1 траўня 2024, Серада, 13:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пранкер Ваван гатовы ўзначаліць КДБ Беларусі (Відэа)

49

Вядомы пранкер распавёў новыя падрабязнасці аб сваім званку Лукашэнку.

Вядучыя ўкраінскага «Громадского ТВ» звязаліся з ім з дапамогай Skype. У інтэрв'ю, якое было паказана сёння вечарам у жывым эфіры, тэлефонны жартаўнік паведаміў, чаму вырашыў патэлефанаваць у Менск, як, на яго думку, запіс размовы з дыктатарам трапіў у інтэрнэт і ці адкажа Лукашэнка на розыгрыш.

У самым пачатку размовы ён адзначыў, што беларускі дыктатар - не першы палітык у ягонай «калекцыі», пералічыўшы некаторых іншых ахвяр розыгрышаў з Расеі і Украіны. Ваван, які папрасіў называць яго Уладзімірам, падкрэсліў, што хацеў бы пагаварыць з прэм'ер-міністрам сваёй краіны Дзмітрыем Мядзведзевым. «Пагаварыць з Пуціным было б складана, таму што ён не стаў бы размаўляць з сынам Януковіча. Спатрэбілася б зусім іншая легенда», - сказаў ён.

Уладзімір зноў падкрэсліў, што ён не выкладваў запіс размовы з Лукашэнкам у інтэрнэт, таму што планаваў прадоўжыць яго пазней. «Ужо пасля таго, як размова адбылася, я падумаў, што можна яшчэ раз патэлефанаваць праз некалькі дзён і пагаварыць на іншыя тэмы. Я хацеў папрасіць дапамогі ў перавозцы праз мяжу маёмасці, сказаўшы, што ў адным з кантэйнераў будзе Віктар Пшонка. Для мяне было дзіўным убачыць пост Мустафы Наема ў «Фэйсбуку», у якім ён прывёў дэталізацыю нашай размовы», - кажа ён.

Пранкер выключае магчымасць таго, што запіс размовы «злілі» расейскія спецслужбы. Ён пацвердзіў, што аўдыёфайл, выкладзены ў інтэрнэце, уяўляе сабой усю гутарку з дыктатарам «без купюр»: «Відавочна былі нейкія спецслужбы. Можа быць, гэта і ад яго пайшло».

«Паводзіны Лукашэнкі ў гэтай размове досыць красамоўныя. Гледачам нашым абсалютна зразумела яго дваістая пазіцыя - і нашым, і вашым», - заўважыў на гэта вядучы, дадаўшы пазней: «Ёсць чуткі, што Лукашэнка распарадзіўся пусціць вас на корм».

Уладзімір паставіўся да гэтага з гумарам, сказаўшы, што збіраецца прадоўжыць тэлефонныя розыгрышы вядомых людзей, у тым ліку і з Украіны. «Галоўнае, каб на корм не пусцілі рыбам, страусам:, зайчыкам. Зрэшты, калі Лукашэнка адправіць (у адстаўку) кіраўніка КДБ, то я гатовы заняць гэтую пасаду. Але паглядзім, што там яшчэ за пасада», - сказаў ён.

У заключэнне вядучы «Громадского ТВ» адзначыў грамадскую важнасць розыгрышаў, якія ладзіць Уладзімір, адзначыўшы, што яны дапамагаюць «дэсакралізаваць» уладу.

Нагадаем, пранкер Ваван некалькі дзён таму разыграў Лукашэнку. Ён патэлефанаваў дыктатару і, адрэкамендаваўшыся сынам збеглага прэзідэнта Украіны, спытаў, ці можа той пераехаць з Расеі ў Беларусь. Лукашэнка ў адказ запрасіў Віктара Януковіча ў нашую краіну.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках