4 траўня 2024, Субота, 14:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пётр Парашэнка: 90% жыхароў Данбаса хочуць жыць ва Украіне

4
Пётр Парашэнка: 90% жыхароў Данбаса хочуць жыць ва Украіне

Кандыдат у прэзідэнты не супраць правядзення рэферэндуму ў Данбасе пасля аднаўлення парадку.

Карэспандэнт Frankfurter Allgemeine пагутарыў з Пятром Парашэнкам. Размова, у прыватнасці, ішла пра тое, чаму ён, будучы адным з найбагацейшых людзей краіны, адмаўляецца лічыць сябе алігархам, і як збіраецца паступіць з тымі, каго ён алігархамі лічыць, піша Инопресса.

Па словах Парашэнкі, 90% насельніцтва Данецкай і Луганскай абласцей хочуць застацца ў складзе Украіны: "Недапушчальна, каб 7,5 млн чалавек сталі ахвярамі сотні бандытаў, якія са зброяй у руках спрабуюць навязаць дзяржаве сваю волю і з гэтай мэтай атрымліваюць з Расеі зброю і ўказанні, - заявіў бізнесмен. - Калі ёсць такая неабходнасць, трэба правесці рэферэндум, калі будзе адноўлены парадак. Трэба выразна даць зразумець, што ў людзей ёсць права гаварыць па-руску. Павінны быць прынятыя рашэнні аб дэцэнтралізацыі, каб людзі самі маглі распараджацца фінансавымі і бюджэтнымі пытаннямі. Але якія могуць быць перамовы з узброенымі людзьмі, якія захопліваюць будынкі, выкрадаюць місію АБСЕ, бяруць закладнікаў, трымаюць іх звязанымі, катуюць, з людзьмі, якія папросту забіваюць іншых людзей? Гэтыя людзі не разумеюць ні па-нямецку, ні па-украінску, ні па-руску - яны разумеюць толькі мову сілы".

"Праблема ў тым, што мірныя жыхары Данбаса пазбавіліся палітычнага прадстаўніцтва, - працягнуў Парашэнка. - Раней іх прадстаўляла "Партыя рэгіёнаў" на чале з Віктарам Януковічам. Сёння яны яго ненавідзяць, лічаць баязліўцам, здраднікам, злодзеем і забойцам. Сёння іх ніхто не прадстаўляе. Ужо сапраўды не сепаратысты... У дэмакратычным свеце адзіны нармальны выхад з крызісу - гэта выбары, а не аўтаматы".

Суразмоўца Frankfurter Allgemeine заявіў, што заўсёды быў паслядоўны ў сваіх палітычных перакананнях, адстойваючы інтэграцыю Украіны з Еўропай. Пры гэтым ён падкрэслівае, што "атрымаў урокі з падзей 2005 года" і цяпер перакананы, што "дэмакратычныя сілы павінны быць адзіныя". Акрамя еўраінтэграцыі, да ліку яго прыярытэтаў адносіцца барацьба з карупцыяй, сказаў Парашэнка. Ён лічыць, што гэтая сістэма каштоўнасцяў зрабіла яго "палітыкам, якому людзі давяраюць больш за ўсіх". "Я рады, што краіна пачынае разумець, што ёй патрэбныя сумленна заробленыя грошы і набыты на гэтым шляху вопыт", - дадаў палітык.

У мэтах барацьбы з карупцыяй Парашэнка плануе прыняць спецыяльны пакет законаў, у якім, у прыватнасці, будзе замацаваная адмова дзяржавы ад такіх функцый, як "выдача рознага роду ліцэнзій і сведчанняў". Сам ён у добраахвотным парадку раскрыў паходжанне "кожнай капейкі" са свайго перадвыбарчага фонду, сказаў Парашэнка. Адразу ж, як толькі яго абяруць прэзідэнтам, ён паабяцаў прадаць свае актывы - за выключэннем "Пятога канала". Такое рашэнне бізнесмен матываваў тым, што "Пятый канал" "з'яўляецца прыкладам для пераймання: гэта першая тэлекампанія, у якой паміж уласнікам і журналістамі было заключана рэдакцыйнае пагадненне".

Свае адрозненні ад "алігархаў" Парашэнка апісаў наступным чынам: "Яны крадуць з бюджэту грошы, я ж ствараю працоўныя месцы на прадпрыемствах з празрыстай і пабудаванай па новай методыцы сістэмай кіравання. Я задэклараваў паходжанне сваіх даходаў і не задзейнічаю дзяржаўную ўладу ў працы сваіх кампаній".

Тых, хто "разбагацеў за кошт дзяржавы", а потым "уцёк з краіны", рана ці позна "пасадзяць у турму", паабяцаў кандыдат у прэзідэнты, і ўзбагацелыя за кошт падаткаплацельшчыкаў людзі "вылецяць з палітыкі". Пра Рыната Ахметава і Дзмітрыя Фірташа Парашэнка выказаўся асобна: "Яны не будуць мець ніякага ўплыву на палітыку. І кропка. Ні адзін, ні другі".

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках