29 красавiка 2024, панядзелак, 17:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўнік МЗС Украіны: Аўстрыі варта прытрымлівацца правіл ЕЗ

5
Кіраўнік МЗС Украіны: Аўстрыі варта прытрымлівацца правіл ЕЗ

Павел Клімкін заклікаў Аўстрыю прывесці свае адносіны з Расеяй у адпаведнасць з агульнаеўрапейскім курсам.

Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю выданню Die Presse, піша Інапрэса.

"У галіне знешняй палітыкі ЕЗ павінен гаварыць ва ўнісон, гэта важна для ягонай рэпутацыі і даверу да яго. Калі прымаеце Пуціна, трэба гаварыць з ім адкрытым тэкстам, і ў асабістых размовах, і ў публічных... На рашэнне аўстрыйцаў [запрасіць Уладзіміра Пуціна ў Вену] я паўплываць не магу. Як бы там ні было, Расея парушыла ўсе магчымыя палітычныя і міжнародна-прававыя правілы. Жыццё без правіл нясе ў сабе небяспеку для ўсіх", - сказаў міністр.

"Расея павінна спыніць спробы пераправіць ва Украіну зброю і баевікоў, - перакананы Клімкін. - Хто гэта арганізуе, я сказаць не магу. Аўтамат Калашнікава можна купіць на чорным рынку, але вось танк або ракеты "зямля-паветра" нельга. Нам патрэбныя сігналы, што Расея падтрымлівае гэты [прапанаваны прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам] план мірнага ўрэгулявання. Па-ранейшаму дзейнічае дазвол Савета Федэрацыі на ўвод расейскіх войскаў на тэрыторыю Украіны. Гэтае рашэнне павінна быць скасаванае. Калі Расея будзе рухацца ў гэтым кірунку, то ёсць нядрэнныя шанцы". Неўзабаве пасля размовы Die Presse з Клімкіным Уладзімір Пуцін адклікаў з Савета Федэрацыі свой запыт аб праве на ўвядзенне войскаў, гаворыцца ў артыкуле (зрэшты, яшчэ са снежня 2009 года расейскі прэзідэнт мае бестэрміновае права на аператыўнае выкарыстанне ўзброеных сіл за мяжой).

"У нас маса доказаў, што былы прэзідэнт Януковіч падтрымлівае тэрарыстаў, - кажа міністр. - Мы аказваем ціск на расейскі бок, каб гэтыя фінансавыя патокі былі заблакаваныя. Але ў апошнія дні падтрымка вырасла: у Растове дзейнічаюць вярбовачныя пункты, у сепаратыстаў усё больш цяжкага ўзбраення. дээскалацыя выглядае па-іншаму. Я ўчора сказаў еўрапейскім міністрам: у Растове можна проста патэлефанаваць на нумар і запісацца [ў апалчэнне]. Гэтаму трэба пакласці канец, інакш ніякіх шанцаў на дээскалацыю у нас не будзе".

"Нашая прапанова такая: мы арганізуем мясцовыя выбары, датэрмінова, - заявіў ён. - Грамадзяне змогуць выбраць тых, хто будзе іх прадстаўляць. У адпаведнасці з новым праектам канстытуцыі грамадзяне ў будучыні змогуць самі выбіраць сабе губернатараў. Больш паўнамоцтваў будзе і ў муніцыпалітэтаў. Акрамя таго, будзе магчымасць у выпадку неабходнасці ўвесці рускую мову [ў якасці афіцыйнай]. Такі пакет законаў павінен зняць палітычныя пытанні".

"Да гэтага часу Масква спрабавала дэстабілізаваць паўднёва-ўсходнія рэгіёны. Тыя, хто называе сябе сепаратыстамі, затым вылучаюць патрабаванні незалежнасці. Такое здараецца і ў іншых краінах Еўропы. Але што ж робяць тэрарысты на ўсходзе Украіны? Яны знішчаюць стратэгічную інфраструктуру, вадаправоды і лініі электраперадач , эканоміку", - абурыўся Клімкін.

"Ваенныя сродкі мы ўжываем да тых, хто бярэ людзей у закладнікі і забівае іх са зброі, а не да мірных дэманстрантаў, - кажа ён. - У рэгіёне жыве амаль 8 млн. чалавек, а тых, хто прымае актыўны ўдзел у баявых дзеяннях, усяго 10 тыс., прычым многіх з іх прывезлі звонку. Людзі ж не хочуць вайны. Мы гатовыя задаволіць патрабаванні".

У Крыме новыя ўлады Украіны, "зразумела, маглі б актыўна абараняцца", але не сталі гэтага рабіць, "так як гэта каштавала было б жыцця многім людзям", растлумачыў міністр. Ён падкрэсліў, што гэта было самастойнае рашэнне Кіева, прынятае без усякага ціску звонку. Аб палітычных перавагах жыхароў паўвострава палітык сказаў: "Гэта, вядома, глупства, што 96% падтрымалі далучэнне [да Расеі]. Рэферэндум быў фарсам. Але былі і сур'ёзныя апытанні, паводле якіх 41% усё ж такі выступае за далучэнне. Апытанні ў Данецку і Луганску паказваюць, што прыхільнікамі расейскай анэксіі з'яўляюцца ад 18 да 20%, у першую чаргу гэта прадстаўнікі старэйшага пакалення, якія настальгуюць аб Савецкім Саюзе".

"Крым быў і застаецца ўкраінскім, - заявіў Клімкін. - 70% насельніцтва ў Крыме залежыць ад турызму. А 70% усіх турыстаў у Крыме - гэта ўкраінцы. Зараз пляжы апусцелі... Хто цяпер стане інвеставаць у Крым? Інвестар з Аўстрыі? Так не, вядома. Мы неадкладна прымем юрыдычныя меры, і супраць расейскіх інвестараў таксама. У Расеі ніякіх рэальных перспектыў для Крыму няма. Мы даволі хутка пачнем перамовы, у тым ліку і з Расеяй, каб знайсці для Крыму часовае кампраміснае рашэнне.

Падзеі апошніх месяцаў паказалі, што Украіне патрабуецца новая мадэль забеспячэння бяспекі. Зараз нашая бяспека не гарантаваная, гэта тычыцца Крыма і ўсходу краіны. Мы знойдзем мадэль. Што яна будзе з сябе ўяўляць? На гэты конт павінна быць палітычнае рашэнне".

У заключэнне Клімкін сказаў, што "не верыць" у сумесны праект аўстрыйскай кампаніі OMV і "Газпрама" аб будаўніцтве трубаправода "Паўднёвы паток" у абыход Украіны: ён "каштуе амаль 30 мільярдаў. З якой нагоды аддаваць столькі грошай за праект, які не вядзе да дыверсіфікацыі?... Аўстрыя падтрымлівае гэты праект. Але ў мяне ёсць вялікія сумневы, што ён будзе рэалізаваны. Аўстрыя як чалец ЕЗ павінна прытрымлівацца правіл, другога і трэцяга энергетычных пакетаў. Так што размовы пра саступкі "Газпраму" не правамоцныя. А без саступак "Паўднёвы паток" нежыццяздольны".

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках