29 красавiка 2024, панядзелак, 17:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чыноўніца са Светлагорску выпісвала «ліпавыя» штрафы і сама іх аплачвала

15
Чыноўніца са Светлагорску выпісвала «ліпавыя» штрафы і сама іх аплачвала

35-гадовая работніца сельскага выканкама рабіла гэта для падвышэння рэйтынгавых паказчыкаў у працы.

Чыноўніца склала дзве пастановы аб адміністрацыйных спагнаннях у выглядзе штрафаў на жыхароў вёскі. Гэта былі пенсіянеркі 1930 і 1938 нараджэння, якія нібыта ўчынілі адміністрацыйныя парушэнні. Выпісаныя штрафы работніца сельскага выканкама аплаціла сама, піша БелаПАН.

Як паведаміла афіцыйная прадстаўніца УСК Гомельскай вобласці, пракуратура Светлагорскага раёна паводле матэрыялаў праверкі АБЭЗ РАУС у канцы траўня распачала крымінальную справу ў дачыненні да кіраўніцы справамі аднаго з сельскіх выканкамаў за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. Справу вядзе Светлагорскі раённы аддзел Следчага камітэта.

Падчас следства высветлілася, што службовая асоба выносіла яшчэ адную пастанову аб прыцягненні да адказнасці пенсіянера, мясцовага жыхара, які таксама нібыта парушыў правілы добраўпарадкавання.

Віну падазроная не адмаўляе, супрацоўнічае са следствам. Мерай стрымання ёй абрана абавязанне аб прыходзе. Пакуль яна далей працуе ў сельскім выканкаме.

Як ужо паведамлялася, у Рагачове супрацоўнік землеўпарадкавальнай службы ў пагоні за паказчыкамі склаў 168 фіктыўных пратаколаў на грамадзян, якія і не ведалі аб дапушчаных «парушэннях». Толькі ў снежні 2013 службовая асоба склала 57 фіктыўных пратаколаў паводле артыкула 23.1 КаАП (невыкананне патрабавання, загаду альбо паведамленне аб выпраўленні парушэння). Прадпісанні ж землекарыстальнікам не накіроўваліся, а пратаколы за «невыкананне прадпісанняў» супрацоўнік землеўпарадкавальнай службы складаў не выходзячы з кабінета. Выпісаныя штрафы работнік аплачваў самастойна. У дачыненні да службовай асобы распачатая крымінальная справа паводле артыкула 424 КК (перавышэнне ўлады).

У 2013 годзе ў Светлагорску намеснік начальніка міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, падвышаючы паказчыкі работы, выпісваў падробленыя адміністрацыйныя пратаколы. Дакументы афармляліся на рэальных людзей, якія таксама не падазравалі, што з'яўляюцца правапарушальнікамі.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках