што безадсоткавая растэрміноўка выстраіць беларусаў у чэргі за Geely. А хтосьці з'едліва заўважае, што словы Лукашэнкі пра крэдыты адвадзяць перспектыўных пакупнікоў, так як усе будуць чакаць зніжэння коштаў.

У цэлым у першыя гады існавання праекта беларусы досыць скептычна ставяцца да кітайскіх аўтамабіляў. Пра гэта можна судзіць, у тым ліку, і па народных назвах, якія прыляпіліся да Geely. Як прыклад - мянушка «Гнілі». Цяпер усё часцей на аўтафоруме можна сустрэць назву «Дажылі».

Напісаць каментар 87

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках