2 траўня 2024, Чацвер, 19:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паводка ў Курасоўшчыне загнала менчукоў на паддашкі

4

Для жыхароў прыватнага сектара ў Курасоўшчыне лівень стаў сапраўдным стыхійным бедствам.

Мясцовыя чыноўнікі разводзяць рукамі: «Вы што, не бачылі, дзе будаваліся? Прадайце дом - купіце кватэру». Амаль у цэнтры Менска «Салiдарнасць» наведала ўдзельнікаў «фільма-катастрофы» ў рэальнасці.

Наймацнейшы лівень, які прайшоў у мінулую нядзелю, прынёс менчукам не толькі адчуванне свежасці, але і немалыя праблемы. Гараджан, якія ўжо парадкам звыкліся з падтопленай Нямігай, цяжка здзівіць вялікай колькасцю вады на вуліцах. Але для жыхароў прыватнага сектара ў Курасоўшчыне лівень стаў сапраўдным стыхійным бедствам.

Раён вуліцы Фаміна, размешчаны паміж двума вадасховішчамі, затапіла, нібы ў фільме-катастрофе. За лічаныя хвіліны.

- Вада з люка ў калектары біла на метр у вышыню, - распавяла мясцовая жыхарка Святлана Аляксандраўна. - Мы нічога не паспелі вынесці з дома, толькі выключылі электрычнасць. Спаць прыйшлося на паддашку, таму што ў доме вада стаяла на метр у вышыню, і мы баяліся, што ўдарыць токам.

Вынік патопу для сям'і Святланы Аляксееўны жаласны. Уся бытавая тэхніка, халадзільнік і пральная машына апынуліся залітымі вадой.

- Новую машыну, «Крайслер», заліло вадой па бардачок. А нам яшчэ крэдыт за яе выплачваць, - наракае жанчына. - Я праз чатыры дні збіралася ў адпачынак. Думалі ў гэты час рабіць касметычны рамонт, ляпіць шпалеры... Куды цяпер!? Добра, калі да канца лета ўсё прасохне.

Жыхароў вуліцы Фаміна і прылеглых завулкаў топіць падчас дажджоў пастаянна. Водаадводны калектар выведзены проста ў невялікую рэчку Лошыцу, якая злучае два вадасховішчы. Па словах мясцовых, калі з вадасховішча ў Курасоўшчыне зліваюць ваду, рэчка забіваецца глеем і не спраўляецца з адводам вады.

- Мы тысячу разоў, напэўна, прасілі пачысціць рэчку. Там жа дна няма! Але ў адміністрацыі Кастрычніцкага раёна нам пастаянна адказваюць, што на гэта няма сродкаў. А калі мы пытаемся, хто нам пакрые сапсаваную маёмасць і залітыя агароды, адказваюць: ад стыхійных бедстваў ніхто не застрахаваны, - наперабой расказваюць жыхары раёна.

У Тамары Васілеўскай у суседнім завулку Зубачова затапіла падвал і ацяпляльны кацёл.

- За раніцу я вычарпала больш за сто вёдраў вады. Я пенсіянерка, дапамагчы мне няма каму. Няўжо ў ЖКГ думаюць, што нам так проста жывецца тут? - наракае пенсіянерка. - А пра тое, каб прыехаць і адпампаваць ваду, наогул няма размовы. Нікому мы не патрэбныя!

Жанчыну падтрымлівае суседка, якая жыве праз вуліцу.

- У мяне затапіла два падвалы ў гаспадарчай пабудове, заліло ўвесь агарод. Я толькі сядзела і малілася, каб вада не дайшла да хаты, - распавядае Рэгіна Аляксандраўна. - Адзіны адказ, які нам кожны раз у падобных выпадках даюць: «Вы што, не бачылі, дзе будаваліся? Прадайце дом - купіце кватэру».

Мясцовыя жыхары кажуць, што стаміліся патрабаваць дапамогі ад уладаў.

- Я тут жыву 24 гады, за гэты час напісала стос лістоў. Але з нас толькі смяюцца, - кажа Святлана Аляксееўна. - Нядаўна падчас чарговай паводкі агарод затапіла мазутам. Рабочыя ЖЭСа, якія прыехалі паглядзець, жартавалі, што ў мяне на іх мазуце вырас добры ўраджай цыбулі.

Цяпер жыхары раёна рамантуюць паваленыя платы, чысцяць сцёкавыя канавы і аднаўляюць масткі на агароды, якія вадой панесла ў раку.

Вось так у самым цэнтры Менска ўжо больш за дваццаць гадоў людзі жывуць, нібы ля берага акіяна, пастаянна чакаючы вялікай вады, якая можа прыйсці з любым дажджом.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках