28 красавiка 2024, Нядзеля, 23:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь пакрытая «ледавікамі» за народны кошт

21
Беларусь пакрытая «ледавікамі» за народны кошт

Удзельнічаць у чэмпіянаце свету ў хакеі ў Менску - амаральна і небяспечна.

Прэс-канферэнцыя «Не гуляй з дыктатарам» прайшла ў Беларускім дому ў Варшаве 6 траўня, напярэдадні адкрыцця ў Менску чэмпіянату свету ў хакеі. У прэс-канферэнцыі ўзялі ўдзел лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года і былы палітвязень Андрэй Саннікаў, дэпутат Еўрапарламэнта з Польшчы Марэк Мігальскі, галоўная рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна, польская журналістка, аўтарка праграмы Studio Wschód Марыя Пшэломец і расейская праваабаронца Вольга Захарава.

Адкрываючы канферэнцыю Марыя Пшэломец адзначыла, што падзеі ва Украіне адсунулі ў цень тое, што адбываецца на тэрыторыі былога Савецкага Саюза.

«Забытае ў тым ліку і тое, што 9 траўня ў дзяржаве, якая называецца «астатняй дыктатурай Еўропы», пачынаецца чэмпіянат свету ў хакеі. Можна сказаць, што гэта свайго кшталту падарунак, зроблены Міжнароднай федэрацыяй хакея Аляксандру Лукашэнку, які сам гуляе ў хакей і з'яўляецца аматарам гэтага тыпу спорту.

Беларускі правадыр атрымаў гэты падарунак у 2008 годзе, калі Еўропа спадзявалася, што яна здолее ўтаймаваць дыктатара. Нагадаю, што тады ў Беларусь нават ездзілі міністры замежных спраў Польшчы і Нямеччыны. Ужо потым, калі Лукашэнка атрымаў гэты чэмпіянат, ён чарговым разам сфальсіфікаваў выбары, брутальна разагнаў дэманстрацыю пратэсту супраць фальсіфікацый і вярнуўся да пераследу апанэнтаў, кінуўшы іх у турмы.

Яшчэ ў мінулым годзе былы кіраўнік Еўрапарламэнта і частка ягоных дэпутатаў звярнуліся да Міжнароднай федэрацыі хакея з просьбай адклікаць ЧС у хакеі з Беларусі. Тое ж самае зрабіў і Кангрэс ЗША. Але гэта не зрабіла на МФХ ніякага ўражання, яна сказала, што нельга мяшаць спорт з палітыкай. Але хацела б нагадаць, што нават у Старажытнай Грэцыі спорт з палітыкай мяшалі - на час Гульняў усе войны заціхалі. Частка еўрапарламэнтароў спрабавала прымусіць Федэрацыю да таго, каб умовай пачатку чэмпіянату было б вызваленне ўсіх палітвязняў. Але федэрацыя была непахіснай і адмовілася рабіць гэта. У выніку цяпер у Беларусі дзевяць палітвязняў.

Цяпер трэба зразумець, ці з'яўляецца ЧС у хакеі ў Менску довадам поўнай бездапаможнасці заходняга свету ці што яшчэ горш - аргумэнтам таго, што дэмакратычны свет настолькі цынічны, што яго не вельмі хвалюе тое, што адбываецца за нашай усходняй мяжой».

Журналістка папрасіла галоўную рэдактарку сайта charter97.org Наталлю Радзіну распавесці, як выглядае сітуацыі ў Беларусі за некалькі дзён да чэмпіянату і ці ёсць нейкі шанец, што Лукашэнка пагодзіцца вызваліць палітвязняў, не патрабуючы ад іх прашэнні аб памілаванні.

«Думаю, што пасля чэмпіянату нічога не зменіцца, наадварот - становішча з правамі чалавека толькі пагоршыцца. Сёння мы назіраем у Беларусі масавыя арышты палітычных актывістаў, і рэпрэсіі будуць узмацняцца цягам усяго чэмпіянату. Арыштоўваюць усіх, хто быў заўважаны ва ўдзеле ў масавых акцыях пратэсту. Усе палітвязні, якія выйшлі на волю, але знаходзяцца пад прэвентыўным наглядам, зноў арыштоўваюцца або ім прапануецца з'ехаць на час правядзення чэмпіянату з Менска. Акрамя таго, паводле нашай інфармацыі, арыштоўваюцца не толькі былыя палітвязні, але і ўсе грамадзяне, якія цяпер знаходзяцца пад прэвентыўным наглядам. Сотні тысяч чалавек адпраўляюцца ў працоўныя лагеры, якімі з'яўляюцца так званыя «лекава-працоўныя прафілакторыі». А што казаць пра бяздомнікаў і так званыя асацыяльныя элемэнты, ад якіх Менск ужо ачышчаны напярэдадні чэмпіянату? Што адбылося з гэтымі людзьмі? Менск сёння цалкам зачышчаны да прыезду замежных гасцей, і рэальную выяву таго, што адбываецца ў краіне, будзе ўбачыць вельмі складана.

Важна, каб замежныя журналісты, прыехаўшы на чэмпіянат, не забывалі пра палітвязняў у турмах, пра тысячы рэпрэсаваных за гады кіравання Лукашэнкі, аб выкрадзеных і забітых апазіцыянерах і журналістах. Трэба казаць і паўтараць, што еўрапейскія чыноўнікі і спартовыя функцыянеры, якія пагадзіліся на правядзенне ЧС у хакеі ў Менску, адказныя за лёсы тых сотняў тысяч людзей, якія былі рэпрэсаваныя падчас правядзення гэтай імпрэзы», - сказала Наталля Радзіна.

Лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў адзначыў, што прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазэль нясе асабістую адказнасць за сённяшнія рэпрэсіі ў Беларусі:

«Я размаўляў з Лэйлай Юнус, вядомай азербайджанскай праваабаронцай, якая цяпер знаходзіцца пад неймаверным ціскам у сваёй краіне, і пытаўся, што адбывалася ў Баку падчас правядзення конкурсу «Еўравізія». Мы чулі, што гэта быў шанец для дэмакратычных сіл, праваабаронцаў у Азербайджане паказаць свету, што там напраўду адбываецца. Але «Еўравізія» нічым не дапамагла Азербайджану. Наадварот, людзей кідалі за краты, іхныя дамы разбуралі, ціск на апазіцыю ўзмацніўся. Такая разавая цікавасць да краіны ў часе міжнародных дзей не дапамагае, а вядзе да больш адмоўных наступстваў.

Гэта найбольш небяспечная сітуацыя. Так, у Менск збіраюцца еўрапейскія парламэнтары, праваабаронцы, журналісты. Але калі перыяд зацікаўленасці сканчаецца, рэжым пачынае паляваць на людзей. Вы казалі, што цяпер дзевяць палітвязняў у Беларусі. Не, цяпер ужо больш за 20. Таму што тыя, хто цяпер за кратамі, у тым ліку два былыя палітвязні Зміцер Дашкевіч і Аляксандр Францкевіч, гэта палітзняволеныя. Максім Вінярскі днямі выйшаў на волю, але стан ягонага здароўя выклікае вялікую ўстурбаванасць, бо ўвесь перыяд знаходжання ў турме ён трымаў галадоўку, якая спачатку была сухой.

Трэба нешта рабіць. Проста заклікі не працуюць. Парламэнтары, сусветныя зоркі, журналісты, праваабаронцы звярталіся да кіраўніка МФХ Рэнэ Фазэля, але ён нічога не чуе. Магчыма, потым мы даведаемся, што там было напраўду, чаму ён так цвёрда бараніў пастанову правесці ЧС у Менску. Больш за тое, Расея, што вядзе вайну ва Украіне, атрымала права правядзення Чэмпіянату свету ў футболе, і цяпер важна стварыць механізм адклікання такіх пастаноў. Важна, каб спартовыя функцыянеры неслі адказнасць за ўсіх рэпрэсаваных падчас чэмпіянатаў і напярэдадні іх, каб персанальна Рэнэ Фазель адказваў, каб ён дапамагаў палітвязням ды іхным сем'ям, якія пацярпелі праз ягоныя амаральныя пастановы».

На думку Саннікава, дыктатура Лукашэнкі сёння атрымала падарунак у выглядзе сусветнага спаборніцтвы найвышэйшага класа, хоць сітуацыя ў Беларусі сёння нават больш жахлівая, чым перад Алімпійскімі гульнямі ў Маскве ў 1980 годзе.

«У СССР таксама ізалявалі дысідэнтаў, а дэкласаваныя элемэнты вывозілі за соты кіламетр. А ў Беларусі не за соты кіламетр, а проста ў канцлагер, таму што ЛПП - гэта канцлагер. І вось на гэта шмат хто, дарэчы, не звяртае ўвагі, бо хто будзе клапоціцца аб дэкласаваных элемэнтах?» - сказаў Саннікаў.

Еўрадэпутата Марэка Мігальскага Марыя Пшэломец спытала, чаму Захад практычна бяздзейнічае ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі?

«Еўрапейскія дэпутаты двойчы звярталіся да МФХ з тым, каб змяніць месца правядзення гэтага чэмпіянату. Таму еўрапейскія палітыкі хоць бы ў гэтым пытанні паводзілі сябе годна. На мой погляд, галоўным вінаватым у правядзення чэмпіянату ў Менску з'яўляецца незалежная няўрадавая арганізацыя, якой з'яўляецца МФХ. Бо яна заўжды нам паўтарала, што не трэба мяшацца ў справы незалежнай спартовай арганізацыі, не трэба мяшаць палітыку са спортам.

Гэта, вядома, поўная крывадушнасць. Бо мы ведаем, што арганізацыя гэтага чэмпіянату ў Беларусі - акурат выкарыстанне адным палітыкам спорту. Падобная сітуацыя была з Алімпіядай у Сочах. Пытанне: што Лукашэнка даў гэтай арганізацыі за магчымасць правядзення ў сябе гэтай дзеі. Але сёння, калі скасаваць правядзенне ЧС не выпала, трэба выкарыстоўваць яго правядзенне для змены сітуацыі ў Беларусі», - сказаў Марэк Мігальскі.

Расейская праваабаронца Вольга Захарава распавяла, наколькі Алімпіяда ў Сочах «дапамагла» дэмакратычнаму развіццю Расеі.

«Па-першае, вельмі вялікая ілюзія, што міжнародная імпрэза можа нейкім чынам спрыяць змене сітуацыі да лепшага ў краіне, якая ўжо з'яўляецца аўтарытарным рэжымам. У большасці выпадкаў, як з нашымі краінамі, сітуацыя зайшла настолькі далёка, што гэты рэжым могуць вынесці толькі наперад нагамі - палепшыць яго немагчыма. Альбо ён пачне змяняцца пад ціскам нейкіх вельмі моцных вонкавых абставін. Але калі ён пачне змяняцца, ён проста самазнішчыцца.

Па-другое, давайце не будзем грашыць падменай паняткаў услед за чыноўнікамі, якія кажуць, што спорт і палітыка - гэта розныя рэчы. Правы чалавека на жыццё, на свабоду, на свабоду выказвання меркаванняў з'яўляюцца не палітычнымі рэчамі, а ўніверсальнымі вартасцямі, таму не трэба быць суўдзельнікамі злачынства.

Пасля Алімпіяды ў Сочах зачысткі працягваюцца, сітуацыя ў Расеі становіцца ўсё горшай і горшай. Напрыклад, з 9 траўня я ўжо не магу сказаць, што Крым анэксаваны - мяне за гэта пасадзяць на пяць гадоў. Алімпійскі камітэт сапраўды стаў суўдзельнікам злачынства, бо прыняў правіла, што ўсякія палітычныя выказванні падчас Алімпійскіх гульняў прывядуць да дыскваліфікацыі спартоўцаў. Таму, спадарства, усялякая міжнародная імпрэза - гэта легітымацыя рэжыму і сігнал, што ён можа здзекавацца і здзекавацца са сваіх людзей далей», - сказала Вольга Захарава.

На заканчэнне прэс-канферэнцыі ўдзельнікаў спыталі, як сённяшняя агрэсія Расеі супраць Украіны паўплывае на Еўропу.

«Агрэсія Крамля супраць Украіны - гэта агрэсія Крамля супраць Еўропы. І гэта трэба ўсведамляць, бо планы Пуціна не абмяжоўваюцца толькі тэрыторыяй Украіны. Гэта добра падрыхтаваная агрэсія. Паглядзіце, колькі ў Еўропе сёння працуе прарасейскіх мэдыяў, піяр-кампаній, бізнэсоўцаў, якія лабіююць інтарэсы Крамля. Ад супрацьстаяння гэтаму залежыць лёс не толькі Украіны, але і ўсяго Еўразвязу», - сказаў Андрэй Саннікаў.

Наталля Радзіна заявіла, што сёння важна прызнаць крах заходняй палітыкі на ўсёй постсавецкай прасторы.

«Я магу сказаць больш: на Еўропу ўплывае тое, што адбываецца ў Беларусі. І ў Расеі, і ва Украіне не было б гэтай сітуацыі, калі б Еўропа ў свой час звярнула ўвагу на дыктатуру ў Беларусі. Акрамя заяў заклапочанасці і нічога не значных санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, нічога не рабілася. Беларусь была палігонам, на якім Уладзімір Пуцін выпрабоўваў трыванне Захаду. Ён зразумеў, што Захад гатовы заплюшчваць вочы на робленае ў суседняй Беларусі беззаконне, што Еўразвяз слабы, бо не можа прыняць ні адну пастанову аднадушна, асабліва, калі гэта пытанне эканамічных санкцый.

У Еўропе ўжо ідзе вайна. Вы ж гэтага зблізку не хочаце бачыць. І з дня на дзень, ужо ў траўні можа адбыцца ўварванне расейскіх войскаў на тэрыторыю паўднёвага ўсходу Украіны. Крым ужо акупавалі, зноў жа, пад маўклівую згоду Захаду. І што вы сёння будзеце рабіць? Лукашэнка - хаўруснік Крамля. Вы можаце колькі хочаце казаць, што ён, можа быць, не зусім хаўруснік Пуціна, але, прабачце, ён і не хаўруснік Захаду. Таму ў гэтай сітуацыі патрэбныя рашучыя захады. Уводзьце рэальныя санкцыі. Шукайце замену расейскай нафце і газу. Пакуль ёсць рэжым Пуціна, не будзе зменаў ні ў Расеі, ні ва Украіне, ні ў Беларусі. Пакуль ёсць рэжым Лукашэнкі ў Беларусі, ва Украіне не будзе стабільнасці», - сказала Радзіна.

На прэс-канферэнцыю ў Варшаву таксама прыехаў з Менска старшыня Прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч. Ён заявіў:

«Сёння Беларусь укамплектаваная дваццаццю пяццю ледавікамі. Не лядовымі палацамі, а ледавікамі іх называюць людзі. Напрыклад, у Пружанах такі ледавік называюць НХЛ - начная хакейная ліга. Туды ўначы прыязджаюць хлопцы з Менска, пагуляць у хакей, папарыцца ў лазні, а потым вярнуцца ў Менск. І яшчэ было ў плане блізу 27 ледавікоў будаваць. Адзін ледавік каштаваў у той час больш за 30 млн даляраў. Колькі яно ўсё каштавала для нашай кішэні?

Наконт байкоту. На жаль, міжнародная супольнасць яшчэ не навучылася супрацьстаяць бізнэсу, тым больш палітычнаму. У статутах усіх міжнародных спартовых федэрацый павінна быць сказана: калі парушаюцца правы людзей у гэтых краінах, то ніякія заяўкі ніякім чынам не могуць разглядацца. Як можна ў Беларусі праводзіць чэмпіянат свету ў хакеі, калі ў суседняй Украіне праліваецца кроў? Гэта страшна. І сёння ў людзей дваякае пачуццё: з аднаго боку, чэмпіянат свету, а з другога - вельмі сумна. Свята будзе на плакатах. На гульнях будзе аншлаг, бо арэны будуць запаўняцца прымусова. Гэта будзе выява, за якой схаваюць вусцішную рэчаіснасць», - сказаў Генадзь Фядыніч.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках