29 красавiка 2024, панядзелак, 11:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пераможцы AD.NAK! створаць настольную гульню для дзяцей па-беларуску

2

Услед за ўжо набраўшай папулярнасць настольнай гульнёй «Разам!» яе стваральнікі хочуць стварыць аналаг для дзяцей.

Маладая беларуская сямейная пара Павал і Вольга Берасневы распавялі сайту charter97.org падрабязнасці стварэння гульні і падзяліліся сваімі творчымі планамі.

- Як прыйшла менавіта такая задумка? Памятаеце дзень, калі ідэя стварэння гэтай гульні прыйшла вам у галаву?

Вольга Бераснева: «У настольныя гульні мы раней не гулялі, але неяк схадзілі ў госці да сяброў, дзе згулялі ў адну настольную гульню - і нам гэта спадабалася! Але, на жаль, усе настольныя гульні, якія прадаюцца ў краіне (акрамя - «Паўстанцаў»), на расейскай мове. Вось я і падумала, чаму б і не зрабіць самім гульню па-беларуску».

Спачатку мы думалі зрабіць гульню ў адзіным экзэмпляры - каб збірацца разам з сябрамі і гуляць у яе самім. Але як раз я запісалася на «Школу Арт-мэнэджараў», якую праводзіла «Арт-сядзіба», і там трэба было прыдумаць і прапанаваць свой праект у сферы культуры. Мая ідэя ўсім спадабалася, і нам дапамаглі рэалізаваць гэты праект.

Павел Бераснеў: «Па сутнасці, калі б не такі штуршок ад« Арт-сядзібы», то настольная гульня яшчэ доўга была б у нас у планах, і зрабілі б мы яе не хутка. Бо заўсёды так: хочацца зрабіць шмат усяго цікавага, але заўсёды з'яўляюцца неадкладныя бягучыя справы, якія забіраюць увесь час і адсоўваюць рэалізацыю добрых задумак. А так з'явіўся стымул рабіць настолку «Разам!» прама цяпер».

- Колькі часу прайшло ад ідэі да рэалізацыі? Ці былі нейкія прамежкавыя варыянты, ці тэставалі вы гульню на сябрах, перш чым яна выйшла?

Павел Бераснеў: «На стварэнне гульні сышло амаль два месяцы. Спачатку складалі спіс слоў, падбіралі самых вядомых беларускіх дзеячаў, потым Оля малявала поле і вокладкі картак. У прынцыпе, усё можна было б зрабіць нашмат хутчэй, але калі нешта робіш упершыню, то вельмі шмат часу сыходзіць на развязанне пытанняў арганізацыйнага плана: трэба знайсці добрую друкарню, упакоўку, пясочныя гадзіннікі і кубікі для гульні».

Вольга Бераснева: «Спачатку мы надрукавалі тэставы варыянт гульні на звычайным чорна-белым прынтэры і паклікалі сяброў у яе пагуляць. І былі ў шоку - людзям, якія ў прынцыпе ведаюць беларускую мову, але ў жыцці яе не выкарыстоўваюць, было вельмі складана гуляць! Таму нам давялося падзяліць усе карткі са словамі і знакамітымі беларусамі на дзве групы - простыя і складаныя. Тады гульнявы працэс пайшоў: калі ты дрэнна ведаеш беларускую мову, то гуляеш толькі простымі калодамі са словамі тыпу «аўторак», «БАТЭ», «радыяцыя», «дэвальвацыя», «офіс», а калі добра ведаеш - тады можна да простых слоў дадаваць і складаныя («пакрысе», «Пралеска», «імпэт», «скронь», «мянтуз» і г.д.)».

- Якія ў вас далейшыя планы? Можа, у вас ёсць нейкія «чарнавікі» нерэалізаваных пакуль ідэй? Ці плануеце вы стварэнне хатніх клубаў або правядзенне турніраў па «Разам»?

Павел Бераснеў: «На сёння першы тыраж ужо разышоўся. Далей будзем друкаваць яшчэ адзін тыраж «Разам!» - усё-такі ў грамадстве попыт на нашу настолку ёсць. Мы, калі шчыра, нават не чакалі, што першы наклад скончыцца так хутка.

Ну і вядома, ёсць ужо задумкі для іншых настольным гульняў. З аднаго боку, можна рабіць лакалізацыю ўжо існуючых гульняў, але з іншага боку, хочацца прыдумляць нешта сваё, арыгінальнае і адразу на беларускай мове. Напрыклад, многія кажуць, што не хапае добрай настольнай гульні на беларускай мове для дзяцей рознага ўзросту - каб у гульнявым працэсе дзіця магло вучыць беларускія словы. Так што ёсць куды расці і што яшчэ прыдумляць!»

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках