29 красавiка 2024, панядзелак, 5:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літоўцы праігнаравалі рэферэндум аб продажы зямлі замежнікам

6
Літоўцы праігнаравалі рэферэндум аб продажы зямлі замежнікам

Рэферэндум аб продажы зямлі замежнікам у нядзелю не адбыўся, бо на выбарчыя ўчасткі ў Літве прыйшлі ўсяго 15% выбарцаў.

За папраўкі да Канстытуцыі галасавалі 268 920 грамадзян Літвы - менш, чым падпісаліся за абвяшчэнне рэферэндуму, піша ru.delfi.lt.

«На рэферэндуме сказалі «так» менш выбарцаў, чым грамадзян, якія патрабавалі арганізаваць рэферэндум», - у нядзелю ўвечары на прэс-канферэнцыі сказаў кіраўнік Галоўнай выбарчай камісіі Зянонас Вайгаўскас.

У рэферэндуме удзельнічала 14,97% выбарцаў. Адобрылі прапанаваныя папраўкі 70,78% з іх, паказалі звесткі ГВК пасля падліку галасоў. Для таго, каб рэферэндум адбыўся, галасаваць павінна была палова ўсіх выбарцаў.

У папраўках да Канстытуцыі прапаноўвалася забараніць прадаваць зямлю замежнікам і юрыдычным асобам, а таксама прадугледзець, каб у будучыні для абвяшчэння рэфэрэндуму было дастаткова 100 000 подпісаў. Арганізатары рэферэндуму імкнуліся да захавання тэрытарыяльнай цэласнасці Літвы і фінансавай бяспекі фермераў.

Крытыкі рэферэндуму сцвярджалі, што забарона прадаваць зямлю замежнікам парушыць абавязанні Літвы і выкліча пагрозу сяброўства краіны ў Еўрапейскім Звязе, а таксама абмяжуе правы ўласнікаў зямлі.

Арганізатары вінавацілі Сэйм, які абраў нязручны час для рэферэндуму, бо яны бачылі прычыну ігнаравання рэферэндуму ў тым, што летам людзі ў адпачынках, або праводзяць выходныя не дома.

«Да чаго ўлады імкнуліся, таго і дамагліся – рэферэндум разглядаецца як не праведзены, бо сярэдзіна лета - не самы спрыяльны для яго час», - сказаў у нядзелю ўвечары BNS каардынатар ініцыятыўнай групы рэферэндуму Юлюс Панка.

Палітычныя экспэрты згодныя, што час адпачынкаў знізіў актыўнасць выбарцаў, але адзначылі, што большая частка грамадзян свядома байкатавала рэферэндум.

«Думаю, што шмат было такіх, хто ўважаў за грамадзянскі абавязак не ўдзельнічаць у гэтым рэферэндуме праз тое, што зададзеныя пытанні ў ім фармулююцца няправільна, і праз гэта дыскусія здалася ім неканструктыўнай», - сказаў дырэктар Інстытута міжнародных стасункаў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта Рамунас Вільпішаўскас.

«Гэты рэферэндум - вельмі добрая прышчэпка літоўскай грамадскасці. Ад таго, каб азірацца назад», - напісаў у сацсетцы Twitter чалец Сэйма, ліберал Рэмігіюс Шымашус.

Найбольш актыўна ў рэферэндуме ўдзельнічалі жыхары Ігналінскага раёна - сваю волю тут выказалі 23,78% выбарцаў. Самы нізкі прыход была ў Вісагінасе - 8,29%.

У буйных гарадах актыўнасць была ніжэйшай за сярэднюю - у Вільні 11,44%, у Коўне - 13,77%, у Клайпедзе - 12,32% выбарцаў.

Урад выдзеліў на арганізацыю рэферэндуму 13,5 млн літаў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках