4 траўня 2024, Субота, 13:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генеральны сакратар NATO: Каля ўкраінскай мяжы застаюцца дзясяткі тысяч вайскоўцаў РФ

3
Генеральны сакратар NATO: Каля ўкраінскай мяжы застаюцца дзясяткі тысяч вайскоўцаў РФ

Расея пачала адвод войскаў ад мяжы з Украінай, але вайсковая прысутнасць усё яшчэ застаецца празмернай.

Аб гэтым заявіў Генеральны сакратар NATO Андэрс Фог Расмусэн.

Пасля заканчэння пасяджэння Рады Расея-NATO Расмусэн заклікаў расейскія ўлады "спыніць плынь зброі і ваеўнікоў ва Украіну, асудзіць узброеных сэпаратыстаў і выкарыстоўваць свой уплыў для вызвалення назіральнікаў АБСЕ, узятых у закладнікі".

Як паведамляе ўласны карэспандэнт УНІАН з Брусэля, такую заяву генеральны сакратар Альянсу зрабіў у панядзелак пасля заканчэння пасяджэння Рады Расея-NATO на ўзроўні амбасадараў. Пасяджэнне было ініцыяванае паслом Расеі ў NATO Аляксандрам Грушко.

"Мы віншуем народ Украіны з правядзеннем свабодных і справядлівых выбараў, якія пераважна адпавядалі міжнародным стандартам. Ён выяўна прагаласаваў за адзіную Украіну. Выбар украінскага народа трэба паважаць, і мы заклікаем Расею да канструктыўнага ўзаемадзеяння з новаабраным прэзідэнтам", - заявіў Расмусэн.

Генеральны сакратар NATO таксама адзначыў супрацоўніцтва з новаабраным прэзідэнтам з боку самога Альянсу. "Украінскі народ зрабіў так, што яго голас быў пачуты. І яго выбар трэба паважаць. Таму мы разлічваем на супрацоўніцтва з новым прэзідэнтам Украіны", - адзначыў Расмусэн.

Паводле ягоных слоў, падчас пасяджэння Рады Расея-NATO адбылося абмеркаванне сітуацыі ў сфэры бяспекі ў і вакол Украіны. "Мы вітаем правядзенне гэтай сустрэчы. Усе хаўруснікі NATO далі зразумець, што мы асуджаем незаконную анэксію Крыму, і хаўруснікі не прызнаюць яе", - нагадаў ён пазіцыю Альянсу.

Генеральны сакратар NATO зноў заклікаў Расею цалкам адвесці свае войскі ад украінскай мяжы з далейшай праверкай міжнароднымі інспектарамі, "спыніць плынь зброі і ваеўнікоў ва Украіну, асудзіць узброеных сэпаратыстаў і выкарыстоўваць свой уплыў для вызвалення назіральнікаў АБСЕ, узятых у закладнікі".

"Каля ўкраінскай мяжы застаюцца дзясяткі тысяч расейскіх вайскоўцаў. Расея пачала адвод войскаў ад мяжы з Украінай, але вайсковая прысутнасць усё яшчэ застаецца празмернай", - заявіў ён.

"Гэта быў няпросты сход, але гэта было патрэбна. Мы ўжо даўно пагадзіліся з тым, што Рада Расея-NATO - гэта форум, які праходзіць пры ўсякім надвор'і. І, шчыра кажучы, клімат на гэты момант нядобры не таму, што NATO гэтага хоча, але праз незаконную агрэсію Расеі супраць Украіны", - дадаў ён.

Акрамя таго, Расмусэн падкрэсліў нязменнасць падтрымкі з боку NATO суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. "Мы не прызнаем і не будзем прызнаваць узброеную анэксію Крыма Расеяй, і мы рашуча выступаем за права Украіны абіраць свой уласны шлях у будучыню. Гэта з'яўляецца асноўным прынцыпам міжнароднага права і Еўраатлантычнай бяспекі. Расея далучылася да гэтага прынцыпу", - падкрэсліў генеральны сакратар NATO.

Нагадаўшы аб шматгадовым партнёрстве з Расеяй, якое грунтуецца на абавязках, Расмусэн канстатаваў, што "свае абяцанні Расея не выконвае". "Расея пагражае сваім суседзям і ўжывае супраць іх гвалт. Яна не паважае тэрытарыяльную цэласнасць і палітычную незалежнасць іншай краіны", - падкрэсліў ён.

У гэтай сувязі генеральны сакратар Альянсу запэўніў, што ўсе мерапрыемствы, якія NATO рэалізуе ў сфэры абароны, з'яўляюцца "памяркоўнымі, прапарцыйнымі, празрыстымі і цалкам сумяшчальнымі з міжнароднымі абавязаннямі". "Яны не нясуць пагрозы для Расеі, і NATO не з'яўляецца пагрозай для Расеі. Мы хочам палепшыць клімат, але для гэтага Расея павінна паказаць, што яна гатовая гуляць паводле тых жа правіл, як і ўсе астатнія", - дадаў Расмусэн.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках