1 траўня 2024, Серада, 6:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Карл Більт: Разумныя людзі пакідаюць Расею

13
Карл Більт: Разумныя людзі пакідаюць Расею

Захады, зробленыя ЕЗ, ужо прынеслі першыя вынікі.

Абранне кіраўніка Еўракамісіі, крызіс даверу да ЕЗ, падзеі ва Украіне - гэтыя ды іншыя тэмы былі закранутыя ў інтэрв'ю, якое даў Die Welt міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт, піша Інапрэса.

"Мяне вельмі моцна турбуе, што праз мяжу з Расеяй [на Украіну] паступае ўсё больш зброі і амуніцыі. Дадайце да гэтага прапаганду з боку расейцаў, агрэсіўнасць якой ідзе з нарастаннем. Усё гэта робіць сітуацыю небяспечнай", - сказаў Більт. На ягоную думку, "план Парашэнкі сапраўды можа стварыць перадумовы да ўстанаўлення міру - пры ўмове, што Крэмль яго падтрымае. Усё залежыць ад таго, ці будзе адноўлены кантроль над расейска-ўкраінскай мяжой. Само сабой, Масква ў стане перакрыць гэтыя памежныя пункты для правозу зброі і праезду баевікоў, але для гэтага трэба, каб Пуцін гэтага захацеў ".

"Факт застаецца фактам: дагэтуль мы не ўвялі ніякіх сапраўдных санкцый, - мяркуе міністр. - Мы ўстанавілі некалькім асобам забарону на ўезд і замарозілі рахункі. Ужо гэтыя два крокі прычынілі істотную шкоду расейскай эканоміцы. Мы ўжо бачым наступствы: адбываецца адток капіталу з Расеі, разумныя людзі пакідаюць гэтую краіну, замежныя інвестыцыі практычна адсутнічаюць. Мы робім стаўку не на непасрэдны, імклівы эфект, а на наступствы ў сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве, якія ўжо цяпер прымушаюць Крэмль панікаваць". Більт заклікае набрацца цярпення: "Ніякіх вынікаў цягам некалькіх дзён не будзе".

"Зусім не факт, што ключавое значэнне маюць санкцыі супраць Расеі, - хутчэй дапамога Украіне, - працягнуў Більт. - Расея дэстабілізуе, мы стабілізуем. Мы падтрымалі выбары на Украіне і цяпер прадаўжаем дапамагаць разам з Міжнародным валютным фондам. Калі ў нас атрымаецца дапамагчы Украіне ў прасоўванні шляхам эканамічных рэформаў і дэмакратыі, гэта ўжо будзе вялікі вынік. Пуцін больш за ўсё на свеце баіцца як раз стабільнай Украіны".

Затым кіраўнік шведскага МЗС пастараўся супакоіць еўрапейцаў, якія, як піша Die Welt, "баяцца зімой змерзнуць, калі Пуцін закруціць вентыль". "Гэтага не адбудзецца, - заявіў міністр. - У Еўропе нікому праз украінскі крызіс мерзнуць не давядзецца. Да таго часу будзе знойдзенае развязанне, бо стораны апошнім часам прыкметна зблізіліся. Так ці інакш, нам у бліжэйшай будучыні трэба на агульнаеўрапейскім узроўні абмеркаваць энэргетычную палітыку, сумневу ў гэтым няма".

Асноўная мэта, якую мае Уладзімір Пуцін, складаецца ў "далейшым умацаванні" ягонага рэжыму, мяркуе Більт: "Не думаю, што ён імкнецца да "перавыдання" Савецкага Саюза. Але ён будзе спрабаваць і далей пашыраць сферу свайго ўплыву".

Аб асноўным кандыдаце на пасаду кіраўніка Еўракамісіі суразмоўца Die Welt адазваўся так: "Я ведаю Жан-Клода Юнкера ўжо даўно. Гэта адораны і спрактыкаваны палітык, у яго вельмі багаты досвед у еўрапейскіх справах".

Выказаўся Більт і пра перспектывы ўступлення скандынаўскіх краін у NATO: "Цяпер у Швецыі ідэю ўступлення ў NATO большасць не падтрымлівае, «за» - толькі блізу траціны насельніцтва. Што б там ні было, Швецыя ніколі не ўвойдзе [у альянс] без Фінляндыі. А фіны ў сілу гістарычнага досведу і геаграфічнай блізкасці да Расеі вельмі далёкія ад таго, каб стаць сябрам NATO".

Таксама ў інтэрв'ю быў закрануты крызіс легітымнасці, які цяпер перажывае Еўразвяз: "Калі ЕЗ будуць разглядаць як усяго толькі поле бітвы за пасады ў Брусэлі, то ў нас праблемы. Калі ж ЕЗ будзе ўспрымацца як буйная супольнасць, якая займаецца пошукам развязанняў у такіх кірунках, як міграцыя, эканоміка і бяспека, праблема легітымнасці сама сабой знікне". Калі Вялікабрытанія выйдзе з ЕЗ, гэта "сур'ёзна аслабіць" структуру, мяркуе Більт, і нават можа азначаць "правал еўрапейскай ідэі". Што да ўздыму крытычна настроенага да Еўразвязу правага папулізму, то палітык заклікаў шукаць адрозненні паміж асобнымі рухамі.

На пытанне, што Еўропа можа супрацьпаставіць такім настроям, ён адказаў: "Усё вельмі проста - Еўропа павінна выдаваць вынік. Нават калі Брусэль робіць нешта добрае, грамадзяне краін-удзельніц ЕЗ часта не ўсведамляюць гэтага. Напрыклад, зручныя адкрытыя межы мы ўспрымаем як нешта, што само сабой разумеецца. Брусэль толькі вінавацяць ва ўзніклых праблемах, але не прызнаюць за ім дасягненняў. Гэта трэба тэрмінова выправіць і пачаць казаць пра Еўропу і яе палітычнае кіраўніцтва па-новаму. Тады, напэўна, і грамадзяне нарэшце адчуюць, якая карысць ад Еўразвязу".

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках