1 траўня 2024, Серада, 5:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адстаўку Мясніковіча адклалі на восень?

30
Адстаўку Мясніковіча адклалі на восень?

Сур'ёзная размова кіраўніка з міністрамі адкладзеная на канец года.

Пра гэта заявіў у інтэрв'ю camarade.biz доктар эканамічных навук Барыс Жаліба.

- Чаму, на Ваш погляд, Лукашэнка абмяркоўвае эканамічныя праблемы не з урадам, а на пасяджэнні Савета бяспекі? Усё настолькі дрэнна, што бяспека краіны пад пагрозай?

- У структуры кіраўніцтва Беларусі ёсць вялікія асаблівасці. І выходзіць, адна з галоўных задач Савета бяспекі - справы ў эканоміцы. Тады маюць рацыю эксперты, якія кажуць, што галоўны вораг Лукашэнкі - гэта эканоміка. Як раз яна яго падводзіць пастаянна, і можа менавіта таму ўсё гэта вырашаецца з Саветам бяспекі. Ды і што абмяркоўваць з урадам, калі ўлічыць ранейшую заяву прэзідэнта, што ён адкруціць галовы ўраду, адправіць усіх у адстаўку і гэтак далей.

- Вынікі работы эканомікі не выклікаюць аптымізму?

- Вынікі вельмі нездавальняючыя, нават сумныя. Прыбаўка ў 1% да ВУП - гэта статыстычная памылка, гэта значыць ён не расце. Эканоміка стагнуе. Інфляцыя нас захліснула: 8,9% за 5 месяцаў, хоць у мінулым годзе да такой лічбы мы прыйшлі толькі праз 8 месяцаў. Паводле слоў кіраўніцы Нацбанка, яна бачыць інфляцыю за год ужо дзесьці на ўзроўні 17%. Плюс вялікі рост коштаў. Узяць хоць бы скандалы з ростам коштаў на свініну, да чаго ўрад быў зусім не гатовы. Сярэднестатыстычны беларус не можа мяса купіць, гэта ўжо раскоша. Якую яшчэ ацэнку эканоміцы тут даць? Потым гэтыя адміністрацыйныя спагнанні з нагоды ліцэнзавання імпарту. Такімі мерамі яго хочуць скараціць, каб штучна выправіць гандлёвы і плацежны баланс. Але карэнным чынам урад нічога не можа зрабіць, і мы ходзім па крузе. Прадукцыйнасць працы расце мінімальна, пакуль у разы растуць рэальныя даходы. Хоць і іх рост замер: сённяшняя зарплата беларуса ў даляравым эквіваленце менш, чым была ў снежні. Значыць, ніякага прагрэсу ў якасці жыцця краіны няма. Экспартная выручка скарацілася на мільярд з пачатку года. Больш чым на мільярд скараціліся золатавалютныя рэзервы. Рэкорд б’юць складскія запасы – 35 трлн. рублёў. Я нават не бачу, які плюс можна знайсці. Гэта значыць эканоміка знаходзіцца ў перманентным крызісе, які ўсё больш абвастраецца. І падтрымліваць яе жыццядзейнасць мы можам толькі за кошт знешніх уліванняў, якія зараз ідуць з боку Расеі.

- Гэта значыць ураду проста няма з чым ісці да Лукашэнкі...

- Калі праводзіць нараду ў чэрвені, як ён казаў, то выснова адна: урад трэба адпраўляць у адстаўку на чале з прэм'ер-міністрам. Але гэта значыць распісацца ва ўласным бяссіллі: урад прызначае прэзідэнт. Наколькі я ведаю, гэтая суровая размова з урадам адкладзеная ўжо на восень.

- Ці ёсць, на Вашую думку, неабходнасць адпраўляць урад у адстаўку?

- Урад трэба мяняць, а што толку? Усе паказчыкі кажуць, што беларуская эканамічная мадэль тупіковая. Трэба яе рэфармаваць. А расейскія ўліванні толькі кансервуюць сітуацыю. Калі яны будуць працягвацца, то нічога не палепшыцца, змяняй - не мяняй урад.

- Лукашэнка на пасяджэнні даручыў скарыстацца перавагамі створанага Еўразійскага эканамічнага саюза і «нарошчваць нашую прысутнасць на агульным рынку, а не быць пасіўнымі і стагнаць аб тым, што нібыта вырасла канкурэнцыя». Ці ёсць у Беларусі магчымасць нарошчваць гэтую прысутнасць і за кошт чаго?

- Расейскі рынак ужо ў рамках «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі быў дастаткова адкрытым для нашай прадукцыі і з'яўляўся яе асноўным спажыўцом. На гэтым рынку мы па-ранейшаму маем вельмі добрыя ўмовы. Іншае пытанне, што захоўваецца шмат абмежаванняў нетарыфнага і немытнага характару. Напрыклад, скардзяцца адзін на аднаго вытворцы сельгаспрадукцыі, скажам, тыя ж «Рассельмаш» і «Гомсельмаш». Расейцы заяўляюць, што ўвогуле не могуць прадаць ні аднаго камбайна ў Беларусі, паколькі іх не дапускаюць да конкурсу. А калі дапускаюць, то конкурс на дзяржзаказы праводзяць так, што яго выйграе заўсёды айчынны вытворца. Можна знайсці і іншыя супярэчнасці, але частка з іх мае аб'ектыўны характар, паколькі ёсць канкурэнцыя на агульным рынку Мытнага саюза. Таму нам, зноў жа, трэба павышаць якасць, зніжаць цэны і сабекошт. Але пакуль прагрэсу мала, і справы не вельмі добрыя.

- Але воз і цяпер там...

- Проста не бачу, што яшчэ можна прапанаваць, каб заняць расейскі рынак у існуючым тэхналагічным укладзе. Экспарт у нас традыцыйна прадстаўлены ў асноўным нафтапрадуктамі, угнаеннямі. А вось ніша нашага экспарту машынабудаўнічага, транспартнага, сельгасмашынабудавання на расейскім рынку ў апошнія гады памяншаецца. Гэта статыстычны факт. Значыць, мы тэхналагічна адстаем. Значыць, у Расеі прысутнасць заходняга капіталу да апошняга часу была большая. Так што тут больш складанасцяў, чым дасягненняў. Трэба капіталаўкладанні, сучасныя тэхналогіі. А яны ў асноўным на Захадзе, а не на Усходзе - не ў Расеі і не ў Кітаі.

- Ёсць і трэці партнёр у саюзе - Казахстан, які плануе ўступіць у СГА да канца года. Як гэта адаб'ецца на беларускай эканоміцы?

- Думаю, у агляднай будучыні для Беларусі нічога не зменіцца. Наогул СГА прадугледжвае паніжаную мытную ахову, а значыць, вялікую канкурэнцыю. Мы з гэтым сутыкнемся, але не адразу: можа праз год ці два. Канкурэнцыя павялічыцца для нас і на расейскім рынку, а затым і на казахстанскім. Што яшчэ больш ускладніць сітуацыю, калі Беларусь не будзе працаваць над якасцю прадукцыі, тэхналагічным удасканаленнем вытворчасці. Праз Расею і Казахстан да нас пойдзе больш прадукцыі з Захаду, не толькі больш якаснай, але магчыма, больш таннай. Таму нам прыйдзецца таксама круціцца і канкураваць. Спажывец ад гэтага павінен толькі выйграць. Чым больш разнастайны выбар, больш танная і якасная прадукцыя, тым лепш нам, спажыўцам. Але беларускія прадпрыемствы могуць проста збанкрутаваць, калі не будуць гатовыя канкураваць.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках