4 траўня 2024, Субота, 20:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Хуткія грошы да заробку» забароняць?

7
«Хуткія грошы да заробку» забароняць?

Нацбанк збіраецца забараніць мікрафінансавым арганізацыям выдаваць крэдыты фізічным асобам.

Аб'явамі аб пазыках да зарплаты мільгаюць усе слупы і вагоны ў метро. Праўда, хутка такая разнавіднасць крэдытаў можа сысці ў мінулае. Яшчэ некалькі месяцаў таму Нацбанк загаварыў пра тое, каб узяць пад кантроль мікрафінансавыя арганізацыі (да іх належаць і канторы, якія выдаюць хуткія пазыкі). Тады прадстаўнікі галоўнага банка краіны прапаноўвалі ўнесці іх у спецыяльны рэестр, а іх заснавальнікаў абавязаць мець статутны капітал і вышэйшую эканамічную або юрыдычную адукацыю. Аднак нядаўна намеснік старшыні праўлення Нацбанку Сяргей Дубкоў распавёў, што ў законапраект унеслі змены, якія, па сутнасці, закрыюць для звычайных людзей такія канторы. Згодна з дакументам, пазыкі яны змогуць выдаваць толькі для малога і сярэдняга бізнэсу, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

Адсоткі нельга абмежаваць, бо гэта не крэдыты, а пазыкі

Атрымаць пазыку ў такой канторы вельмі лёгка. Не спатрэбіцца ні даведка аб даходах, якая цяпер абавязковая ва ўсіх банках, ні паручыцелі, ні чысценькая крэдытная гісторыя. Праўда, такую рызыку ім даводзіцца ўраўнаважваць па-сапраўднаму высокімі стаўкамі. У некаторых канторах грошы даюць «за ўсё» пад 120% гадавых, а ў некаторых стаўкі даходзяць аж да 730%! Чаму ж на іх не распаўсюджваецца патрабаванне Нацбанку аб тым, што стаўка па крэдыце не павінна быць большай за дзве стаўкі рэфінансавання (цяпер - 43%)?

Справа ў тым, што мікрафінансавыя арганізацыі выдаюць не крэдыты, а пазыкі. А іх рэгулюе Грамадзянскі кодэкс, у якім сказана: кожны чалавек можа даць пазыку каму заўгодна, і якія-небудзь абмежаванні ў гэтым праве будуць незаконнымі. Таму галоўны банк краіны і задумаўся пра тое, каб увесці для такіх кантор асобныя законы.

У крэдытныя канторы ідуць малазабяспечаныя беларусы

Узнікае лагічнае пытанне: навошта людзі ў прынцыпе ідуць у арганізацыі, дзе даводзіцца пераплачваць у некалькі разоў?

- Людзям патрэбныя нейкія нязначныя сумы, каб перакруціць да заработнай платы, а ўзяць гэтыя 500-600 тысяч у банку немагчыма. Мікрафінансавыя арганізацыі задавальняюць гэты попыт, - тлумачыць старшыня праўлення новастворанай асацыяцыі мікрафінансавых арганізацый і ламбардаў Іван Радзюкевіч на круглым стале на тэму рынку мікрафінансавых арганізацый, які прайшоў у сталічным бізнэс-клубе IMAGURU.

Дапусцім, вам да зарэзу патрэбныя гэтыя самыя 500 тысяч, а пазычыць іх няма ў каго. Калі звярнуцца ў мікрафінансавую арганізацыю і ўзяць там патрэбную суму на пяць дзён, то пераплаціць прыйдзецца ў сярэднім 50 тысяч (у большасці кантор у дзень бяруць 2%). Быццам бы такая пазыка і праўда не вельмі моцна б'е па кашальку. Але чым большы будзе тэрмін, тым больш прыйдзецца вяртаць. 10 дзён такой пазыкі будуць каштаваць вам ужо 100 тысяч, а 30 дзён - усе 300 тысяч. Ужо больш за палову тых грошай, якія былі патрэбныя вам першапачаткова!

Аднак, нягледзячы на моцна завышаныя стаўкі, у мікрафінансавых арганізацыях ад кліентаў адбою няма. У асноўным, гэта тыя, каму ў банку, хутчэй за ўсё, адмовяць.

- Я пенсіянер па інваліднасці, - распавядае менчук Андрэй. - Вы ж разумееце, што пенсіянерам і іншым малазабяспечаным слаям насельніцтва вельмі складана знайсці дзесьці дадатковыя сродкі. Калі я адчуваў цяжкасці, я неаднаразова звяртаўся ў банкі, але там мне крэдыт не выдавалі. А ў гэтай арганізацыі дапамаглі грашыма не толькі на лекі, але і на адзенне.

Гэта, дарэчы, адзін з найважнейшых аргументаў прыхільнікаў такіх кантор: маўляў, яны выконваюць сацыяльную функцыю - дапамагаюць з грашыма тым, хто па-іншаму атрымаць іх не можа. А праціўнікі пярэчаць: атрымліваецца, як раз самыя неабароненыя пласты насельніцтва ў першую чаргу трапляюць у залежнасць ад высокіх адсоткаў.

«Цяпер немагчыма палічыць колькасць такіх арганізацый, і гэта няправільна»

Спецыялісты ў галіне мікрафінансавай дзейнасці сцвярджаюць: пазбаўляцца ад такіх кантор не трэба, галоўнае - прыняць правілы гульні. Так, напрыклад, паступілі ў суседняй Расеі, дзе закон аб дзейнасці мікрафінансавых арганізацый з'явіўся ў 2011 годзе.

- У нас цяпер гэты рынак знаходзіцца на пачатковай стадыі свайго развіцця. Прапанова не можа задаволіць такі высокі попыт, адпаведна, там, дзе няма кампаній, якія здольныя з высокай якасцю абслужыць кліента, з'яўляюцца так званыя фірмы-аднадзёнкі, непрафесіяналы. Бо цяпер уваход на рынак вельмі просты: два чалавекі, маючы невялікую суму грошай, могуць адкрыць юрыдычную асобу і пачаць выдаваць пазыкі. Вядома, гэта няправільна, - тлумачыць Іван Радзюкевіч. - Першапачаткова ўказ Лукашэнкі як раз быў накіраваны на тое, каб урэгуляваць гэты рынак і стварыць прывабныя ўмовы для сур'ёзных гульцоў, якія плацілі б падаткі і працавалі ў тым ліку на развіццё эканомікі. Вельмі добрая ідэя - зрабіць статутны фонд. Гэта звузіла б уваход на рынак для непрафесіяналаў, людзей з вуліцы. Цяпер, напрыклад, немагчыма палічыць колькасць мікрафінансавых арганізацый, і гэта няправільна: павінен быць рэестр, магчыма, нават ліцэнзаванне. Цалкам магчыма, у такіх умовах мы бачылі б не пазыкі да зарплаты пад вялікія адсоткі, а нармальную альтэрнатыву банкам з доўгатэрміновымі пазыкамі ў тым ліку. Я лічу, людзям заўсёды трэба даваць альтэрнатыўны выбар. Павінны быць развіты розныя формы мікрафінансавых арганізацый, і хай усё будзе зроблена ў рамках закона.

«Гэты рынак сыдзе ў цень»

- Па-першае, указ, як мяркуецца, не дасць штуршка да развіцця малога і сярэдняга бізнэсу, бо прадпрымальнікі па прыкмеце незвароту з'яўляюцца аднымі з самых ненадзейных пазычальнікаў. Таму мікрафінансавыя арганізацыі проста не будуць іх крэдытаваць, - каментуе Алена Калашнікава, прадстаўніца кампаніі «Хуткія наяўныя». - У большасці мікрафінансавых арганізацый вялікі круг кліентаў, толькі ў нас іх 11 тысяч, таму, хутчэй за ўсё, гэты рынак проста сыдзе ў цень.

«Такія канторы патрэбныя тым, каму не дае крэдыт банк»

- Я не бачу асаблівых праблем у тым, што на рынку крэдытавання ёсць дадатковыя гульцы. У кожнага спектакля ёсць свой глядач, а ў кожнай арганізацыі ёсць свая група кліентаў, - параўноўвае Сяргей Буднікаў, намеснік старшыні праўлення Трастбанку. - Справа ў тым, што кіраванне рызыкамі - гэта святая святых для кожнага банка, паколькі яны павінны забяспечваць стабільнасць нашай грашова-фінансавай сістэмы. І калі банк ацэньвае кліенцкі сегмент, ён у першую чаргу ацэньвае менавіта існуючыя рызыкі. У выніку атрымліваецца, што існуюць тыя, хто абмежаваны ў доступе да банкаўскіх паслуг або наогул пазбаўлены іх па прычыне, напрыклад, нізкага ўзроўню прыбыткаў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках