29 красавiка 2024, панядзелак, 12:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мітрапаліт Філарэт набыў катэдж у пасёлку Чыжа

23

Яшчэ адзін дом БПЦ атрымала ў падарунак.

«Лагажэск» - элітны катэджны пасёлак, які будуе кампанія «Трайпл» Юрыя Чыжа. Спачатку мільянер уклаў грошы ў стварэнне гарналыжнага комплексу «Лагойск», той адкрыўся 10 гадоў таму. А потым Чыж наважыў пабудаваць жылыя дамы каля яго, піша «Наша Нiва».

Спачатку планавалася забудаваць «Лагажэск» тыповымі катэджамі і прадаваць іх, аднак попыт на такія камяніцы быў слабы. Такія збудаванні дагэтуль прадаюцца па $420 тысяч (без унутранага аздаблення).

Бізнэс-мадэль давялося змяніць. «Трайпл» выставіў на продаж проста зямлю. Гаспадары могуць самі замовіць праект, адзінае пажаданне - захаванне аднолькавага архітэктурнага стылю.

Цяпер за пустыя дзялянкі просяць амаль $120 тысяч.

У «Лагажэску» ёсць яшчэ і таўнхаўзы - двухпавярховыя катэджы-кватэры з ізаляваным уваходам і агульнымі бакавымі сценамі. За іх «Трайпл» просіць ад $200 тысяч (без унутранага аздаблення).

Пакуль што ўдалося прадаць блізу паловы надзелаў, астатнія дагэтуль чакаюць пакупнікоў.

Сярод імёнаў гаспадароў «Лагажэску» - гэта пераважна беларускія бізнэсоўцы і топ-мэнэджары - вылучаюцца імёны двух уласнікаў.

Вясной 2012 года «Трайпл» прадаў закансерваванае будаўніцтва грамадзяніну Кірылу Варфаламеевічу Вахрамееву.

Гэта мірскае імя мітрапаліта Філарэта. Яшчэ праз некалькі месяцаў лагойскія чыноўнікі выдзялілі святару надзел пад дом - у пажыццёвае валоданне з правам перадачы ў спадчыну.

Праўда, спадчыннікаў у Філарэта няма: бацькі і старэйшая сястра даўно памерлі, а мець жонку і дзяцей «чорнаму духавенству» забаронена.

Афіцыйна надзел яму далі «для абслугоўвання жылога дома». Але, здаецца, будуецца іншы аб'ект - глядзіце фота.

Фактычна, гэта прыватны малітоўны дом, бо як храм будынак не рэгістраваўся.

Будаўнічыя працы ў катэджы-царкве доўжацца дагэтуль.

У канцы 2013 года Філарэт пайшоў на пенсію, яму ўжо 79 гадоў. Неўзабаве ў Менск з Расеі прыехаў новы мітрапаліт, Павел (Георгій Панамароў).

А ўжо ў лютым 2014 новага гаспадара знайшоў яшчэ адзін дом у «Лагажэску», як раз на ўзгорку праз дарогу ад збудавання Філарэта.

Праект дома, які быў падораны БПЦ:

1 паверх. 1.Тамбур (4 м2). 2. Гардэроб (4 м2). 3. Гардэроб для вопраткі (15м2). 4. Гараж (41 м2). 5. Гасцёўня (35 м2). 6. Сталоўка (28 м2). 7. Кабінет (23 м2). 8. Кацельня (8 м2). 9. Прылазнік (3 м2). 10. Саўна (5 м2). 11. Дапаможнае памяшканне (2 м2). 12. Прыбіральня (4 м2). 13. Калідор (6 м2). 14. Тэраса (39 м2).

2 паверх. 1. Хол (34 м2). 2. Спальня (22 м2). 3. Спальня (20 м2). 4. Гардэробная (12 м2). 5. Ванны пакой (12 м2). 6. Тамбур (4 м2). 7. Ванны пакой (12 м2). 8. Гардэробная (14 м2). 9. Спальня (12 м2). 10. Гульнявая (15 м2). 11. Спальня (12 м2). 12. Гаўбец (3 м2). 13. Лоджыя (6 м2). 14. Гаўбец (2 м2). 15. Гаўбец (5 м2).

Паводле дакументаў, старшыня Менскай абласной натарыяльнай акругі Наташа (так у афіцыйнай паперы) Папіна аформіла зямлю і катэдж на сябе як падарунак Беларускай праваслаўнай царквы. Хто зрабіў такі шчодры прэзент - 17 сотак элітнай зямлі і двухпавярховы дом плошчай больш за 300 м2, якія прадаюцца за $400 тысяч? У дакументах нацыянальнага кадастравага агенцтва такой інфармацыі няма. Хутчэй за ўсё, гэта непасрэдна «Трайпл», якому належаць і ўсе астатнія нераспрададзеныя надзелы. Каардынатар праекту «Лагажэск» Павал Пратасоўскі не стаў каментаваць сітуацыю, патлумачыўшы, што кампанія не называе імёны сваіх кліентаў.

У адрозненне ад Філарэта, новая гаспадыня не стала ўсталёўваць на даху праваслаўныя «цыбуліны». Выглядае на тое, што яна збіраецца выкарыстоўваць элітны дом паводле прызначэння - жыць у ім. Аздабленчыя працы ў катэджы ўжо заканчваюцца.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках